Вы тут

У грамадстве трэба фарміраваць давер да псіхалагічнай службы


Калі не хапае рэсурсу для вырашэння праблем, трэба шукаць псіхалагічную, псіхатэрапеўтычную або псіхіятрычную дапамогу. Гэта сёння даступна, бяспечна і можа папярэдзіць трагедыю...


Адзін сталічны фітнес-інструктар напісаў у сацыяльных сетках невялікі пост пра злачынцу, які напаў на людзей у гандлёвым цэнтры ў Мінску. «Ціхі маўклівы хлопец хадзіў у маю качалку мінімум два гады, апошні год я з ім вітаўся за руку. Па паводзінах бачна, вельмі закамплексаваны, напэўна, гэта з-за знешнасці і прышчоў, якія перыядычна пакрывалі не толькі ўвесь яго твар, але і цела. Тыповы замкнёны падлетак... За ўвесь час ні разу ні з кім не завёў размовы, наколькі я памятаю...» Далей яшчэ некалькі цікавых падрабязнасцяў, а напрыканцы — слушная выснова: «Калі вы будзеце пісаць чарговы каментарый і думаць аб тым, наколькі гэта ўсё жудасна, але магло адбыцца з кім заўгодна, толькі не з вамі, падумайце, колькі вакол такіх «згубленых» і замкнёных людзей, якія невядома што думаюць. Яны жывуць сярод нас, ходзяць у тыя ж магазіны, што і мы, наведваюць тыя ж спартзалы, ездзяць на тым жа ліфце, могуць глядзець на вас і ўсміхацца, а самі будуць уяўляць, як намотваюць вашы вантробы сабе на руку. Але самае важнае, што маньякамі не нараджаюцца, а становяцца. Пад уплывам нейкіх фактараў, падзей, акружэння... Прычын можа быць тысяча, а можа быць і адна. Псіхалагічныя траўмы бываюць ва ўсіх, важна толькі тое, як мы іх перажываем і які яны пакінуць след».

Пакуль у дачыненні да 17-гадовага Уладзіслава К. працягваецца комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза, мы ўсе гадаем, што гэта магло быць, як падлетак мог узяць у рукі бензапілу і пайсці забіваць? Першае, што нараджаецца ў галаве сярэднестатыстычнага беларуса, — хлопец быў псіхічна хворым, а такім не месца побач з намі, такіх трэба трымаць у полі зроку, ім трэба было займацца 24 гадзіны ў суткі, словам, чаму ён не быў ізаляваны, адгароджаны ад людзей?

Па каментарый мы звярнуліся да загадчыцы псіхалагічнай лабараторыі Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Таццяны УШАКЕВІЧ.

— Псіхічна хворыя людзі больш схільныя да забойства, чым здаровыя?

— Мы даволі доўга будзем з вамі праясняць, што такое здароўе і норма, а што — не норма... Чалавек, які ўчыніў забойства, але не быў на ўліку ў псіхіятра, не лячыўся ў псіхдыспансеры, можа быць здаровым? Цяжка гаварыць абстрактна. Усё ж такі ёсць канкрэтны чалавек, у яго быў нейкі дыягназ. Ці маглі мы пра яго ведаць? У нас ёсць закон «Аб псіхіятрычнай дапамозе», дзе прапісаны ўсе нарматыўныя працэдуры. Каму цікава, паглядзіце, ці павінен чалавек паведамляць па месцы вучобы ці працы аб праблемах з псіхічным здароўем. Наогул, такая інфармацыя прадастаўляецца па запыце, напрыклад, суда. Урачэбную тайну ніхто не адмяняў! Інфармацыяй аб лячэнні псіхічных захворванняў валодаюць урач-псіхіятр і псіхіятрычны дыспансер.

— Сам хлопец нібыта казаў пра расчараванне ў сабе, нейкую крыўду на людзей, дэпрэсіўны настрой...

— Але ўсё гэта можна прыпісаць любому захворванню. А што штурхнула на забойства, сказаць пакуль немагчыма. Ёсць нямала людзей, псіхічна не зусім здаровых, але яны не звяртаюцца ні да псіхолага, ні да псіхатэрапеўта, ні да псіхіятра.

— Дэпрэсія здольная прывесці да самагубства або забойства?

— Усё можа быць, толькі трэба разумець, што гэта абсалютна розныя рэчы.

— Па ягоных словах, ён хацеў, каб яго ў выніку забілі...

— Арыентавацца толькі на словы самога чалавека ў такіх сітуацыях нельга. Бо словы — гэта адно, а што на самай справе ў яго са здароўем...

— Пражыванне асобна ад бацькоў, матэрыяльны дабрабыт — гэта прыкметы ўладкаванай сям'і хлопца?

— Для многіх з нас матэрыяльны бок справы і ёсць дабрабыт. Але нельга скідваць з рахунку стасункі паміж членамі сям'і, магчымасць кожнага з іх падзяліцца сваімі эмацыянальнымі перажываннямі.

— Што можна сказаць пра ролю сям'і ў жыцці дзіцяці?

— Яна вельмі вялікая: тут закладваюцца маральныя асновы, уменне жыць у грамадстве, наогул, узаемадзеянне з навакольнымі. Пад уплывам сям'і нейкая псіхічная паталогія можа ўзмацніцца, а можа заставацца ў рэмісіі. Магло быць нават і так, што сям'я падтрымлівае нармальныя стасункі, а ў дзіцяці проста ёсць захворванне. Бывае, што ёсць і схільнасць да захворвання, і нейкія знешнія фактары аказалі свой негатыўны ўплыў.

— А тут яшчэ 17 гадоў — крызісны ўзрост...

— Стрэсам ці крызісам будзе хутчэй не сам па сабе ўзрост, а, напрыклад, паступленне ў ВНУ. Нават пазітыўныя моманты, такія, як замужжа/жаніцьба, таксама могуць цяжка перажывацца намі. Усё наша жыццё складаецца, па сутнасці, з розных крызісаў, але мы па-рознаму іх пражываем і перажываем.

— Як жа лягчэй праз іх прайсці?

— Усе гэтыя «залатыя» парады добра вядомыя, але хто іх трымаецца? Я думаю, што кожнаму чалавеку выпадае на працягу жыцця шмат і пакут, і шчасця. Крызісы — гэта форма жыцця. Вы не можаце быць пастаянна шчаслівым, гэта факт, якія б парады вам ні давалі. Як можна быць шчаслівым, калі, напрыклад, паміраюць бацькі? Жыццё — гэта чарга самых розных падзей, радасці і гора. І гэта трэба перажываць.

— Чым менавіта ў першую чаргу будзе займацца судмедэксперт?

— Будзе вывучаць медыцынскую дакументацыю, праводзіць псіхалагічныя тэсты, назіраць за паводзінамі і г.д.

— Што можна параіць сваякам?

— Мяркую, для іх гэта не меншы шок, чым для іншых людзей. У такіх сітуацыях не ва ўсіх людзей знаходзяцца рэсурсы для яго перажывання. Тады лепей звярнуцца да спецыялістаў...

Сваімі разважаннямі падзялілася і ўрач-псіхатэрапеўт Аксана БЯЛАН.

— Гэтае забойства падобна на незавершанае самазабойства?

— Вельмі не хочацца гадаць. Малады чалавек жывы, з ім працуюць спецыялісты. Мы лішні раз атрымалі пацвярджэнне таго, наколькі складаным механізмам з'яўляецца наша псіхіка.

Ведаеце, што мяне зараз напружвае? Наша служба вельмі і вельмі намагаецца зрабіць так, каб пазбавіць грамадства стыгматызацыі. Каб пацыенты, якія пакутуюць ад неўратычных расстройстваў, мелі права жыць, як усе. Мы ім кажам: толькі звяртайцеся да нас па дапамогу, і ў вас не будзе ніякіх наступстваў з абмежаваннямі. Таму не хочацца размоў вакол таго, ці меў права гэты хлопец паступаць у ВНУ без даведкі? Пагранічнае расстройства не перашкаджае паступленню ў навучальныя ўстановы.

— Здаровы чалавек мог пайсці на забойства пад уздзеяннем знешніх абставін?

— Ну, вось мы з вамі здаровыя людзі. У вас ёсць думкі наконт такога ўчынку? Калі так, то гэта ўжо нездароўе. Таму нам складана знайсці тлумачэнні для гэтай сітуацыі. Бывае, што на фоне поўнага здароўя здараецца нейкае раптоўнае памутненне свядомасці. Аднак ён рыхтаваўся загадзя — набываў бензапілу...

— Пражыванне ў адзіноце, без бацькоў, магло паўплываць на стан юнака?

— Уявіце сабе: вам 17, ёсць грошы, кватэра... Навошта бацькі?!

— Раптам іх усё ж не хапала?

— Толькі не ў гэтым узросце, а раней! Магчыма, бацькі не паспрыялі сацыялізацыі. Наогул, асоба фарміруецца да 18 гадоў. Пачуццё абароненасці, бяспекі і любові пачынае фарміравацца ў першы год жыцця. Да 14 гадоў, калі яшчэ не вельмі развітае лагічнае мысленне, дзеці жывуць больш эмоцыямі, свайго вопыту пры гэтым вельмі мала, а таму ёсць асаблівая патрэба ў падтрымцы, апецы, клопаце бацькоў, якія і закладваюць нейкія базавыя рэчы, у тым ліку прывіваюць навыкі ўзаемадзеяння з соцыумам.

— Якую сям'ю вы назвалі б уладкаванай?

— Тую, дзе ёсць адкрытасць, давяральныя адносіны, дзе ёсць клопат, падтрымка, любоў, дзе можна абмяркоўваць з усімі членамі сям'і любыя праблемы, дзе для гэтага ва ўсіх знаходзіцца час, ёсць сумесныя захапленні, сям'я праводзіць нейкі час разам. Неяк я чытала пра цікавы вопыт даследавання аднаго расійскага школьнага псіхолага. Яна раздала дзецям дыктафоны і папрасіла іх на працягу некалькіх дзён запісваць усе размовы з бацькамі. Атрымалася, што невялікі працэнт дзяцей размаўляў толькі з мамай, яшчэ некалькі працэнтаў — толькі з татам, і яшчэ крыху — і з мамай, і з татам. Увесь аб'ём гэтых размоў складаў 10—15 хвілін у дзень. І былі гэта пытанні і заўвагі кшталту «ты вывучыў урокі?», «у колькі гадзін ты прыйдзеш?», «пачысці зубы», «кладзіся спаць». Вось вам прыклад адсутнасці ў звычайных, нармальных сем'ях эмацыянальнага ўзаемадзеяння, абмеркавання і разваг над нейкімі сітуацыямі.

Разам з тым у грамадстве трэба фарміраваць давер да псіхалагічнай службы — ніколі не позна навучыцца спосабам вырашэння праблем. Калі гэтым рэсурсам не карыстацца, то будзе так, як ёсць. Калі штосьці не тое адбываецца ў душы чалавека, то аднойчы гэта прывядзе ў тупік.

Наведванне псіхатэрапеўта — гэта праца, цяжкая і працяглая, але карысная.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Яны жывуць сярод нас і невядома, пра што думаюць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».