Вы тут

Інтэлектуальны падлеткавы глянец


Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся круглы стол “Часопіс “Бярозка” у школе. Адукацыйны і выхаваўчы аспекты”.  Мерапрыемства было арганізавана ў рамках рэспубліканскага форуму "Кніга=Свет: сучасны стан і стратэгія развіцця нацыянальнай прасторы чытання". Нягледзячы на сур’ёзнасць назвы, сустрэча была камерная. Святлана Дзянісава як кіраўнік выдання нагадала, што “Бярозка” – старэйшы падлеткавы часопіс Беларусі (існуе з 1924 года), і тым не менш, гэты літаратурна-мастацкі праект на паперы — выданне сучаснае.


Святлана Дзянісава

“Адукацыйна-выхаваўчы і інфармацыйна-забаўляльны інтэрактыўны праект для падлеткаў – так бы нам хацелася называцца, і мы спадзяемся, што так на самай справе ёсць. З 2015 года часопіс існуе ў адноўленым фармаце – як выданне, прызначанае не толькі для падлеткаў-чытачоў, але і для падлеткаў-аўтараў. Гэтая ініцыятыва — стварэнне часопіса вучнямі — была падхоплена ў розных школах Беларусі”.

Безумоўна, “Бярозка” — часопіс для школьнікаў, але ёсць у ім рубрыкі, якія дакладна зацікавяць настаўнікаў і бацькоў. Госці круглага стала – педагогі і студэнты – найперш падзяліліся сваімі поспехамі ў засваенні гэтай друкаванай прасторы, сваім досведам таго, як “Бярозка” дапамагае ў школьным і пазашкольным жыцці.

Іна Віннік

Іна Віннік, настаўнік Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна, аўтар і суаўтар рубрыкі “Школьныя даследаванні”, пачала супрацоўнічаць з “Бярозкай” яшчэ да таго, як выданне аднавілася ў самастойным фармаце, а пасля…

- Мне на пошту прыйшоў прэс-рэліз новай “Бярозкі”, я зрабіла па ім прэзентацыю, з якой прайшлася па школе. Гэта выклікала зацікаўленасць: у класах часопіс пачалі выпісваць. Было асабліва прыемна прыходзіць на замену не ў свой клас і бачыць яго на сталах у калег. Я займаюся са школьнікамі навуковымі даследаваннямі, таму з’явілася думка дзяліцца сваімі працамі з іншымі чытачамі. Калі даследаваннем займаецца старшакласнік, надрукавацца яму, разам з настаўнікам, нават у навуковым часопісе магчыма, а дзе друкавацца падлеткам? Дзе, як не ў “Бярозцы”? Для дзяцей вельмі добры імпульс — бачыць свае тэксты ў часопісе. Я лічу, што “Бярозку” трэба чытаць, каб быць на ўзроўні. “Бярозка” – гэта густ.

Галіна Богдан

Галіна Богдан, настаўнік сярэдняй школы №12 Гродна, аўтар рубрыкі “Сітуацыя плюс”, мае багаты досвед у працы з Бярозкай на ўроках і па-за імі. У падарунак Галіна Анатольеўна прывезла відэаролік пра тое, як сябруюць з выданнем вучні яе школы.

- Бярозка – гэта дадатковы адукацыйны рэсурс, які заўсёды пад рукой, заўсёды розны, нават непрадказальны, а дзеці любяць правакацыі і нечаканасці. З гэтым выданнем можна рабіць, што заўгодна: на класных гадзінах, на ўроках, дома з сям’ёй. Гэта дадатковая магчымасць для самарэалізацыі. Мы збіраемся ладзіць сямейную літаратурную гасцёўню па “Бярозцы”. Для дзяцей “Бярозка” – гэта магчымасць пабачыць сябе на друкаваных старонках. Мне вельмі прыемна, калі ў друк ідуць тэксты, прысвечаныя жыццю нашай школы, — рэпартажы і інтэрв’ю, напісаныя нашымі вучнямі. Выпускнікі школы, зацікаўленыя журналістыкай, выкарыстоўвалі свае публікацыі ў “Бярозцы” нават пры паступленні ў ВНУ за мяжу. І сам часопіс з адной студэнткай паехаў у Польшчу.

Сяргей Грудніцкі і Ганна Варонка

Бадай што самым каштоўным досведам супрацоўніцтва з “Бярозкай” падзяліліся Ганна Варонка і Сяргей Грудніцкі – студэнты 1 курса Інстытута журналістыкі БДУ. Абодва ў старэйшых класах сталі карэспандэнтамі часопіса. Ганна Варонка згадвае:

- У 10-м класе я напісала сваё першае эсэ і даслала яго на раённы конкурс. Нечакана для сябе перамагла, і настаўніца прапанавала мне даслаць тэкст у “Бярозку”. Пра часопіс тады я не ведала нічога. Праз пэўны час да мяне прыйшоў нумар з маёй публікацыяй. Было вельмі прыемна і незвычайна. Я цалкам прачытала яго, мне спадабалася ідэя: цікавыя, разумныя, таленавітыя школьнікі пішуць па-беларуску. Я пісала яшчэ і яшчэ, мяне працягвалі друкаваць. Тады прыйшла думка, што, мабыць, гэтым я і хачу займацца. Цяпер магу сказаць, што “Бярозка” змяніла маё жыццё. Мне шкада, што я не ведала пра яе раней, таму што часопіс робіць вялікую справу: збірае інтэлектуальную, інтэлегентную беларускую моладзь на сваіх старонках. Тут усім хапае месца: і пяцікласніку, які ўпершыню напісаў верш па-беларуску, і старшакласніку, які мае што сказаць. “Бярозка” абавязкова мусіць быць у школах — каб беларуская культура пазнавалася з дзяцінства і праходзіла праз усё жыццё.

У сяброўскай атмасферы знайшлося месца для заўваг і прапаноў. Так, Сяргей Грудніцкі адзначыў, што “Бярозку” вельмі складана знайсці ў продажы ў абласных цэнтрах: “У Гомелі, напрыклад, ёсць толькі дзве крамы, куды трапляе па адным асобніку”. Настаўнікі прапанавалі падумаць над новымі фарматамі конкурсаў не толькі ў часопісе, але і ў інтэрнэце, а таксама – над новымі формамі супрацоўніцтва са школамі і бібліятэкамі.

Кацярына Захарэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».