Вы тут

Актуальныя пытанні кніжнай прасторы абмеркавалі на форуме «Кніга=Свет»


Ці можна выхаваць чытача? Дзе праходзіць мяжа паміж сапраўднай літаратурай і «чытвом»? Як пад уплывам сучасных тэхналогій змяняюцца формы і фарматы чытання? Гэтыя і многія іншыя пытанні кніжнасці грамадства абмеркавалі падчас Рэспубліканскага форуму «Кніга=свет: сучасны стан і стратэгіі развіцця нацыянальнай прасторы чытання». Ён прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і быў арганізаваны Нацыянальным інстытутам адукацыі, Выдавецкім домам «Звязда», Нацыянальнай бібліятэкай і рэдакцыяй «Настаўніцкай газеты».


Адметна, што ў форуме прынялі ўдзел спецыялісты розных галін, якія працуюць з кнігай: бібліятэкары і выдаўцы, пісьменнікі і літаратуразнаўцы, журналісты, настаўнікі і простыя чытачы. Менавіта ў гэтым аб'яднанні сіл і бачыцца адна з асноўных рыс форуму, таму і яго работа праходзіла ў фармаце палілогу: кожны меў магчымасць выказацца, задаць пытанне, паўдзельнічаць у абмеркаванні. Сёння востра стаіць праблема аб'яднання розных рэсурсаў дзеля паспяховай работы па выхаванні пакалення, якое чытае. Выступоўцы падчас пленарнага і секцыйных пасяджэнняў, майстар-класаў і «круглых сталоў» у сваіх дакладах неаднаразова падкрэслівалі значнасць сумеснай дзейнасці ў галіне развіцця нацыянальнай прасторы чытання.

Сёння, у час імклівага развіцця тэхналогій, уплыў тэхнікі адчуваецца і ў галіне чытання, літаратуры. Так, змянілася сама культура зносін з кнігай, чалавецтва зразумела каштоўнасць не кнігі на паперы, але тэксту. Дарэчы, падчас форуму закраналіся і пытанні электроннага кнігавыдання, якое ў нашай краіне толькі пачынае развівацца. Але ўжо сёння можна казаць пра тое, што беларускае грамадства гатовае да цывілізаваных, культурных стасункаў з аўтарамі і выдаўцамі электронных кніг. Беларусы разумеюць, што кніга — прадукт інтэлектуальнай працы, таму варта выбіраць легальны шлях карыстання электроннымі кнігамі, а не шукаць бясплатныя пірацкія копіі.

Інтэрнэт уплывае не толькі на стасункі чытача з кнігай, але і на саму літаратуру, фарміруе моду на пэўныя кнігі і аўтараў. Пад уплывам мноства рэкламы і чытацкіх псеўда-водгукаў сёння часцей за ўсё папулярнымі становяцца творы, якія займаюць прамежкавае становішча паміж бульварнымі раманамі і філасофскімі трактатамі, а самі гэтыя тэксты падаюцца чытачу як самае лепшае і разумнае з напісанага апошнім часам. У мастацкай літаратуры разбураецца іерархія тэкстаў, часам і аўтары ідуць следам за густам чытача, свядома прадстаўляючы творы, якія лёгка прачытаюцца і будуць зразумелыя кожнаму. Дарэчы, спецыялісты адзначаюць, што ў беларускай літаратуры гэты прынцып не працуе: сама беларуская мова — ужо прыкмета пэўнага кшталту элітарнасці кнігі, а аўтары, якія пішуць па-беларуску, проста не могуць сабе дазволіць спрашчэння сюжэта і задумы дзеля задавальнення чытацкага попыту.

Падчас форумаў прынята падводзіць вынікі, выносіць рэзалюцыі, падсумоўваць работу. Але «Кніга=свет» і тут быў адметны менавіта сваім «адкрытым фіналам». Не, гэта не значыць, што вынікаў не будзе, а сама праца спецыялістаў прайшла марна. Арганізатары прапанавалі новы фармат падсумавання: прапановы, заўвагі, высновы ўсе ахвотныя могуць дасылаць у віртуальную прастору Нацыянальнага адукацыйнага партала ці наўпрост на старонку новага інтэрнэт-рэсурсу «КнігаСвет» knіgasvet.adu.by. Так форум ператворыцца не проста ў аднаразовае лакальнае мерапрыемства, а стане вялікім сумесным праектам. Дарэчы, першыя прапановы да арганізатараў ужо паступілі. Многія ўдзельнікі форуму прапанавалі зрабіць яго міжнародным па фармаце і праводзіць штогод. Сапраўды, гэта лагічны крок, бо прапаганда чытання, нацыянальнай літаратуры і выхаванне культуры зносін з кнігай — справа адказная, якая мусіць выконвацца сумеснымі намаганнямі і стаць задачай усяго грамадства.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Чытанне як каштоўнасць

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.