Вы тут

Цуда Беларусі – Мотальскі каравай


Прыйшлі Пакровы, прыйшоў у час вяселляў на Беларусі, вось як спраўляюць вяселлі у Моталі…

На розных фестывалях традыцыйнай культуры нам неаднаразова даводзілася бачыць вясельныя караваі, якія міжволі хацелася называць восьмым цудам свету. Але ж раз за разам мы любаваліся ўжо завершаным “творам” бабуліных рук. Аднак тайна прыгатавання-тварэння гэтага шэдэўра народнай культуры і бясконцыя таямніцы сакральных народных ведаў, сфарміраваных вакол працэса падрыхтоўкі і выпякання каравая заставаліся па-за межамі фестывальных прэзентацый. І вось нечаканы званок. Дырэктар Мотальскага музея народнай творчасці Вольга Рыгораўна Кульбеда запрасіла нас стаць сведкамі падрыхтоўкі, выпякання і аздаблення сапраўднага вясельнага каравая, які стане галоўным сакральным атрыбутам падчас шлюбу іх аднавяскоўца Паўла. Мы рушылі ў дарогу.


Трэба сказаць, што ўсё ў нашым зямным жыцці абапіраецца на свае няпісаныя законы і заканамернасці. Да гэтага часу мы з рознай нагоды былі ў Моталі Іванаўскага раёна Бресцкай вобласці некалькі разоў і зрабілі для сябе лагічную выснову: такіх вёсак на Беларусі больш няма. І гэты населены пункт дакладней было б называць мястэчкам, таму што ў ім больш за дзве тысячы двароў, дзве сярэднія школы, некалькі вытворчых цэхаў, каля трыццаці тарговых кропак. У цэнтры мястэчка размешчаны даволі моцны этнакультурны “куст”: школа мастацтваў, музей народнай культуры, абрадавы дом і Дом культуры. Здзіўляла тое, што людзі, з якімі даводзілася кантактаваць у гэты дзень, падкрэслівалі: “Вось у суседніх Тышкавічах людзі жылі “ад зямлі”, а нашы заўсёды былі прадпрымальнікамі”. Кажуць быў час, калі мотальскія “расшытыя” кажухі прадаваліся ў Парыжы і тамтэйшыя модніцы лічылі за гонар мець ў сабе далёкае замежнае адзенне. Шкада, што за апошнія сто гадоў вектар моды павярнуўся ў супрацьлеглы бок.

Побытавы фундаменталізм, менталітэт заможнага гаспадара,  усведамленне родавай паяднанасці, выключнае стаўленне да сваіх традыцый – усё гэта самым непасрэдным чынам было спраецыравана і на працэс тварэння вясельнага каравая. Толькі той чалавек, які пачуваў сябе творцай уласнай долі, мастаком у фарміраванні райскай сядзібы, чалавек, які разумеў сваю непасрэдную знітаванасць з космасам, стварыў такую мадэль каравая, якая вылучаецца сярод іншых якраз фундаменталізмам філасофскага асэнсавння карціны свету і свайго ключавога месца ў ёй.

У тым сакральным працэсе, які крок за крокам уцягваў нас у таямніцы народнага светапогляду, было два цэнтры тварэння: хата бабулі жаніха Ніны Мікалаеўны Кульбеда і хата дваюроднай бабулі Вольгі Якаўлеўны Дзямковіч, якая стаяла насупраць цераз вуліцу.

Абрадавая дзея пачалася а 8 гадзіны раніцы. Зразумела, што ролю старшай каравайніцы выконвала сама гаспадыня, а побач з ёю стаялі нявестка і дачка хроснай маці жаніха. Пры гэтым Ніна Мікалаеўна ўдакладніла, што да прыгатавання каравая і яго аздаблення дапускаліся толькі замужнія жанчыны – тыя, хто “быў у пары”. 

У чырвоным куце хаты, побач з абразам Мікалая Цудатворцы паставілі стол, які заслалі спецыяльным абрусам, а на лаве каля сцяны стаялі ўсе рэчы, якія былі неабходны да прыгатавання рошчыны.

На стол паставілі вялікую місу, аднак перш чым распачаць складаны і працяглы працэс прыгатавання свяшчэннага хлеба, старшая каравайніца прачытала малітву Збавіцелю, прамовіла магічную формулу-заклічку: “Дай, Божа, у добры час пачаць, а ў лепшы закончыць!”. 

Пасля гэтага яна наліла ў чарачку свянцонай вады, якая захоўвалася ў хаце з Вадохрышча, і выліла ў місу. Затым у тую ж чарку наліла гарэлкі і таксама выплеснула ў місу. Мы пастаянна прасілі гаспадыню ўслых каментаваць тое, што рабілася вакол стала. Наконт кілішка гарэлкі яна сказала: “Каб маладыя здаровыя і вясёлыя былі”. Затым туды ж вылілі літраў шэсць-сем цёплага малака, дабавілі два пачкі дражджэй, а праз некалькі хвілін маладзейшыя каравайніцы пакрысе пачалі сыпаць пшанічную муку. Спрытныя рукі жанчын-каравайніц замешвалі цеста-рошчыну.

Затым цесца пакінулі “адпачываць“, а калі прыйшоў час фарміраваць каравай, паміж каравайніцамі разгарнулася цэлая дыскусія адносна таго, як правільна падзяліць прыгатаванае цеста. Спачатку мы нічога не маглі зразумець з таго, што эмацыянальна абмяркоўвалася жанчынамі. Давялося ўклініцца ў гаворку і задаць некалькі пытанняў на ўдакладненне дэталяў спрэчкі. Ніна Мікалаеўна пацішэла і пачала менавіта для нас усё дэталізаваць і паказваць рукамі. Аказалася, што ў гэты момант вырашалася кола пытанняў, якое кранала розныя этапы вясельнай дзеі. Зразумела, што асноўную долю рошчыны пакідалі для каравая. А далей пачыналася складаная вясельная матэматыка, памыліцца ў якой было проста недапушчальна. Давайце і мы раскладзем усё па сваіх паліцах. У спецыяльную форму палажылі цеста для “сустрэчнага каравая” – хлеба-солі, якім бацькі буць сустракаць маладых пасля рэгістрацыі або вянчання ў храме. У дзве асобныя формачкі паклалі цеста для “падручнікаў” – дзве прадаўгаватыя булкі, якія бацькі будуць трымаць падпахаю на працягу ўсяго цырыманіялу вянчання. Яшчэ з адной часткі рошчыны зрабілі кругляш ў дыяметры каля пятнаццаці сантыметраў, які будзе знаходзіцца на прыгатаваным караваі і сімвалізаваць месяцовую поўню – фактычна будучую нявестку ў стане цяжарнасці. А далей паўставала яшчэ больш складаная сістэма дэкаратыўнага аздаблення, колькасныя паказчыкі якой адразу ж прымусілі ўзгадаць лікі ўніверсальнага кода традыцыйнай культуры, пра які мы ўжо неаднаразова пісалі. У творах розных фальклорных жанраў (казках, замовах, абрадавых песнях, прыказках, загадках) ключавымі з’яўляюцца такія сакральныя лікі, як тры і дзевяць. Аказалася, што якраз гэтыя лікі-ўніверсумы былі асноваторнымі і ў аздабленні вясельнага каравая. На караваі жаніха (а пазней мы пераканаемся, што адпаведная сімволіка прысутнічала і на караваі нявесты) павінны былі “пасаджаны” наступныя фігуркі з цеста, якія сімвалізавалі як паасобку мужчынскі і жаночы пачаткі, так і іх цеснае перапляценне. Жаночы пачатак увасабляла фігурка, якая нагадвалася лацінскую літару “S”, толькі ніжняя і верхняя частка былі закручаны больш, як у скрыпічным ключы.

Фігурка, якая ўвасабляла мужчынскі пачатак была больш складанай па форме: спачатку адзін канец раскатанага цеста (крыху таўсцей за аловак) складвалі ўдвая, а затым другую частку “шнура” спіралевіднай формай накручвалі на здвоеную частку рошчыны.

А затым вырабляліся тры фігуркі, якія павінны былі сімвалізаваць перапляценне мужчынскага і жаночага пачаткаў: у гэтым выпадку крыжападобна адна на адну накладваліся 2 “літары” “S”. У выніку атрымлівалася нешта падобнае на знак-свастыку, якая з даўніх часоў сімвалізавала сонца. Такім чынам, на вясельным караваі аказалася дзевяць сімвалічных фігурак. Увесь гэты карагод сімвалаў замыкала ў непарушнае кола “каса”, якая акаймляла усю паверхню рытуальнага хлеба. 

Калі прыгатаванне каравая было завершана, аказалася, што невялікая частка рошчыны засталася, тады бабуля пачала ляпіць фігуркі птушак. Рабіла яна гэта настолькі спрытна, што мы нават не паспявалі сачыць за яе рукамі. Мы зноў папрасілі яе паказаць гэта ў запаволеным рытме, каб зафіксаваць.

Ніна Мікалаеўна патлумачыла: цеста з вясельнага каравая не павінна заставацца (!), таму і рабілі я з яго добры дзесятак птушак, якія затым раздадуць пакаштаваць і каравайніцам, і гасцям на вяселлі.

Што было нечаканым: звычайна людзі сталага веку нагадвалі, што гарачы хлеб нельга есці – гэта кепска ўплывала на функцыянаванне страўніка. А тут якраз наадварот: “птушак” трэба было разламаць і з’еці невялікімі кавалкамі пакуль яны цёплыя.

Прыгатаваны каравай накрылі спецыяльным ручніком і панеслі ў хату бабулі Вольгі. 

Там ужо знаходзіўся і каравай нявесты. Перш чым ставіць караваі у печ, жанчыны спяшаліся выпячы яшчэ адно дзіва з сістэмы ўпрыгожвання мотальскага вясельнага каравая – “шышачкі”. Тут зноў пачыналася складаная сакральная матэматыка, якая прадвызначала філасофію збліжэння і паяднання двух родаў – жаніха і нявесты. Што сабой уяўлялі гэтыя “шышкі”. У некаторых сем’ях іх рыхтавалі загадзя, яшчэ летам, у некаторых – непасрэдна напярэдадні самога вяселля. З шэрагу пладовых дрэў – груш, вішань, сліў – выразаліся галінкі памерам каля 70 – 80 сантыметраў. Але пры гэтым іх выразалі ў адпаведнасці з сакральнай матэматыкай мясцовай традыцыі. З аднаго боку, трэба было нарыхтаваць, напрыклад, для каравая жаніха, тры галінкі-“двайчаткі”, г.зн. такія, якія разыходзіліся на дзве галіны, а з другога – адну галіну-“трайчатку”, якая утварала трайное разгалінаванне. На караваі нявесты было некалькі іначай: яго ўпрыгожвалі дзве “двайчаткі” і дзве “трайчаткі”. З гэтых галінак была акуратна зрэзана кара, а затым іх з месца разгалінавання і да самага верху абгортвалі (зноў-такі па спіралі) даўжэзнай палоскай смачнага цеста. Затым кожную “шышку” паасобку засоўвалі у печ і трымалі, пакуль цеста не спячэцца. Пры гэтым каб “шышка” мела прыгожы выгляд і не падгарэла, папярэдне праводзілі нескладанае выпрабаванне: адна з каравайніц засоўвала ў печ голую руку і лічыла: калі яна змагла далічыць да дзесяці, то рабілі выснову, што печ набрала якраз патрэбную тэмпературу. Калі ж было задужа горача, і яна вымушана была дастаць руку з печы, то трэба было некалькі часу пачакаць або ў печ вылівалі шклянку вады. Выпечаныя “шышкі” ставілі на стол пад абразамі, а тым часам выпякалі наступную. Трэба сказаць, што “шышкі” для каравая жаніха выпякалі каравайніцы з яго боку, а для каравая нявесты – яе радзіна.

На наша пытанне: “А чаму нельга, каб адзін і той жа чалавек выпякаў усе ўпрыгажэнні?” – было сказана: “А раптам якую-небудзь прыпякуць і яна будзе чорнай, тады крыўды не абярэшся”.  

Пасля таго як завяршылася выпяканне “шышак”, у печ паставілі абодва караваі. 

Наступіла паўтарагадзінная паўза, якую мы выкарысталі для таго каб задаць шэраг пытанняў адносна ўсяго вяселля і некаторых іншых абрадаў, якія спакон веку існавалі ў гэтай вёсцы.

Прыкладана а сёмай гадзіне вечара ў хаце бабулі Ніны пачалася заключная частка аздаблення каравая. Вакол стала сабраліся некалькі жанчын сярэдняга веку, якія павінны былі завяршыць упрыгожванне “шышак”, а напрыканцы і дааформіць і кампазіцыю самога каравая.

Працавалі па парах. Адна жанчына трымала “шышку”, а другая брала добры дзесятак сцяблін аўса з зернем і  ніткамі мацавалі да выпечаных рагалікаў. Адначасова з сцяблінамі аўса мацавалі на кожную галіну па пяць папяровых рознакаляровых кветак. 

Пакуль жанчыны завіхаліся вакол “шышак” бабауля Ніна разам са сваёй нявесткай рыхтавалі чырвоны жгут, якім будуць мацаваць “шышкі” на караваі. Бабуля стала ў калідоры, а нявестка ўзяла клубок чырвоных нітак, папрасіла адну з дзяўчынак трымаць адзін канец ніткі, а сама пачала снаваць туды-сюды можа разоў з дваццаць, затым яны ўдваіх пачалі скручваць тонкія ніткі ў адзін ладны жгут. Як толькі яны завяршылі снаванне, чатыры жанчыны ўзялі кожная па адной “шышцы” і  размясцілі іх над караваем так, каб ўтварыць замкнены чатырохкутнік. Па камандзе старшай каравайніцы жанчына адначасова ўваткнулі “шышкі” ў каравай, бабуля пачала абкручваць іх тым тоўстым нітом – знізу ўверх.

Як толькі “шышкі” звязалі, каравайніцы з палёгкай уздыхнулі, перахрысціліся і задаволеныя адступілі ад стала. Некалькі імгненняў усе стаялі ціха быццам заварожаныя той прыгажосцю, якая толькі што нарадзілася пад іх рукамі. Але да каравая хутка падыйшла матуля жаніха, якая спрытна апаясала каравай спецыяльна прыгатваным ручніком.

Затым паклікалі жанатага брата жаніха, які будзе на вяселлі сватам. Той паклаў пад каравай грошы, затым прыняў яго на спецыяльны ручнік, тройчы вакол сябе перакруціўся і панёс каравай у клець. Перад тым як паставіць яго на іншы стол, ён зноў тройчы перакруціўся. Усё, тут цуда жаночых рук будзе захоўвацца да наступнага дня, да моманту, калі прыдзе час яго вынесці і падзяліць паміж усімі гасцямі вяселля. 

Нам застаецца зрабіць некалькі ўдакладненняў, якія маюць прынцыпова важны характар. Калі жанчыны заканчвалі аздабляць каравай “шышкамі”, то сталі абмярркоўваць пытанне: да каго ў двор панясем “смецце”? Мы зноў папрасілі патлумачыць для нас абмяркоўваемае пытанне. Аказалася, што смеццем называлі рэшткі абрэзаных сцяблін аўса, кавалачкі нітак, а таксама паперы, з якой рабілі кветкі. Жанчыны працягвалі: “смецце” трэба занесці ў двор той сям’і, у якой ёсць дзяўчына на выданні, і кінуць каля хатняга парога. Неўзабаве і ў гэтай хаце стануць рыхтавацца да вяселля. Цікавай будзе доля і саміх “шышак” (дарэчы, зразумела, што фігурка “шышкі” была нічым іншым, як рытуальным увасабленнем мужчынскага эратычнага пачатку). Калі хросны бацька пачне дзяліць каравай, то для кожнага госця ён выража кавалак-долю самога каравая, а таксама адломіць невялічкую частку галінкі-“шышкі”.

Лічылася, што асабліва пашанцуе тым гасцям, якім дастанецца “шышка” з кветкай.

Таксама кожнаму ўдзельніку вясельнай урачыстасці будзе “прэзентавана” частка чыровнага жгута з каравая, які можна павязаць на руку ад сурокаў або выкарыстоўваць па свайму жаданню. Пры гэтым мясцовая традыцыя патрабавала: калі пачнецца адорванне маладых і дзяльба каравая, госці сядзелі на сваіх месцах за сталом, а нехта з світы жаніха (старшы шафер) падносіў каравай да госця на талерцы. Госць забіраў рытуальны падарунак, а на талерку клаў грошы або нейкі свой падарунак.

Традыцыя вымагала яшчэ аднаго патрабавання: адну галінку “шышкі” аддавалі музакантам, а адную “шышку” цалкам захоўвалі для маладых.

І яшчэ адна важная акалічнасць: калі вясельны картэж ехаў за нявестай, то з сабой бралі і каравай. Там, у хаця нявесты, адбываўся цікавы абмен – з вясельнага каравая нявесты даставалі адну “шышку”-трайчатку і ўтыкалі ў каравай жаніха, а з каравая жаніха даставлі “шышку”-двайчатку і ў тыкалі ў каравай нявесты. Мелася на ўвазе, што з сям’і бацькоў нявесты “ўбывала”, а ў сям’і бацькоў жаніха “прыбывала”.

Заканчваўся такі вялікі і доўгі дзень, вялікі, ад таго, што заклалі падмурак будучага жыцця маладой пары, доўгі ад таго, што за гэты дзень было столькі падзей, уражанняў, гаворак… Не хацелася развітвацца з удзельнікамі каравайнага абраду, ведаючы, што заўтра адбудзецца веселле, а ў нядзелю па весцы паедуць “цыганы”, і неважна, што у іх картэжы не будзе коней, і вясковыя артысты пасядуць у прыцэп сучаснага мотаблока, галоўнае, што традыцыя жыве, адно толькі застаецца прасіць Бога, каб жыла яшчэ доўга-доўга, і дзякаваць за тое, што есць яшчэ на Беларусі месцы, дзе можна выпіць сапраўднай жывой вадзіцы...

Аксана Катовіч, Янка Крук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».