Вы тут

Футбольная зборная няўдала правяла адборачныя матчы ЧС-2018


Пасля нулявой нічыёй з французамі, якая пасяліла ў беларускіх заўзятараў вялікую долю аптымізму, нашы футбалісты моцна саступілі зборнай Нідэрландаў на выездзе 1:4, а затым дома сустрэліся са зборнай Люксембурга, якую, вядома, павінны былі абгульваць.


Халодным вечарам у панядзелак на «Барысаў-Арэне» сабраліся больш за 10 тысяч заўзятараў, і трэнеры і гульцы перад матчам сцвярджалі, што ніхто не мае намеру губляць ачкі ў гульні з Люксембургам. Падапечныя Аляксандра Хацкевіча нядрэнна пачалі паядынак і на працягу ўсёй гульні стваралі каля варот гасцей шмат небяспечных момантаў, аднак ніяк не маглі завяршыць іх вынікова. Адзіны гол беларусаў забіў Павел Савіцкі, які выйшаў на замену ў другім тайме. Аднак наша радасць была нядоўгай — праз пяць хвілін госці адказалі выніковым ударам са штрафнога, мяч на рахунку Арэльяна Ёахіма — 1:1. Такім чынам, адзіны ўдар па варотах беларусаў прынёс Люксембургу нічыю.

— Рабілі стаўку на актыўны пачатак. У першыя 15 хвілін стварылі тры добрыя моманты. Аднак падвялі майстэрства і клас. Пасля выдалення гульца саперніка ў нашых футбалістаў было шмат браку, мы збіліся на індывідуальныя дзеянні. У канцоўцы не хапіла канцэнтрацыі. Мы не мелі права губляць два ачкі, апраўданняў ніякіх не можа быць. Дзе не хапае класа, трэба браць характарам. Зараз галоўнае не здавацца і ісці да канца, — адзначыў галоўны трэнер зборнай Аляксандр Хацкевіч.

Аляксандр Глеб:

— Пачалі нядрэнна, прэсінгавалі, моманты стваралі... Але класа не хапае для рэалізацыі ўласных момантаў. Сапернік пасля выдалення глыбока сеў у абарону. Самі вінаватыя. Магчыма, не пашанцавала, але паўтаруся: класа не хапае. Я вельмі засмучаны, хацелі парадаваць сваіх заўзятараў. Ачко з Люксембургам — гэта жахліва.

Максім Валадзько:

— Напэўна, можна сказаць, што гэта катастрофа, таму што страцілі вельмі важныя ачкі. Павінны былі абгульваць Люксембург, каб захоўваць шанцы на выхад. Далей будзе вельмі цяжка.

Мікалай Сігневіч:

— Гэта дрэнны вынік. Хачу папрасіць прабачэння за сваю гульню перад заўзятарамі, футбалістамі, трэнерскім штабам. Вельмі цяжка. Расслабленыя былі ці што... Не ведаю. У мяне, напэўна, атрымалася найгоршая гульня за ўсё жыццё. Наогул нічога не ўдавалася.

У іншых матчах групы А футбалісты Нідэрландаў у Амстэрдаме саступілі Францыі 0:1. У Стакгольме зборная Швецыі разграміла балгараў — 3:0.

У наступным туры 11 лістапада зборная Беларусі згуляе ў гасцях у каманды Балгарыі, французы прымуць Люксембург, шведы на сваім полі сустрэнуцца з Нідэрландамі.

Турнірнае становішча пасля трох тураў: Францыя — 7 ачкоў, Швецыя — 7, Нідэрланды — 4, Балгарыя — 3, Беларусь — 2, Люксембург — 1.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Люксы» падрэзалі крылы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».