Вы тут

Беларускі Чырвоны Крыж зацвердзіў стратэгію на наступныя пяць гадоў


Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці — рэагаванне на надзвычайныя і крызісныя сітуацыі, медыцынская дапамога, сацыяльная падтрымка і догляд дома, абарона інтарэсаў уразлівых груп, адукацыя і інфармаванне насельніцтва.


— Тыя праекты, якія сёння ажыццяўляюцца, напрыклад, падтрымка людзей з псіхічнымі захворваннямі, сацыяльная адаптацыя былых асуджаных, атрымаюць працяг, — запэўніў генеральны сакратар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Віктар КАЛАБАНАЎ на ХХІІІ з'ездзе арганізацыі.

Ён таксама адзначыў, што мінулая пяцігодка была вельмі паспяховай. Павялічыўся штат сёстраў міласэрнасці (са 122 да 147 ставак), вырасла колькасць валанцёраў (калі ў 2011 годзе іх было 21 тысяча чалавек, то ў 2015-м — 22,7 тысячы). Была створана служба рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, запушчаны новы праект, які папулярызуе здаровы лад жыцця.

Палепшылася фінансавая сітуацыя арганізацыі. За папярэднія пяць гадоў Беларускі Чырвоны Крыж прыцягнуў у краіну 9,6 мільёна долараў. Гэтыя інвестыцыі былі накіраваны на падтрымку найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва. А паступленні бязвыплатнай замежнай дапамогі павялічыліся за гэты перыяд у чатыры разы.

— Дзяржаве выгадна працаваць з грамадскімі арганізацыямі, бо прыцягваюцца дадатковыя і фінансавыя, і чалавечыя рэсурсы, — лічыць намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама і старшыня прэзідыума абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Віктар ЛІСКОВІЧ. — Гэтым самым мы здымаем нагрузку з бюджэту і ў той жа час паляпшаем якасць жыцця людзей, якія маюць патрэбу ў доглядзе.

На з'ездзе выбралі таксама новага генеральнага сакратара таварыства. Ім стала Вольга МЫЧКО, якая раней працавала галоўным урачом бальніцы паліятыўнага догляду «Хоспіс», а цяпер з'яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Стаўка на валанцёраў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.