Вы тут

Дары прыроды: маем больш, чым спажываем


Прыродны патэнцыял, якім валодае наша краіна, значна пераўзыходзіць яго выкарыстанне. З аднаго боку, гэта сведчыць пра багацце нашых дароў прыроды, з іншага — настройвае на больш актыўную нарыхтоўку і эфектыўнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Біяразнастайнасць беларускай флоры і фаўны з'яўляецца істотным рэзервам для эканамічнага развіцця дзяржавы. Акрамя таго, натуральныя айчынныя прадукты здольныя значна палепшыць якасць жыцця беларусаў.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь усё больш настойліва праводзіць палітыку, арыентаваную на павелічэнне спажывання рэсурсаў жывёльнага і расліннага свету, пры абавязковай умове беражлівых адносін да багаццяў нашай прыроды. Аб тым, якія запасы мы маем, як яны выкарыстоўваюцца, разважалі спецыялісты — прадстаўнікі Мінпрыроды, Белкаапсаюза, навукоўцы, практыкі за «круглым сталом», арганізаваным часопісам «Родная прырода».


Карысных раслін і грыбоў у нас мільён тон!

Ірына Сысой

Ірына Сысой, навуковы супрацоўнік сектара кадастру расліннага свету ІЭБ НАН Беларусі:

— Штогод мы даследуем запасы, стан, структуру, карысных раслін, а сумесна з Інстытутам лесу НАН Беларусі — і грыбоў. Вызначаны прагнозныя запасы карысных раслін і грыбоў па ўсёй краіне — амаль мільён тон. Рэкамендаваны аб'ём нарыхтовак — больш за 200 тысяч тон. Аб'ёмы закупак 2015 года сведчаць аб тым, што грыбоў выкарыстоўваецца 5% ад рэкамендаваных аб'ёмаў, ягад — 11 %, лекавых раслін — менш за 1%.

Аналіз дзейнасці нарыхтоўчых арганізацый паказвае, што шмат сыравіны закупляецца за мяжой. Напрыклад, бруснічны ліст у Беларусі нарыхтоўваюць у невялікіх аб'ёмах. А сыравіну можна выкарыстоўваць і на экспарт. Гэта тычыцца і іншых лясных ягад: чарніц, брусніц, журавін балотных. Іх запасы ў нас — велізарныя.

Навукоўцы вывучылі прыродны патэнцыял усіх раёнаў Беларусі, таму нарыхтоўчым арганізацыям лёгка зарыентавацца ў тым, дзе ім найбольш спрыяльна працаваць. Напрыклад, да нас звярнулася «Беласептыка» за парадай на гэты конт. Прадпрыемству было рэкамендавана абраць у фармацэўтычных мэтах Мядзельскі раён. Цяпер там ёсць «Аптэкарскі сад», дзе пасаджаны плантацыі лекавых раслін. Такім чынам, прадпрыемства пакрывае свае выдаткі на імпарт уласнай вытворчасцю. Вырошчваюць тут эхінацэю — тую самую, якую яшчэ нядаўна закуплялі за мяжой. У аптэках з'явіліся беларускія лекі, вырабленыя на яе аснове.

Таксама ёсць магчымасць павялічыць колькасць гатовых прэпаратаў на аснове тых раслін, якія дазволены для выкарыстання ў фармакапеі. Вельмі важна развіць яшчэ адзін не менш перспектыўны напрамак: заняцца тымі відамі, якія пакуль не зацверджаны для фармакапеі. Як, напрыклад, ліст чарніц. Вядома, што параснікі чарніц выкарыстоўваюцца як сродак супраць дыябету. А менавіта чарніцы па сваіх аб'ёмах з'яўляюцца лідарам сярод дзікарослых лекавых раслін.

Каб збіраць,трэба ведаць правілы

Таццяна Жалязнова

Таццяна Жалязнова, кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды:

— Перш за ўсё, варта сказаць аб тым, што грамадзяне маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду і бясплатна збіраць ягады, арэхі, грыбы, лекавыя расліны для ўласных патрэб.

Ірына Стэх-Санкевіч, прэс-сакратар Мінпрыроды:

— Як без шкоды для прыроды збіраць грыбы, ягады, арэхі і іншае, прапісана ў правілах нарыхтоўкі дзікарослых раслін. Напрыклад, грыб збіраецца толькі ручным спосабам шляхам выкручвання або зразаецца нажом ля кораня, не парушаючы грыбніцу. Дарэчы, нельга разграбаць мох у пошуку грыбоў, у прыватнасці, лісічак.

Ягады збіраюцца ў вызначаныя тэрміны, якія ўстанаўліваюцца мясцовымі распарадчымі і выканаўчым органам па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі профільных міністэрстваў. Напрыклад, нельга збіраць ягады брусніцы з утрыманнем недаспелых ягад больш за 1 % ад сабранай масы, а таксама ягады журавін з утрыманнем недаспелых ягад больш за 5 % ад сабранай масы.

Збіранне арэхаў, ягад механічнымі прыстасаваннямі, такімі, як грэбень, савок — забараняецца. Гэта пашкоджвае расліны і ў канчатковым выніку прыводзіць да таго, што ягаднікі драбнеюць, зніжаецца іх ураджайнасць.

Людміла Паўлоўская

Людміла Паўлоўская, начальнік аддзела тэхналогій кансервавання харчовых прадуктаў НПЦ НАН Беларусі па харчаванні:

— Скажыце, якімі спосабамі вы даводзіце гэтую інфармацыю да насельніцтва?

Ірына Стэх-Санкевіч

Ірына Стэх-Санкевіч:

— Гэтая інфармацыя знаходзіцца ў пастаянным доступе на сайце Мінпрыроды. А таксама тыражуецца ў сродках масавай інфармацыі, такім чынам даходзіць да ўсіх жыхароў. Асаблівы інтарэс у насельніцтва выклікаюць тэрміны збору ягад. Пасля таго, як прымаецца рашэнне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі аб пачатку сезона нарыхтовак, насельніцтва апавяшчаецца аб гэтым па радыё, праз мясцовы друк. Прычым у розных рэгіёнах гэтая інфармацыя можа змяняцца па часе, паколькі кліматычныя ўмовы ўплываюць на тэрміны паспявання ляснога ўраджаю.

«Родная прырода»:

— Таццяна Уладзіміраўна, удакладніце, як закон абараняе прыроду? І пра што кажа статыстыка — грамадства становіцца больш свядомым?

Таццяна Жалязнова:

— Ёсць нашы тэрытарыяльныя органы, Дзяржінспекцыя пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яны сочаць за тым, каб не было парушэнняў, выяўляюць браканьераў, прыцягваюць іх да адказнасці згодна з адпаведным заканадаўствам.

Цяпер гэтаму пытанню надаецца больш увагі. Выпадкі затрымання парушальнікаў маюць шырокую агалоску. На мой погляд, грамадства стала больш законапаслухмяным. Хоць, на жаль, не так хутка ў людзей «спее» разуменне таго, што яны шкодзяць не толькі лесу, а наносяць шкоду перш за ўсё сабе. Заўтра яны не знойдуць на тым жа месцы грыбоў, і ўраджай ягад будзе значна бяднейшым.

Сучасныя тэхналогіі на карысць здароўю

«Родная прырода»:

— Як змяніліся тэхналогіі перапрацоўкі дароў прыроды з пункту гледжання карыснасці для арганізма чалавека? Якія з'явіліся навінкі? За кошт чаго пашырыўся асартымент прадукцыі?

Людміла Паўлоўская:

— У апошнія гады наша кансервавая галіна грунтоўна аднавіла абсталяванне — ад старых заводаў мала што засталося. Змяніліся падыходы да самога працэсу кансервавання. Цяпер ніхто бяздумна не выкарыстоўвае высокую тэмпературу там, дзе ў гэтым няма патрэбы. Адпаведна, пры такім падыходзе карысныя рэчывы, якія раней разбураліся з-за тэрмічнай апрацоўкі, цяпер лепш захоўваюцца ў кансервах.

Аксана Скіндар

Аксана Скіндар, начальнік упраўлення нарыхтовак «Белкаапсаюза»:

— Цяпер найбольш запатрабаваны і папулярны метад нарыхтоўкі — замарозка. Мы былі першымі, хто адкрыў лініі шокавай замарозкі. Мы пастаянна пашыраем асартымент і лінейку прадукцыі, асвоілі і шматкампанентныя сумесі, напрыклад, для падрыхтоўкі ўзвараў.

Не бойцеся слова «канцэнтрат»

«Родная прырода»:

— На паліцах нашых крам пераважна прадстаўлены нектары. Не так карысна, як сокі, затое ўсім «па кішэні». Цікава пачуць ад спецыялістаў, што такое адноўлены сок. Меркаванні спажыўцоў аб яго натуральнасці разыходзяцца.

Людміла Паўлоўская:

— Да 2006 года, пакуль нацыянальную базу на сокавую прадукцыю не прывялі ў адпаведнасць з асноўнымі міжнароднымі патрабаваннямі, у нас сокамі лічылася прадукцыя з некаторым утрыманнем цукру і вады. Цяпер тэрмін «сок» азначае, што гэты прадукт не ўтрымлівае ў сваім складзе ніякіх дабавак, у тым ліку ваду і цукар, за выключэннем магчымага дадання не больш за 1,5% цукру для карэкцыі густу прадукту. Сокі выпускаюць як прамога адціскання — непасрэдна здабываючы яго са свежых пладоў, так і адноўленыя — прыгатаваныя ў прамысловых умовах з канцэнтраваных сокаў. Безумоўна, у соку прамога адціскання захоўваецца больш прыродных рэчываў, чым у соку, які прайшоў шматразовую тэрмаапрацоўку. Каб атрымаць сокавы канцэнтрат, з яго выпарваюць ваду. Затым пры вытворчасці адноўленага соку дабаўляюць тую самую ваду ў патрэбнай колькасці ў сокавы канцэнтрат.

Ва ўсім свеце выкарыстоўваецца гэтая тэхналогія, яна спрыяе захаванню якасці соку на працягу пэўнага часу. Дадзены прыём дазваляе ажыццяўляць разліў адноўленых сокаў круглы год і транспартаваць іх на вялікія адлегласці. Так у нас з'явіліся сокі з цытрусавых і экзатычных фруктаў.

Што тычыцца беларускіх сокаў прамога адціскання, у тым ліку і з лясных ягад, гэта вельмі карысныя напоі, але трэба мець на ўвазе, што сыравіна ў нас высокакіслотная з-за прыродных умоў. Адпаведна, да ўжывання сокаў трэба ставіцца асцярожна, з улікам стану свайго здароўя. У прыватнасці, рэкамендуецца піць сок, разведзены вадой, асабліва на пусты страўнік.

У нарыхтоўчыя пункты зарастае сцежка?

«Родная прырода»:

— У нас вялікія запасы грыбоў, але ў гандлі пераважаюць імпартныя кансерваваныя. Хіба ў нас няма сваіх рэцэптаў?

Людміла Паўлоўская:

— Тэхналогій перапрацоўкі і рэцэптур кансерваў з грыбоў у нас дастаткова! Але для добрай загрузкі высокапрадукцыйных ліній неабходна ад 1 да 5 тон падрыхтаванай сыравіны ў гадзіну, у залежнасці ад рэцэптуры. Мяркую, што яе няма ў такім аб'ёме, тым больш, што працэс падрыхтоўкі і збору грыбоў даволі працаёмкі. Тут не пусціш камбайн для збору. Прадпрыемствы самі вырашаюць, калі і ў якім аб'ёме вырабляць тую ці іншую прадукцыю.

Вельмі многія жыхары нашай краіны займаюцца хатняй нарыхтоўкай грыбоў. Хачу яшчэ раз нагадаць, што грыб — складаны прадукт, да яго трэба ставіцца з вялікай асцярогай. Акрамя таго, што неабходна перапрацоўваць толькі ядомыя грыбы, вельмі важна прытрымлівацца рэжыму цеплавой апрацоўку грыбоў і кансерваў з іх. Вядомы выпадкі, калі пасля ўжывання ў ежу хатніх кансерваваных грыбоў людзі атрымлівалі цяжкія атручванні, а то і лятальны зыход... Пры прамысловай перапрацоўцы кансервы з грыбоў стэрылізуюцца пры тэмпературы звыш 120 градусаў, пры залішнім ціску на працягу разлічанага часу, дома такіх умоў практычна няма. Але ёсць альтэрнатыва — сушыць, замарожваць грыбы або выкарыстоўваць рэцэпт нашых бабуль: звараныя грыбы засаліць і трымаць пад гнётам.

«Родная прырода»:

— Няўжо нарыхтоўшчыкі не могуць загрузіць магутнасці ўмоўнага прадпрыемства па кансерваванні грыбоў?

Аксана Скіндар:

— Рэсурс вялікі — збіраюць дрэнна. У гэтым годзе мы закуплялі лісічкі па 7 рублёў за кілаграм, цана белага грыба даходзіла да 10 рублёў. Мяркую, гэта добры кошт, але актыўнасці з боку нарыхтоўшчыкаў сыравіны не было. Нашы людзі ідуць у лес, каб забяспечыць ягадамі і грыбамі сваю сям'ю, магчыма, частка сабранага прадаецца на рынку. Нам трэба прыкладаць намаганні для таго, каб людзі масава здавалі сыравіну ў нашы нарыхтоўчыя пункты. Дарэчы, наша закупачная цана прывабней, чым у Расіі і Украіне. Акрамя «Белкаапсаюза» ў Беларусі яшчэ шэраг арганізацый ажыццяўляе закупку сыравіны ў насельніцтва.

Што беларусу нясмачна, для француза — далікатэс

«Родная прырода»:

— Вырабіць прадукцыю — палова справы, важна, каб яна дайшла да спажыўца як на ўнутраным, так і на знешнім рынках.

Аксана Скіндар:

— Сёння мы закупляем усе грыбы, і вялікая іх частка ідзе на экспарт. Нашы спажыўцы коса глядзяць у бок смаржкоў і страчкоў, а ў Францыі, куды мы экспартуем іх, гэтыя грыбы надта папулярныя. Лісічка — вельмі запатрабаваны грыб у Польшчы, Германіі, краінах Балтыі. Чырвонагаловікі, баравікі, грузды мы рэалізуем больш на ўнутраным рынку. На восеньскіх кірмашах мы прапануем насельніцтву таксама салёна-адварныя грузды. Робім захады, каб зацікавіць людзей нашай прадукцыяй: у гандлёвай сетцы «Родны кут» заўсёды ёсць у продажы замарожаны белы грыб у кантэйнеры. Сёння мы спрабуем дамаўляцца з айчыннымі гандлёвымі сеткамі, але пакуль безвынікова. Але ў Расіі наша прадукцыя добра ідзе, у тым ліку пад гандлёвымі маркамі сетак. Парадокс, але часам расіяне ведаюць наш асартымент лепш, чым мы самі.

У нас усе прадукты эка?

«Родная прырода»:

— Магчыма, айчынную прадукцыю не ўсе ахвотна купляюць, бо ў людзей ёсць радыяцыйная насцярожанасць: не буду есці гомельскі ёгурт...

Аксана Скіндар:

— Як вядома, нашы нормы па ўтрыманні радыенуклідаў значна больш жорсткія, чым у ЕС. Ягады з Гомельскай вобласці экспартуюцца ў Еўропу і адпавядаюць яе стандартам.

«Родная прырода»:

— Зараз у насельніцтва мода на эка-прадукты. На нашым рынку яны прысутнічаюць?

Аксана Скіндар:

— Эка-прадукты — гэта маркетынгавы ход. У нас усе прадукты высокай якасці — такія стандарты. У Беларусі ёсць асабліва экалагічна чыстыя раёны. Сыравіна з гэтых рэгіёнаў цікавіць нават замежныя фармкампаніі. У нас яна ідзе толькі на выраб дзіцячага харчавання.

Лекавыя расліны — толькі з аптэкарскіх садоў

«Родная прырода»:

— На тэрыторыі нашай краіны расце шмат відаў лекавых траў. Што можна сказаць пра іх нарыхтоўку?

Аксана Скіндар:

— Яшчэ не так даўно можна было закупляць у насельніцтва 68 відаў лекавых траў. Аднак цяпер краіна пайшла па шляху стварэння аптэкарскіх садоў. І вось чаму: патрабаванні да лекавых траў вельмі высокія. Ніхто не можа кантраляваць працэс збору сыравіны, сушкі яе ў хатніх умовах. Ва ўмовах аптэкарскага саду ўсе працэсы можна адсачыць.

Ала Дзежамесава

Ала Дзежамесава, кансультант упраўлення арганізацыі вытворчасці і перспектыўнага развіцця Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Беларусі:

— Айчынныя фармацэўтычныя арганізацыі не могуць набываць лекавую сыравіну ў насельніцтва і выкарыстоўваюць у вытворчасці лекавых сродкаў тую лекавую раслінную сыравіну, якая адказвае запатрабаванням фармакапеі Рэспублікі Беларусь. Нарыхтоўка, апрацоўка, стандартызацыя, захаванне лекавай расліннай сыравіны павінна ажыццяўляцца падрыхтаваным персаналам па вызначаных нарматыўнымі дакументамі правілах. Павінен праводзіцца рэгулярны аўдыт пастаўшчыка дадзенай сыравіны. Лекавай расліннай сыравіны, вырашчанай у Рэспубліцы Беларусь, дастаткова для нашых прадпрыемстваў, якія вырабляюць вялікую колькасць лекавых сродкаў расліннага паходжання.

Алена СТЭЛЬМАХ, Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Яўгена Пясецкага

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.