Вы тут

Што нам пакінуў Анджэй Вайда?


Больш за сорак фільмаў, створаных за шэсцьдзясят гадоў працы. Смерць знакамітага польскага рэжысёра — гэта сыход тытана. Яго карціны трымаюць сусветны кінематограф, як тыя дванаццаць багоў — неба на сваіх плячах. Сапраўдны класік кіно — творца, мэтр, бог. Усяму свету ён шчыра, прыгожа, метафарычна расказваў пра Польшчу — пра часы вайны, пра Варшаўскае паўстанне супраць гітлераўскіх акупантаў у 1944 годзе, пра антыкамуністычнае Супраціўленне, жыццё рабочага класа, пра расслаенне грамадства напрыканцы стагоддзя. 9 кастрычніка рэжысёр пайшоў з жыцця ва ўзросце дзевяноста гадоў, на наступным тыдні — 19 кастрычніка — у Кракаве адбудзецца пахаванне. Класік сышоў — класіка засталася.


«Польшча была яго страсцю», — сказаў рэжысёр і кіраўнік Саюза польскіх кінематаграфістаў Яцэк Бромскі польскаму тэлебачанню. Заставалася страсцю, калі была залежнай, калі стала самастойнай, калі яе дзялілі, калі яе акупавалі, калі польская нацыянальная самасвядомасць цярпела прыніжэнне і калі ўздымала галаву. Радзіма прысутнічае ў кожным фільме Вайды — як у карцінах кшталту «Катыні», якую зняць аказалася магчымым толькі пасля 1989 года, так і ў экранізацыях рускай прозы — «Сібірская лэдзі Макбет» паводле Мікалая Ляскова, «Бесы» паводле Фёдара Дастаеўскага, «Пілат і іншыя» паводле Міхаіла Булгакава. Фільмы Анджэя Вайды адзначаны ўзнагародамі Канскага, Венецыянскага, Берлінскага кінафестываляў, адзнакамі Брытанскай кінаакадэміі, Сезарам, чатыры разы творы рэжысёра намінаваліся на Оскар у катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове». Апошнюю карціну Вайды «Паслявобразы» польская оскараўская камісія таксама прадставіла на суісканне прэміі.

А пачалося ўсё ў 1954 годзе з фільма «Пакаленне» — першай поўнаметражнай карціны Анджэя Вайды (у якой, дарэчы, зняліся Раман Паланскі і Збігнеў Цыбульскі). Хоць дакладней, канешне ж, усё пачалося з цяжкага, гаротнага, крывавага досведу, які працінае ўсю фільмаграфію рэжысёра. Ён нарадзіўся ў сям'і настаўніцы і ваеннага, што, вядома ж, значыла пераезды, уражанні ад воінскіх рытуалаў і датычнасць да Арміі Краёвай, якой пазней — падчас вайны — Вайда прынясе прысягу. У 1939 годзе бацьку забралі ў палон і расстралялі ў Катыні. «Ён пайшоў на вайну і не вярнуўся. Маці больш не магла заставацца дома і павінна была працаваць, мы сталі работнікамі. З інтэлігентнай сям'і апынуліся ў зусім іншым асяроддзі». Яму было 13 гадоў, калі пачалася вайна, хутка ўжо не было магчымасці вучыцца, заставалася толькі працаваць. «Гэта дапамагло мне зразумець, што значыць фізічная праца, што значыць працаваць кожны дзень, пачынаючы з ранку, і калі ў 50-я гады казалі пра рабочы клас, я адказваў сабе, што «таксама быў чорнарабочым». Тут для мяне не было нічога незразумелага».

Кадр з філь­ма «По­пел і дыя­мент».

Падумаць толькі, але Анджэй Вайда апроч іншага дапамагаў рэстаўраваць храмы — гэта рабілася ў ваенны час! Ужо ў 1946 годзе будучы рэжысёр паступіў у Акадэмію мастацтваў у Кракаве. Напэўна, адсюль у яго фільмах з'явіліся вобразы творчай інтэлігенцыі ва ўмовах вайны. «Яны, нашы прафесары, адважыліся пісаць падчас вайны эцюды, пейзажы і нацюрморты. І гэта было нейкае супраціўленне... гэтай вайне, усяму таму, што несла нацысцкая акупацыя ў Польшчы». Ужо ў карціне «Канал» сярод групы байцоў Арміі Краёвай, што адступае па каналізацыйных каналах падчас паўстання 1944 года ў Варшаве, быў музыкант. У разбураным доме ён іграў на разладжаным піяніна і глядзеў у пустэчу затуманенымі вачыма. Дарэчы, менавіта фільм «Канал» заявіў пра польскага рэжысёра Анджэя Вайду ўсяму свету.

Але гэта было пасля таго, як той вырашыў, што кінамастацтва больш адпавядае патрабаванням і стылю пасляваеннага часу і, не скончыўшы Акадэміі мастацтваў, пайшоў вучыцца ў вышэйшую кінашколу ў Лодзі. «Прафесар Ежы Цяпліца — наш рэктар — прывёз з Парыжа калекцыю авангардных французскіх фільмаў, не савецкага авангарда, не Эйзенштэйна, а менавіта французскага. Я паглядзеў «Механічны балет», «Андалузскага сабаку», «Залаты век», і зноў «Механічны балет». Усе гэтыя фільмы адкрылі мне вочы на зусім іншае кіно. У нас такое кіно не толькі ніколі не стваралася, мы такога нават не бачылі».

Кадр з «Ка­ты­ні».

Разам з Анджэем Мункам, Ежы Кавалевічам, Войцахам Хасам Анджэй Вайда стварыў «новую польскую школу». Карціна «Попел і дыямент», знятая ў 1958 годзе, завяршыла ваенную трылогію і неаспрэчна стала адной з найважнейшых карцін сусветнага кінематографа. Яна ж прадставіла гледачу крыўдны дысананс — паміж трыумфам перамогі, шчасцем канца Другой сусветнай вайны і ўнутранай грамадскай барацьбой у Польшчы. Галоўны герой баец Супраціўлення Мацэк, якога сыграў Збігнеў Цыбульскі, забівае высокапастаўленага камуніста Шчуку — калі той памірае на цёмнай бязлюднай гарадской вуліцы, у горадзе пачынаецца святочны салют. Апошняя сцэна такім жа чынам — іншасказальным — паказала, што Польшча стала, як кажуць, «савецкай» тэрыторыяй. Неверагодна тонкі, прыгожы, трагічны фільм.

Рэжысёр, што адной з найвышэйшых каштоўнасцяў, здаецца, лічыў свабоду, крытык сталінізму, прынцыповы творца і чалавек, актыўны грамадскі дзеяч. У часы цэнзуры ён выказваўся праз тонкія, трапныя, нават выбухныя метафары. «Даволі хутка я зразумеў, што лепш быць незалежным чалавекам, што няпраўда, быццам партыйны творца мае большыя магчымасці, бо партыя дазваляе яму зрабіць фільм і розныя рэчы, якія іншым рабіць быццам нельга — якраз наадварот. Партыя кантралявала сваіх членаў. Звала іх і казала: «Ці ведаеце, ці разумееце, чаму дзейнічаеце такім чынам? Чаму вы не трымаецеся партыйнай лініі?» А мне нельга было такога сказаць, таму што я не трымаўся гэтай лініі. Я быў чалавекам, які здымаў фільмы. Я не далучыўся да партыі не толькі таму, што мой бацька не далучыўся б, што мая маці палічыла б гэта недарэчным, проста ўжо пачынаў мець свой уласны розум».

Вядома, не ўся творчасць Анджэя Вайды аддадзена на палітычную злабадзённасць, хоць чалавеку, які нарадзіўся ў 1920-я гады, было што сказаць — ён здымаў і лірычныя, сатырычна-камедыйныя карціны. Апроч стужкі «Попел і дыямент», што нязменна застаецца ў разнастайных спісах найлепшых фільмаў свету, вядомыя «Чалавек з мармуру» і «Чалавек з жалеза», «Попел», «Пейзаж пасля бітвы», «Дзяўчынка ніхто», «Катынь».

Дакументалізм у адлюстраванні вайны, метафарычная кінамова, бясконцая любоў да сваёй краіны, тонкія назіранні за чалавекам, увесь цяжар ваеннага і пасляваеннага жыцця ў Польшчы, шэраг адкрытых рэжысёрам выдатных акцёраў, герой Збігнева Цыбульскага, што ноччу ў разбураным храме сумняваецца ў сваім шляху, не зважаючы на перавернутае распяцце — тое, што засталося нам ад Анджэя Вайды. І застанецца з намі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Той, хто на экране адлюстроўвае эпоху, сам становіцца эпохай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.