Вы тут

Экс­ліб­рыс «Звяз­ды». Мікола Гіль. Неадступнасць


Мікола Гіль. Неадступнасць. — Мінск: Кнігазбор, 2016. — 120 с.


Калі б аўтарам гэтай кнігі быў малады паэт, то выданне можна было б смела назваць эксперыментальным. Маўляў, творца сам сабе кінуў выклік ці пабіўся аб заклад з калегам, што здолее ўкласці цэлую кнігу толькі з васьмірадкоўяў, пры гэтым кожны верш мусіць складацца з двух чатырохрадковых слупкоў. Аматары лаканічнай формы толькі пасмяюцца, маўляў, ніякі гэта не выклік, і не эксперымент, а звыклы стыль. Але для творцаў, якія маюць схільнасць да пісання доўгіх вершаў ды паэм, гэта можа стацца складанай задачай: як у такім маленькім аб'ёме змясціць усё багацце смелых вобразаў і новых ідэй? Але Мікола Гіль у сваёй кнізе паэзіі даказвае, што ўсё цалкам магчыма.

Дарэчы, выданне — зусім не эксперымент, не выклік, а хутчэй падрахунак зробленага за доўгія гады. Васьмірадкоўі, што ўвайшлі ў кнігу «Неадступнасць», пісаліся паэтам у розныя гады — і ў далёкія 1970-я, і ў пачатку 2010-х.
І сімвалізм назвы кнігі — не ў вернасці паэтычнай форме, а ў прыхільнасці да ідэй, поглядаў, якую творца здолеў пранесці ледзь не праз усё жыццё.

Імя Міколы Гіля — зусім не новае для нашага чытача. Ён аўтар многіх кніг прозы і паэзіі, працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», быў супрацоўнікам Мінскай студыі тэлебачання, рэдакцый часопісаў «Маладосць», «Мастацтва», «Родная прырода». Дарэчы, дзякуючы менавіта яго руплівай працы мы па-беларуску можам прачытаць кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю» і «Чарнобыльская малітва». Мікола Сымонавіч таксама перастварыў на беларускай мове творы літоўскіх, венгерскіх і шведскіх пісьменнікаў.

Але вернемся да «Неадступнасці». Дарэчы, на першай старонцы кнігі ёсць досыць істотная пазнака: «Зімовыя васьмірадкоўі». Так аўтар нас нібыта папярэджвае. Не, зусім не пра тое, што чытаць кнігу трэба ўзімку, калі на вуліцы сцюжа (у такі час больш лагічна было б разгарнуць тоўсты раман, а не чытаць кароценькія вершы). Гаворка зноў-такі ідзе пра стыль — сузіральны, разважлівы, з акцэнтам на дэталях. У такім стылі беларус можа разважаць хіба толькі зімою, калі працы па гаспадарцы не так шмат. І вось гэтая сувязь са спрадвечнымі завядзёнкамі нашых продкаў, нейкім каранёвым ладам мыслення вельмі добра адчуваецца ў вершах Міколы Гіля, што склалі новую кнігу.

Ёсць тут і развагі пра сучаснасць, нават заўвагі нашаму часу і маладому пакаленню. Ёсць замалёўкі-пейзажы і роздумы пра лёс радзімы. А ёсць і глыбока асабістыя вершы, што адкрываюць пачуцці лірычнага героя ў сучаснасці ці праз успаміны пераносяць у гады яго маладосці. Так, чытач адразу адчувае, што аўтар — сталы чалавек. Ён жыве клопатам пра дзяцей і ўнукаў, схільны хутчэй падводзіць жыццёвыя вынікі, чым будаваць планы на будучыню. А яшчэ — ён мастак, здольны пабачыць прыгажосць нават у дробязях, і выдатны філосаф, мудрэц, чыя мудрасць падмацоўваецца жыццёвымі назіраннямі. Паэт разважае не толькі пра бытавыя рэчы, зямныя, але і пра больш узвышаныя, філасофскія паняцці, напрыклад суаднясенне ўзросту чалавека і хуткасці бегу часу:

Калісь, падпаскам

у дзеда Міхалкі,

Прыждаць я вечара ніяк не мог:

Хоць замахніся на сонца

палкай,

Каб хутчэй скацілася на парог!..

А сёння ўражаны: як раптоўна

Уставаў месяц!..

Вось бліснуў краёк,

А праз хвіліну — ужо ўся поўня!..

І хутка ж круціцца Зямлі ваўчок!

Вершы Міколы Гіля з кнігі «Неадступнасць» — цалкам традыцыйныя для беларускай паэзіі. Строгі памер, рыфма. І так — страфа за страфой, верш за вершам. Сумна? Не. Так, тут ёсць пэўная аднастайнасць, але яна — зусім не хіба кнігі. Гэта пазнака таго, што аўтар умее сказаць сваё слова, выказваючы павагу да творцаў-папярэднікаў, ён здольны выказаць уласную думку і не пакрыўдзіць тых, хто побач. І гэта не імкненне быць падобным да іншых, не жаданне зліцца з натоўпам, а вялікая творчая мудрасць, тактоўнасць. Гэтыя рысы — прыкметы голасу сталага паэта, якому для таго, каб прамаўляць гучна і цвёрда, не патрэбныя эксперыменты. Трэба толькі быць верным. Перадусім — сабе.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».