Вы тут

Што яднае самотных птушак і людзей


Гісторыя з сеціва, якая кранула да слёз і нават першая прыгадалася ноччу, калі прачнулася на колькі хвілін ад пранізлівага скавытання восеньскага ветру. У Ветцы (гэта, калі хто не ведае, невялікі райцэнтр недалёка ад Гомеля) на вачах у людзей прападае бусел. Птушка не паляцела ў вырай і цяпер цэлыя дні праводзіць перад дзіцячым садком, дзе на клумбе паставілі выяву яе суродзіча ў натуральную велічыню.


Ноччу буслік, яшчэ зусім падлетак, хаваецца ў кусты, а ўдзень самотна мокне пад дажджом і дрыжыць пад ветрам каля свайго неадушаўлёнага сабрата. Лётаць птушка амаль не можа: пэўна, вывелася позна, і бацькі не палічылі патрэбным вучыць яе асобна ад астатніх, што ўжо сталі на крыло. З гэтай жа прычыны небараку выкінулі з чарады, што збіралася ў вырай, — слабых і нямоглых там не церпяць, катэгарычныя законы прыроды спрацоўваюць ва ўсіх жывых істот, нават самых прыгожых, самых любімых, надзеленых людзьмі самымі высакароднымі якасцямі.

Людзі, вядома, за гэтымі бусловымі пакутамі абыякава назіраць не могуць. Месцічы рознымі спосабамі стараюцца ўратаваць птушку. Хтосьці спрабуе знайсці арганізацыю, якая б магла яе злавіць і ўзяць на ўтрыманне (тут існуюць пэўныя праблемы, бо тыя, хто хоча, не могуць, а тыя, хто можа, не гараць вялікім жаданнем аж у Ветку ехаць — гэта ж усяго толькі бусел, вось каб якая экзатычная для нашай краіны птушка, тады іншая справа). Хтосьці спрабуе падкарміць, але бусел дзічыцца людзей і ежы не бярэ. Раз нават удалося завабіць цыбатага на падворак, і ўжо былі спадзяванні, што там, пад наглядам і клопатам гаспадара, ён і застанецца зімаваць разам з хатнімі птушкамі. Не атрымалася — праз кароткі час бусел вярнуўся на клумбу да бусла — хай сабе і муляжа нерухомага, але ж падобнага да тых, хто не ўзяў яго з сабой у вырай.

Думаю, гэта гісторыя скончыцца адносна добра. Атрымаўшы шырокі распаўсюд і рэзананс у інтэрнэце, яна абавязкова знойдзе і сваіх герояў: тыя ж самыя валанцёры не павінны пакінуць птушку ў бядзе. Уладкуюць дзе-небудзь у цяпле, будуць карміць і даглядаць. Можа, веткаўскаму пакутніку пашанцуе і яму знойдуць сябра — гэткага самага даўгадзюбага, цыбатага і няшчаснага: пакалечаных ці хворых буслоў людзі знаходзяць нярэдка. І тады ўвогуле можна будзе сказаць, што лёс беднай птушкі склаўся найлепшым з магчымых чынам. А пакуль ён мокне пад дробным халодным дажджом і, пэўна, думае, што ўсё не так страшна, бо іх з тым, што нерухома стаіць побач і зусім чамусьці не мерзне, — двое.

Мне пад гэту невясёлую, якраз як сёлетні кастрычнік, гісторыю прыгадалася яшчэ адна падобная. Яе ў нашай вёсцы старыя бабулі, якія нарадзіліся на мяжы стагоддзяў, расказвалі як казку, але пры гэтым бажыліся, што ўсё так і было насамрэч. Аднойчы ўвосень панскі кухар знайшоў на поплаве пакалечанага маладога бусла. Птушка не магла лётаць — перабітае крыло бяссільна матлялася. Кухар быў чалавекам добрым і жаласлівым, прынёс калеку на кухню, падвязаў крыло, накарміў. Так і прыжыўся бацян на кухні, ачуняў, перастаў баяцца людзей, нават крыло ўжо, здавалася, зраслося. За зіму птушка стала рахманай, паглядзець на ручнога бусла прыходзілі нават з суседніх вёсак.

Ідылія скончылася ўвесну, калі ў небе закружыліся ў пошуку гнёздаў суродзічы таго свойскага бусла. Пачуўшы іх, ён выбег на вуліцу, пранізліва крыкнуў і памкнуўся ўзляцець. Але крыло, пэўна, зраслося няправільна і ён не змог нават адарвацца ад зямлі. Праз імгненне пасля гэтай няўдачы птушка з усёй сілы сваіх цыбатых ног, дапамагаючы бескарыснымі крыламі, прымчала ў кухню і... з разгону кінулася ў вялізную печ, якую толькі нядаўна распалілі. Людзі стаялі як здранцвелыя, глядзелі на полымя, што гуло ў чэраве печы, і не верылі сваім вачам. А белыя птушкі кружылі ў блакіце спакойна і раўнадушна, ім не было ніякай справы да пакінутага калісьці таварыша, які палічыў, што чым жыць без сваіх — лепш згарэць...

Якая ў абедзвюх гэтых гісторыях мараль і якія адносіны яна мае да нас з вамі? Сэнс тут ёсць, нават, я сказала б, філасофскі. Калі па-простаму, дык так, як сказала гадоў трыццаць пяць таму бабка Марта. (Ад яе мы, малыя, і пачулі пра бусла-самазабойцу, бо нейкі іхні продак-сваяк і быў тым самым панскім кухарам.) Дык вось бабуля, расказаўшы гэту ці то праўду, ці то паданне, падвяла вынік: «Няма нічога больш страшнага, дзеткі, калі ад цябе людзі адракуцца ці ты ад іх адрачэшся. Чым жыць у самоце, лепш, як той бусел, — галавой у агонь»....

Можна і не па-простаму, паэтычна. Як Максім Танк, напрыклад:

І радасць — ніякая радасць, а горыч,

І песня — ніякая песня, а скарга,

І страва — ніякая страва, а камень,

І брага — ніякая брага, а слёзы,

І сонца — ніякае сонца, а крыга, —

Калі ты на свеце ўсім гэтым

Не маеш з кім падзяліцца.

Сэнс усё роўна аднолькавы. А вы кажаце, пры чым тут буслы...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: «І сонца — ніякае сонца, а крыга...»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.