Вы тут

Нафтагазавая спрэчка вырашана?


На нафтагазавым фронце добрая навіна. Беларусь і Расія дамовіліся аб зніжэнні цаны на газ. Паводле дамоўленасці, наша краіна адмяняе павышаную плату за транзіт расійскай нафты. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) ужо прыняла адпаведную пастанову №34 «Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Датай уступлення дакумента ў сілу прызначана 12 кастрычніка. Акрамя таго, расійскі бок не знізіць аб'ёмы пастаўкі нафты ў нашу краіну — аб'ём складзе 24 млн тон (мог скараціцца да 18 млн тон).


У гэты панядзелак прэм'ер-міністры дзвюх краін Дзмітрый Мядзведзеў і Андрэй Кабякоў па тэлефоне пацвердзілі дамоўленасці віцэ-прэм'ераў, дасягнутыя на мінулым тыдні. Згодна з імі цана на пастаўку расійскага газу застаецца ранейшай. Аднак, паводле інфармацыі газеты «Коммерсант», «механізм міжбюджэтнай кампенсацыі», які прыменіць расійскі бок, фактычна знізіць канчатковую суму. Пры гэтым частка даходаў, якія губляе «Газпром» будуць кампенсаваныя з расійскага бюджэту. Ужо сёлета Расія выплаціць каля 400 млн долараў, а ў 2017 годзе памер газавай субсідыі можа дасягнуць 800 млн долараў. Па папярэдніх падліках, цана на газ для Беларусі ў 2017-м стане на чвэрць меншай — каля 100 долараў за тысячу кубаметраў.

Таксама намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка заявіў, што краіна атрымае аднамомантавае зніжэнне кошту ўжо сёлета, пагасіўшы назапашаную на 1 ліпеня запазычанасць перад «Газпромам».

Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастанова №34 «Аб тарыфах на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» была прынята па дасягненні дамоўленасці з расійскім бокам. Згодна з ёй будуць дзейнічаць тарыфы на транзіт нафты, якія былі сфарміраваны па стане на 1 кастрычніка. Так тарыф на пастаўку нафты па маршруце Унеча (Высокае) — Адамава Застава, як і раней, складзе 267,32 расійскага рубля за тону нета (без ПДВ), па маршруце Унеча (Высокае) — Броды — 114,82 расійскага рубля, па маршруце Невель (Вялікія Лукі) — Полацк — Высокае — 32,31 расійскага рубля (тарыф на паслугі па прыёме і транспарціроўцы нафты для далейшага замяшчэння па напрамках Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, Венгрыя, Украіна). Нагадаем, што МАРГ раней у працэсе нафтагазавай спрэчкі прыняў рашэнне павысіць тарыфы на транзіт расійскай нафты праз тэрыторыю Беларусі практычна напалову.

Даведка «Звязды»:

Нафтагазавае пытанне паміж дзвюма краінамі паўстала ў сярэдзіне гэтага года. Беларусь дамаўлялася аб цане расійскага газу ў 73 долары за тысячу кубаметраў у сувязі з сусветным падзеннем коштаў на энерганосьбіты. Аднак расійскі бок выставіў цану ў 132 долары за тысячу кубаметраў. Такім чынам у нашай краіне сфарміравалася недаплата за расійскі газ у памеры 300 млн долараў, які не прызнаваўся беларускім бокам. У сваю чаргу, расійскі бок знізіў пастаўкі нафты ў Беларусь у другім паўгоддзі больш чым на 5 млн тон.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу


У тэму

Першы крок у стварэнні адзінага рынку

Дасягнутыя з Расіяй дамоўленасці па газе і нафце з'яўляюцца кампрамісам у інтарэсах дзвюх краін, заявіў міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык на Беларускім энергетычным і экалагічным форуме, які праходзіў у Мінску.

У прыватнасці, міністр адзначыў, што падпісаны пратакол — гэта рашэнне, якое дазваляе на комплекснай аснове вырашыць усе праблемы, якія меліся ў нафтагазавай сферы нашых краін. «Сам пратакол — гэта, безумоўна, кампраміс, які ўлічвае інтарэсы дзвюх краін і дазваляе нам з добрай перспектывай глядзець у будучыню ў межах будаўніцтва еўразійскага эканамічнага саюза», — удакладніў Уладзімір Патупчык. Ён паведаміў, што пратакол дазваляе забяспечыць да 1 ліпеня 2019 года стварэнне агульнага электраэнергетычнага рынку, а да 1 студзеня 2025 года — агульнага рынку газу.

Міністр упэўнены, што прынятыя рашэнні дазволілі бакам зняць усе праблемныя шурпатасці ў газавай сферы. «Адначасова з гэтым былі зняты ўсе пытанні і ў нафтавай сферы: беларускі бок скасаваў пастанову па павышэнні тарыфаў па прапампоўцы нафты па тэрыторыі Беларусі, а Расія зняла ўсе абмежаванні па пастаўцы нафты ў Беларусь», — лічыць Уладзімір Патупчык.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?