Вы тут

Фатографы прадставілі праект пра энергічных і шчаслівых пажылых людзей


На фотаздымку, які вы бачыце, — жыццярадасныя 80-гадовы Андрэй Паўлавіч і 77-гадовая Маргарыта Цімафееўна катаюцца на самакатах каля футбольнага стадыёна «Барысаў-Арэна». Такі незвычайны рэцэпт даўгалецця прапанавалі фатографы Яўген Канаплёў і яго жонка Юлія Лэйдзік.


Маладая творчая сям'я, якая працуе ў дуэце, прадставіла на міжнародны фотаконкурс «Golden Belarus» праект пра энергічных і шчаслівых пажылых людзей. На здымках мадэлі не толькі катаюцца на самакатах, але і займаюцца скалалажаннем, ездзяць на культавым аўтамабілі Buіck Rіvіera і проста радуюцца жыццю. Па правілах конкурсу перамагчы павінен быў толькі адзін фотаздымак, і ім стаў кадр, дзе героі катаюцца на самакатах.

«Нашы бабулі і дзядулі ўжо не сядзяць на лавачках, яны сядзяць у інтэрнэце. У іх ёсць свае акаўнты ў сацыяльных сетках, ёсць жаданне падарожнічаць, стыльна апранацца... Андрэй Паўлавіч і Маргарыта Цімафееўна за час здымак сталі для нас прыкладам. Прыкладам таго, што сядзець на месцы нельга! Трэба рухацца, пражываць кожны дзень так, як быццам ён апошні. І галоўнае — не баяцца быць сабой», — растлумачылі фатографы выбар вобраза. За першае месца Яўген і Юлія атрымалі грант на навучанне ў лонданскай школе Central Saіnt Martіns і $2000.

У фотаконкурсе прынялі ўдзел больш за 200 фатографаў з розных краін свету, паведамілі ў Альфа-Банку, які выступіў арганізатарам маштабнага арт-праекта. Удзельнікі прадставілі сотні работ, якія ўтрымліваюць нечаканую інтэрпрэтацыю сучаснай Беларусі. Большасць з іх адлюстроўваюць ідэю мабільнага ладу жыцця.

Надзея ДРЫЛА

nadzіeja@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Быць сабой... на самакатах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?