Вы тут

Высокія тэхналогіі павінны быць бясшкоднымі


У Мінску прайшоў XXІ Беларускі энергетычны і экалагічны форум, які пачаўся з Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра», адной з самых буйных у краінах СНД і Балтыі. Выстава з 1995 года прымае вядучых беларускіх і сусветных вытворцаў абсталявання, тэхналогій і матэрыялаў для энергетыкі, экалогіі, электратэхнікі.


У сталіцы Футбольны манеж ператварыўся на некалькі дзён у Мекку апошніх дасягненняў сусветнай энергетыкі. У гэтым годзе свае распрацоўкі і праекты прапаноўвалі энергетыкі і эколагі з 300 арганізацый 14 краін свету (Аўстрыя, Германія, Данія, Італія, Літва, Польшча, Расія, ЗША, Украіна, Чэхія і інш.).

Эфектыўнае выкарыстанне энергіі ў быце, вытворчасці было і застаецца вельмі актуальным. Урэшце, энергабяспека цэлай дзяржавы залежыць ад эфектыўных тэхналогій, якія прапаноўваюць сёння распрацоўшчыкі. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца і экалагічнасці вырабу ў розных яе праявах: уздзеянне на навакольнае асяроддзе, матэрыял, беспека вытворчасці.

Адкрылі форум міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні арганізацыйнага камітэта Уладзімір Патупчык, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Каўхута, старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, намеснік міністра ЖКГ Генадзь Трубіла, дырэктар ЗАТ «Тэхніка і камунікацыі» Рыгор Бондараў.

— Больш за 20 гадоў форум з'яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для вырашэння пытанняў развіцця энергетыкі і экалогіі, павышэння энергаэфектыўнасці, вывучэння сусветнага вопыту, — адзначыў Уладзімір Патупчык. — Мэта форуму — укараненне інавацыйных тэхналогій, умацаванне доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва беларускіх і замежных прадпрыемстваў і кампаній, прыцягненне ў краіну інвестыцый. Энергетыка з'яўляецца адной з прыярытэтных галін народнай гаспадаркі краіны, устойлівая праца якой стабілізуе электразабеспячэнне насельніцтва, эканамічнае развіццё краіны. Урад Беларусі праводзіць мэтанакіраваную палітыку па нарошчванні энергетычнага патэнцыялу краіны. У межах рэалізацыі дзвюх дзяржаўных праграм мадэрнізацыі беларускай энергасістэмы ўведзена ў эксплуатацыю каля 2 тысяч мегават высокаэфектыўных генерыруючых магутнасцяў, значна павышана эфектыўнасць яе працы, зніжаны да 40% фізічны знос. У цэлым зніжана залежнасць Рэспублікі Беларусь ад імпартуючых энергарэсурсаў.

Дзякуючы актыўнай дзяржаўнай палітыцы ў сферы газіфікацыі Беларусь сёння займае вядучыя пазіцыі сярод краін СНД па развіцці газазабеспячэння. За апошнія 20 гадоў у краіне пабудавана ў 4 разы больш газаправодаў, чым было да 1994 года. Інвестыцыі ў гэтай галіне складаюць 200 млн долараў штогод. Дынамічна развіваецца тарфяная прамысловасць. Поўнасцю механізаваны працэс здабывання і перапрацоўкі торфу. Прадпрыемствы пераходзяць на мясцовыя віды паліва.

Адным з найважнейшых нацыянальных праектаў з'яўляецца будаўніцтва АЭС (якая атрымала высокія адзнакі МАГАТЭ) і яе далейшая інтэграцыя ў сістэму энергазабеспячэння.

Андрэй Каўхута адзначыў, што высокія тэхналогіі павінны быць бясшкоднымі, працаваць на карысць паляпшэння агульнага экалагічнага стану:

— У сучасным грамадстве трэба, каб энергія была экалагічнай. Нельга дапусціць, каб выкарыстанне прыродных рэсурсаў прыводзіла да забруджвання навакольнага асяроддзя. На выставе прадэманстраваны новыя распрацоўкі ў галіне экалогіі. Неабходна ўкараняць такія тэхнічныя навінкі ў паўсядзённае жыццё, рацыянальна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы. Форум ставіць мэтай і павелічэнне выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі. Тым самым мы падтрымліваем умацаванне і далейшае развіццё зялёнай энергетыкі і ў цэлым зялёнай эканомікі.

Вольга Пралюк

pralyuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Форум экалогіі і энергетыкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.