Вы тут

Што знаходзяць ратаўнікі ў падвалах?


Карэспандэнты «Звязды» адправіліся разам з ратавальнікамі ў рэйд па падвалах і гарышчах шматпавярховак.

Не так ярка падрыхтоўка да халадоў праяўляецца ў абследаванні ратавальнікамі гарышчаў і падвалаў шматкватэрных жылых дамоў. Калі ў падвале праектам дома прадугледжаны кладоўкі, то ўвага да яго ўзрастае шматразова. Жыхары могуць ператварыць тэхнічны паверх у сметнік. Куды больш зацішныя гарышчы прыцягваюць да сябе людзей без пэўнага месца жыхарства. «Саграюцца» яны пад такім бясплатным дахам часцей за ўсё з дапамогай спіртнога. Ну, а тут да бяды ўсяго адзін крок. Сёлета ў Мінску падвалы гарэлі 19 разоў. «Чэмпіёнам» па ўзгараннях у цёмных сутарэннях стаў Цэнтральны раён сталіцы. Тушыць полымя сюды выязджалі 4 разы. Менавіта гэты раён стаў тэрыторыяй для рэйду супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Далучыліся да іх і карэспандэнты «Звязды».


Патаемная ляжанка на гарышчы

Першай кропкай рэйду стаў дзевяціпавярховы дом на вуліцы Карастаянавай. Пляцоўку перад уваходам у машыннае аддзяленне ліфта нехта прыстасаваў у якасці ложка. Ацяпляльны сезон не пачаўся, аднак праблему сагравання невядомы пастаялец для сябе вырашыў: побач стаяць дзве бутэлькі з-пад спіртнога. Тут жа ляжаць і пакункі з-пад цыгарэт і нейкая сумка. Забрацца сюды складана: вялізныя прагалы паміж вузенькімі металічнымі прыступкамі даверу не ўнушаюць. Аднак месца невядомы валацуга выбраў зручнае: з дзявятага паверха і не заўважыш, хто там знаходзіцца.

— Жыхары часта пускаюць у пад'езд каго заўгодна. Але пра магчымыя наступствы яны думаюць не заўсёды, — кажа інспектар Цэнтра прапаганды і сацыякультурнай дзейнасці Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Аляксандр Папко.

Валацугі са слясарнай падрыхтоўкай

Ідзём у іншы дом. Ён таксама будаваўся ў савецкія часы, але кардынальна адрозніваецца ад таго, у якім мы пабывалі раней. У падвале для кожнай кватэры прадугледжана кладоўка. Ды і схема сутарэнняў нагадвае хутчэй катакомбы — лабірынт праходаў, здаецца, цягнецца пад усім домам.

Трапіць у бязлюдны падвал можна з першага паверха. У яго гасцінна запрашаюць расчыненыя дзверы, якія, праўда, павінны быць закрыты на замок хоць бы для таго, каб туды не залезлі дзеці. Але таго жыхара, хто спускаўся ў падвал апошнім, гэтая акалічнасць не хвалюе.

А ў самім падвале — склад разнастайных рэчаў. Ляжаць чыесьці старыя гумавыя боты, скруткі дываноў, згружаныя старыя дошкі. У адным з праходаў бачна кніга. Тут жа ляжаць пачкі з-пад цыгарэт, упакоўкі з-пад чыпсаў. Хтосьці «культурна» бавіў тут свой вольны час. Наш праважаты Аляксандр Папко падносіць руку да зачыненых дзвярэй. Адтуль прыкметна вее цяплом.

— Мабыць, гэта цеплавузел. Але ў любым выпадку трэба будзе даведацца, што там знаходзіцца. Таму што нашы людзі на выдумку хітрыя. Аднойчы мы абследавалі нежылыя будынкі. На 1-м паверсе, як і належыць, праёмы вокнаў былі забіты дошкамі і закладзены рашоткамі. Аднак калі мы патрапілі ў дом, то аказалася, што адну з кватэр прыстасавалі для сябе нейкія людзі. Прычым нехта з іх ведаў слясарную справу. Трэба было прасунуць руку ў пэўнае месца, націснуць на сакрэтны рычаг — і рашотка спакойна адчынялася.

Бутэлька з-пад машыннага масла на гары кардону

Падыходзім да пад'езда хрушчоўкі. Для таго каб трапіць у падвал, нават неабавязкова заходзіць у пад'езд: двое дзвярэй знаходзяцца побач. Таргануў за ручку — дзверы падаліся. Значыць, нехта з жыльцоў пакінуў замок незачыненым.

А ў падвале пануе «царства нігілізму». Як у насмешку, надпіс «Смецце не выкідваць» непадалёк ад уваходу напалову застаўлены старымі аконнымі рамамі, масіўнымі дошкамі і шклом. Знізу іх падпіраюць пустыя трохлітровыя слоікі. За вуглом на падстаўцы стаіць савецкі каляровы тэлевізар.

— А цяпер уявіце, што тут можа адбыцца пры пажары, — заўважае Аляксандр Папко. Шляхі эвакуацыі будуць вокамгненна заблакаваны. А гарэць тут ёсць чаму. Вось, напрыклад, на гары кардонных упаковак стаяць бутэлькі з-пад машыннага масла. Адна выпадковая іскра — і гэты падвал ператворыцца ў сапраўдную газавую камеру. Таму мы патрабуем, каб шляхі эвакуацыі былі вольныя. Але ж у нас думаюць як? Маўляў, мы праз тыдзень прыбяром, і ніхто не заўважыць. А колькі было выпадкаў, калі такое буйнагабарытнае смецце выстаўлялі на лесвічную пляцоўку...

Пры выхадзе з цёмных сутарэнняў сустракаем бабулю. Пытаемся: ці часта так бывае, што дзверы ў падвал кідаюць на волю лёсу?

— А што, сёння зноў не закрылі? Я дык правяраю, калі выходжу на вуліцу. На жаль, такія жыхары ў нас: сышоў і пакінуў дзверы як ёсць. Колькі разоў казала ім — зачыняйце, у падвал жа можа зайсці хто заўгодна. Але не даходзіць...

«Рамантыка» ў цэнтры Мінска

Апошнім пунктам у рэйдзе значыцца дом-прыгажун на рагу двух праспектаў — Машэрава і Незалежнасці. Заходзім у адзін з яго пад'ездаў. Паднімаемся на апошні паверх і бачым: замок на дзвярах, якія павінны перагароджваць лесвічны марш на гарышча, вісіць проста «дзеля галачкі». А гэта значыць, што туды можа трапіць хто заўгодна. Праз невысокі дзвярны праём заходзім на гарышча. У глухім гуку храбусцення бітай цэглы пад нагамі раптоўна гучыць звонкая актава шкла. Пасля адаптацыі зроку да паўцемры позірк упіраецца ў чыесьці шкарпэткі, бутэльку з-пад спіртнога і пару ўпаковак з-пад чыпсаў. Пэўна, пасядзелкі тут «рамантычныя» — дзірка ў даху такая вялікая, што можна спакойна вылезці вонкі і паглядзець на панараму горада з вышыні шостага паверха дома «сталінскай» пабудовы.

— Бачыце, вунь там ляжыць пусты цыгарэтны пачак? — паказвае Аляксандр Папко. — А цяпер звярніце ўвагу: кроквы, на якіх трымаецца дах і якія ідуць па нахіленай, зроблены з бярвення. У такіх дамах уваход на гарышча мусіць быць, як кажуць, за сямю замкамі. А мы з вамі трапілі сюды без перашкод...

Кантраляваць стан тэхнічных паверхаў дамоў мусяць абслугоўваючыя арганізацыі. Таму па выніках праверкі ўся неабходная інфармацыя будзе ім даведзена. Але ж ці не прасцей ім паклапаціцца загадзя аб тым, каб гарышчы не ператвараліся ў ляжанкі і месца для пасядзелак, а падвалы ў сметнікі?

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧ

Загаловак у газеце: «Сюрпрызы» тэхнічных паверхаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».