Вы тут

Героі і баязліўцы


Некалькі дзён таму ў стужцы навін звярнула на сябе ўвагу інфармацыя пра маскоўскага дызайнера Арцемія Лебедзева, якога аштрафаваў Мяшчанскі суд Масквы. У суд звярнуўся ветэран вайны, двойчы Герой Савецкага Саюза, які палічыў абразлівым запіс адказчыка ў сваім блогу «горад-баязлівец Брэст».


Пост называецца «Горад-баязлівец». Яго аўтар, паводле асабістага пераканання, адкрывае Амерыку, калі паведамляе, што статус героя мае Брэсцкая крэпасць, а вось насельніцтва горада, у яго інтэрпрэтацыі, паспяшалася «ў поўным складзе» пакінуць занятую нямецкімі войскамі тэрыторыю. Аддаю належнае ведам і эрудыцыі дызайнера. Некалькі гадоў таму падчас адной сустрэчы аўтару гэтых радкоў даводзілася папраўляць маскоўскіх калег, якія памылкова называлі Брэст горадам-героем. А тут такая гістарычная дасведчанасць! Сапраўды, Брэст нямецкія войскі занялі фактычна за два дні, супраціўленне аказвалі пагранічныя заставы, невялікая ахова вакзала ды гарадскі ваенкамат... да апошняга патрона. А колькі там тых патронаў было ў параўнанні з рэгулярнымі армейскімі падраздзяленнямі? Крэпасць абаранялася доўга, пра гэта ведаюць усе.

А вось з насельніцтвам, якое пакінула горад у поўным складзе, у блогера выйшла прамашка. Шкада, што не напісаў куды выехалі: у Волагду, Ташкент, Самарканд ці, наогул, адплылі ў Турцыю. Каб так сталася, то і нядрэнна, колькі б тысяч людзей засталося жывымі! А так пакінуць горад паспелі партыйныя работнікі, спецыялісты, у асноўным з тых, хто прыехаў сюды ў 1939 годзе. Іх мясцовае насельніцтва называла «восточниками», бо прыехалі з усходу. Але ўдалося з'ехаць далёка не ўсім, ды пра гэта крышачку пазней.

Жыхары горада засталіся з сем'ямі, малымі дзецьмі. Ім трэба было неяк выжываць. Мне пашчасціла быць знаёмай з сям'ёй брэсцкіх інтэлігентаў Яраслава і Раісы Шырнюкоў. Яраслаў Захаравіч расказваў, як яны перажылі гады акупацыі. Вайну ён і жонка сустрэлі маладымі спецыялістамі. Яраслаў Захаравіч у 30-я гады скончыў «школу тэхнічну», па-нашаму — аўтадарожны тэхнікум, па спецыяльнасці будаўніцтва дарог і мастоў. Раіса Андрэеўна ў Варшаве атрымала дыплом урача-стаматолага. З першых дзён акупацыі яна абучыла мужа навыкам зубнога тэхніка, разам яны працавалі ў стаматалагічным кабінеце. Так зараблялі на кавалак хлеба, так змаглі перажыць цяжкі перыяд. Дык што, такіх, як яны — называць баязліўцамі?

Альбо варта лічыць такімі 20 тысяч вязняў брэсцкага гета, што былі вывезены на знакамітую Бронную гару і расстраляны там?

Гэта, па сучасных мерках, цэлы райцэнтр людзей, якія, паводле меркавання спадара Лебедзева, пакінулі акупіраваную тэрыторыю. Не, яны не пакінулі, іх спачатку загналі ў гета, а потым, у лістападзе, калі стаялі першыя маразы, павезлі да Броннай гары. Там людзей распраналі дагала, каб забраць усялякія каштоўнасці, і ўжо голымі гналі амаль кіламетр да ямы. Потым адзін паліцай на судзе расказваў, як малы хлопчык, ледзянеючы ад холаду, крычаў: «Мама, хутчэй бы ўжо куля, а то няма сілы трываць!» Ну што ты будзеш рабіць: баязлівец.

Такой жа была і падпольшчыца Галіна Аржанава, калі прасіла яду ў сваіх таварышаў. Маладая дзяўчына, зямлячка Арцемія Лебедзева, яна прыехала ў Брэст пасля заканчэння Маскоўскай фармацэўтычнай школы. Працавала ў аптэцы. З пачаткам акупацыі стала падпольшчыцай. Ну якая падрыхтоўка, якія навыкі канспірацыі ў звычайнай дзяўчыны? Схапілі яе, катавалі так, што многім героям і смельчакам не снілася. Знявечылі да непазнавальнасці, а дабіцца нічога не змаглі. У турме прыбірала цыганка Люба, яна і расказвала потым, і запіскі перадавала ад Галі. Дык вось Галіна ў адной з запісак прасіла перадаць ёй стрыхніну, мукі сталі невыноснымі. Але не паслухалі таварышы-падпольшчыкі, не дайшло да іх, што кожны чалавек мае мяжу трываласці. Мучылася яшчэ некалькі дзён, пакуль яе, напаўжывую, не павесілі. Цела прыгажуні, нечай дачкі, вісела яшчэ чатыры дні... Падпольшчыкаў было многа ў Брэсце, у тым ліку жанчын.

Прывяла не звязаныя паміж сабой прыклады, якія за мінуту ўзніклі ў памяці, а калі паглядзець якія-небудзь даведнікі, іх можна працягваць бясконца доўга. Але не ў тым рэч. Вельмі здзіўляе, як зараз людзі з пакалення ўнукаў і праўнукаў тых, хто «сербануў» акупацыі, лёгка вешаюць ярлыкі баязліўца адразу тысячам незнаёмых людзей. Добра, седзячы на маскоўскай печы, праз 75 гадоў ацэньваць тых, хто жыў ва ўмовах вайны. Хто перажыў — ужо герой. Колькі ім і пасля акупацыі давялося выпакутаваць! На фронце прызваных у 1944-м з вызваленых тэрыторый падвяргалі асаблівай праверцы. Бывалі выпадкі, у ВНУ не прымалі, бо жыў ва ўмовах акупацыі. У лагер можна было трапіць па першым падазрэнні з абцяжваючымі абставінамі ў выглядзе чатырох гадоў фашысцкага рэжыму ў тваім горадзе альбо вёсцы. Татальныя праверкі, масавае падазрэнне ў супрацоўніцтве. І вось вам — адгалоскі палітыкі, якую праводзіла ў жыццё НКВД. Відаць, сам таго не жадаючы, спадар Лебедзеў выступіў як дастойны нашчадак супрацоўнікаў асобых аддзелаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.