Вы тут

Сумныя фільмы палягчаюць боль


Фільмы, якія заканчваюцца сумна ці трагічна, нязменна карыстаюцца папулярнасцю ў гледачоў, асабліва жаночага полу, — дастаткова ўспомніць легендарны «Тытанік» Джэймса Кэмерана: па касавых зборах ён стаў адным з самых паспяховых фільмаў усіх часоў. Чаму ж людзі глядзяць і пераглядаюць такія стужкі, нягледзячы на тое, што «пазітыву» ў іх не так шмат? Адна з прычын, як мяркуюць даследчыкі з Оксфарда, заключаецца ў тым, што пры праглядзе падобнага кіно ў нас спрацоўваюць нейрафізіялагічныя механізмы, якія дапамагаюць адчуць супольнасць з іншымі людзьмі і заадно душаць болевыя адчуванні.


Раней Робін Данбар і яго калегі паказалі, што сумесныя заняткі павышаюць узровень эндарфінаў у мозгу. Як вядома, эндарфіны даюць пачуццё эйфарыі (хоць у цэлым адчуванне шчасця, радасці, задавальнення, эйфарыі і г.д. залежыць не толькі ад іх), акрамя таго, яны стымулююць нейронавыя ланцужкі, якія адказваюць за сацыяльныя сувязі, а таксама дапамагаюць паменшыць болевыя адчуванні. Калі малпы вычэсваюць і чысцяць адна адной поўсць, гэта стымулюе ў іх выпрацоўку эндарфінаў, і тое ж самае адбываецца ў нас, калі мы займаемся танцамі або спяваем. З другога боку, калі ў нас пачынаюць з-за моцнай нагрузкі балець перанапружаныя мышцы, мозг спрабуе абязболіць іх з дапамогай тых жа ўнутраных марфінавых анальгетыкаў.

Некалькі месяцаў таму група Данбар апублікавала артыкул, у якім гаварылася аб тым, што чым шырэйшы ў чалавека круг зносін, чым больш у яго знаёмых і сяброў, тым вышэйшы ў яго болевы парог — відавочна, дзякуючы тым жа эндарфінам, якіх становіцца тым больш, чым больш актыўна мы маем сацыяльныя зносіны. У далейшым стала зразумела, што справа тут не столькі ў наяўнасці сяброў і не столькі ў актыўнай сумеснай дзейнасці, колькі ў сумесных перажываннях, нават калі гэтыя перажыванні не занадта «пазітыўныя».

Даследчыкі паказвалі ўдзельнікам эксперыменту фільм «Сцюарт: мінулае жыццё» — гісторыю чалавека, які з добрага і клапатлівага хлопчыка вырас у наркамана і інваліда і ў рэшце рэшт кінуўся пад цягнік. У якасці альтэрнатывы гэтай трагічнай гісторыі выступалі два дакументальныя фільмы: адзін — пра лонданскі Музей прыродазнаўства, другі — пра гісторыю старажытнай Ірландыі. Усе стужкі глядзелі кампаніямі, і гледачоў прасілі да і пасля прагляду прайсці псіхалагічны тэст на тое, як яны ставяцца да іншых людзей, з якімі яны толькі што паглядзелі адзін з фільмаў (або з якімі ім цяпер толькі трэба будзе яго паглядзець). Акрамя таго, быў яшчэ і тэст на болевую адчувальнасць: трэба было, абапёршыся спінай аб сцяну, прысесці на нагах так, каб у каленях быў прамы вугал, нібыта чалавек сядзеў на нябачным крэсле. Доўга ў такім стане пратрымацца немагчыма з-за таго, што пачынаюць балець мышцы, аднак, калі ўзровень эндарфінаў у мозгу павышаны, на «нябачным крэсле» можна прасядзець крыху даўжэй.

У артыкуле ў Royal Socіety Open Scіence аўтары пішуць, што пасля прагляду фільма «Сцюарт: мінулае жыццё» ўдзельнікі эксперыменту трывалі боль на 18% даўжэй у параўнанні з тымі, хто глядзеў пра музей і пра Ірландыю. Падобныя вынікі былі і ў псіхалагічным тэсце: пасля драматычнага кіно людзі — паводле ўласных адчуванняў — станавіліся бліжэйшымі адзін аднаму. Збольшага гэта дазваляе растлумачыць, чаму многія, выйшаўшы з кіназалы, пачынаюць абмяркоўваць толькі што ўбачаны фільм (ці спектакль) з абсалютна незнаёмымі людзьмі.

Магчыма, тут сапраўды ўся справа ў эндарфінах, хоць нельга выключаць, што свой уклад уносяць і іншыя «нейрарэчывы», напрыклад, нейрамедыятар аксітацын, які таксама ўмацоўвае сацыяльныя сувязі. З іншага боку, эфект супольнасці і яднання назіраўся не ва ўсіх: траціна тых, хто глядзеў драму пра наркамана і інваліда, пасля прагляду ставіліся да сваіх калег па эксперыменце гэтак жа, як і да яго, а адчувальнасць да болю ў іх не толькі не панізілася, але нават павысілася. Магчыма, ім проста не спадабаўся фільм.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.