Вы тут

Ці выносіць сваркі з хаты?


За 4 гады работы спецыялісты «гарачай лініі» для пацярпелых ад дамашняга гвалту (8-801-100-8-801) адказалі амаль на 8,5 тысячы званкоў. Сярод абанентаў — жанчыны і мужчыны з розных рэгіёнаў краіны, рознага ўзросту і сацыяльнага статусу. Наколькі запатрабавана работа «гарачай лініі» ў сучасным грамадстве? Хто сядзіць па той бок тэлефоннай трубкі? Як змагацца з дамашнім насіллем? На гэтыя пытанні адказала кіраўніца агульнанацыянальнай «гарачай лініі» для пацярпелых ад дамашняга гвалту грамадскага аб'яднання «Гендарныя перспектывы» Ганна Коршун.


— Існуе меркаванне, што дамашняе насілле найчасцей узнікае ў непаспяховых сем'ях. Праўда гэта ці стэрэатып?

— Адназначна стэрэатып. Дамашняе насілле — праблема латэнтная, вельмі схаваная. Канешне, калі сям'я асацыяльная і знаходзіцца на ўліку ва ўчастковага, то факт гвалту ў такіх сем'ях больш прыкметны. У забяспечанай сям'і, дзе агрэсар займае важны пост у грамадстве, жанчыны вельмі напалоханыя. Агрэсары ўсялякімі метадамі імкнуцца ўздзейнічаць на ахвяру і супрацьстаяць звароту ў органы ўлады. Статыстыка нашай «гарачай лініі» гаворыць пра тое, што 58% агрэсараў маюць алкагольную залежнасць, але ў 79% выпадкаў гвалт адбываецца незалежна ад іх стану. У 25% выпадкаў насілле здзяйсняюць беспрацоўныя, каля 22% — людзі з рабочай прафесіяй, 11% агрэсараў — спецыялісты сярэдняга звяна, 7% — кіраўнікі, службовыя асобы і прадпрымальнікі. Нярэдка жанчыны прызнаюцца, што муж-агрэсар з'яўляецца былым ці дзеючым супрацоўнікам міліцыі або дзяржаўным служачым.

— Ці тэлефануюць на лінію мужчыны?

— У 94% выпадкаў па дапамогу звяртаюцца жанчыны. Астатнія 6% застаюцца за прадстаўнікамі дужага полу. Сярод іх, у асноўным, тэлефануюць пажылыя людзі, якія пакутуюць ад жорсткага абыходжання з боку дзяцей. У рэдкіх выпадках да нас звяртаюцца самі агрэсары-мужчыны, найчасцей гэта мужы або сыны. За ўвесь час работы лініі такіх зваротаў было ўсяго 10. Падчас званкоў гучалі або пагрозы ў адрас спецыялістаў, або апраўданні ў свой бок тыпу «мая жонка сама ва ўсім вінаватая». Некалькі разоў агрэсары ўсё ж прызнавалі ўспышкі гневу са свайго боку і прасілі дапамагчы справіцца з імі.

— Якія цяжкасці ўзнікаюць у супрацоўнікаў лініі падчас работы з ахвярамі гвалту па тэлефоне?

— На лініі працуюць чатыры кансультанты-псіхолагі і адзін юрыст. Наш прынцып: прапанаваць максімальна магчымую кваліфікаваную кансультацыйную (інфармацыйную, сацыяльную, юрыдычную і псіхалагічную) дапамогу па тэлефоне. Праблема ў тым, што мы не маем зваротнай сувязі з ахвярай. Гэта значыць, што спецыяліст не можа адсачыць, да якіх з прапанаваных рэкамендацый прыслухалася дзяўчына, які алгарытм вырашэння праблемы абрала. Канешне, работа ў сістэме «чалавек-чалавек», тым больш у такой далікатнай тэме, пакідае адбітак на эмацыянальным стане спецыялістаў. Яны працуюць з супервізарамі, якія дапамагаюць справіцца з прафесійным выгараннем. Праводзім таксама групавыя трэнінгі і семінары, на якіх сумесна абмяркоўваем найбольш цяжкія выпадкі або атрымліваем дадатковую інфармацыю па праблеме. Цяжкасці ўзнікаюць з фінансавымі выдаткамі на лінію. Гэта і тэхнічнае абслугоўванне нумара, і аплата працы спецыялістаў, і размяшчэнне сацыяльнай рэкламы.

— Што мы можам зрабіць для таго, каб сумеснымі намаганнямі пераадолець праблему хатняга гвалту ў грамадстве?

— Перш-наперш трэба мяняць стаўленне грамадства да гэтай праблемы. Патрэбны закон па супрацьдзеянні хатняму гвалту. Як паказвае практыка, часцяком пацярпелыя не ведаюць пра існаванне ахоўнага прадпісання, паводле якога агрэсара могуць адсяліць на 30 сутак з сумеснага з ахвярай жылля. Аднак і тут ёсць супярэчнасці. Каб норма пачала дзейнічаць, агрэсар павінен быць двойчы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на працягу года. Акрамя гэтага, ахвяра павінна сабраць доказы, якія пацвердзяць факт насілля. Калі з'явіцца асобны закон, жанчыне не давядзецца збіраць доказную базу. Яшчэ кожны паасобку павінен перастаць кіравацца стэрэатыпамі тыпу «Не вынось смецце з хаты», «Б'е — значыць кахае». Нават сёння ў многіх беларускіх сем'ях жорсткае стаўленне да сужэнцаў ці дзяцей з'яўляецца нормай. У цэлым, варта працаваць над павышэннем культуры ўсяго грамадства. А пачаць можна з самага простага — патэлефанаваць на нашу лінію і даведацца больш падрабязна пра алгарытм дзеянняў у сітуацыі гвалту.


Пра што расказвае «гарачая лінія»:

* * *

Жанчына неаднаразова трывала псіхалагічны гвалт ад мужа, а потым здарыўся выпадак фізічнага насілля. Яна адразу звярнулася на «гарачую лінію». Мужчына ў гэтай сітуацыі вельмі даражыў адносінамі, таму ён пачаў працаваць з псіхолагам. Сужэнцы паасобку наведвалі спецыялістаў. Праз некаторы час жанчына ператэлефанавала і сказала, што ўсё наладзілася, цяпер яны чакаюць дзіця. Ужо не звязвалася са спецыялістамі чатыры гады...

* * *

Маладая жанчына судзілася з мужам за дваіх дзяцей. Яна па спецыяльнасці дызайнер. У перыяд непрыемных разбіранняў пачала маляваць, а пазней зладзіла сапраўдную выстаўку карцін. Пачала сябе рэалізоўваць, наладзіла новыя адносіны. У выніку яна прызналася: «Я не верыла, што калі-небудзь зноў здолею быць шчаслівай, але гэта магчыма!»

* * *

Жанчына-пенсіянерка жыла з дарослым сынам у адным доме. Яе муж памёр рана, а маці імкнулася як мага лепш забяспечыць сваіх дзяцей. Прайшлі гады, малодшы сын страціў з матуляй усе сувязі, а старэйшы пачаў прымяняць фізічны гвалт. Яго нервавала прысутнасць маці ў доме. Жанчына днём гатавала ежу, а нанач сыходзіла на вакзал або ў лес. У міліцыю звярнулася толькі тады, калі зразумела, што сын можа яе забіць. У выніку — жанчына звярнулася ў суд, які задаволіў яе іск на ўласнае ўтрыманне, і пачала жыць асобна ад сына.

* * *

Беларуска пазнаёмілася з грэкам, завязаўся раман, яна паехала за мужчынам у Грэцыю і нарадзіла хлопчыка. Але муж стварыў невыносныя ўмовы для жыцця жонкі: пастаянна прыдзіраўся, прыніжаў і зневажаў. Яна адчувала сябе як у турме. У выніку — жанчына ўцякла з краіны. Потым пачаліся клятвы ў каханні і маленні вярнуцца. Яна зацяжарала другім дзіцем, але сітуацыя толькі пагоршылася. Жанчына зноў падманным шляхам з'ехала. Калі ўсё пачало паўтарацца зноў, кабета дала апошні шанц — сям'я зняла кватэру ў Беларусі. У ахвяры хапіла трывання на чатыры дні...

* * *

Ужо каторы год беларуска не можа з'ехаць ад гвалтаўніка з Лівана. Яна жыве там нелегальна па турыстычнай візе, якая даўно скончылася. Пасведчання на права жыхарства муж, зразумела, не дае. Акрамя гэтага, жанчына нарадзіла дзіця. Каб аформіць малому беларускі пашпарт, трэба звярнуцца ў пасольства, а пакуль МЗС нашай краіны не мае права ўмешвацца ў справы іншай дзяржавы.


Агульнанацыянальная «гарачая лінія» для пацярпелых ад дамашняга гвалту: 8 801 100-88-01 (штодзённа з 08.00 да 20.00). Званкі ананімныя, прыватныя і бясплатныя са стацыянарных тэлефонаў. Званок з мабільнага аплачваецца па тарыфах злучэння са стацыянарнай сеткай.

Агульнанацыянальная дзіцячая гарачая лінія: 8 801 100-16-11.

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».