Вы тут

Хто і як арганізуе працу валанцёраў па прыбранні смецця


Чысціня і парадак — адзін з нефармальных брэндаў Беларусі. Падтрымліваюць яго не толькі людзі ў аранжавай уніформе, але і валанцёры. Яны выбіраюць самыя складаныя і запушчаныя ўчасткі. Вось і 1-га кастрычніка 70 валанцёраў прыбіралі смецце ў парку «Сярэбраны лог» у мінскім мікрараёне Серабранка. Хто і як арганізуе працу валанцёраў, колькі яны прыбралі смецця па ўсёй краіне і ці ёсць фундатары ў гэтай добрай справы, расказалі арганізатары акцыі «Зробім!» Надзея Дубоўская, Ганна Дапшэвічуце і Хрысціна Чарняўская.


— Колькі за гэты час прайшло акцый па прыбіранні смецця?

Ганна Дапшэвічуце:

— Прыкладна каля 700 прыборак прайшло. Але, на жаль, мы не можам сцвярджаць, што ў Беларусі за гэты час з'явілася 700 чыстых месцаў.

Самае галоўнае для нас, што такія акцыі праходзяць, што людзі разумеюць: без іх дапамогі не абысціся.

Валанцёры, актывісты і арганізатары самі знаходзяць забруджаныя месцы, самі набіраюць каманду, самі вызначаюць, калі і ў які час прыбіраць, і самі ж прыбіраюць. Вось у чым увесь сэнс. І калі такое мае месца, значыць, у свядомасці людзей адбыліся пазітыўныя змены.

— Чаму, на ваш погляд, бывае брудна каля вадаёмаў, у лясах? Не хапае кантэйнераў для смецця або бескультур'е людзей таму віной?

Хрысціна Чарняўская:

— Ёсць некалькі фактараў. Першы — гэта нізкая культура адносін да прыроды і невысокая культура адпачынку людзей. Нам здаецца, што людзі не думаюць аб тым, што некаторыя віды смецця «перажывуць» некалькі пакаленняў.

Другі фактар — недастаткова развітая інфраструктура. Часта каля вадаёмаў або ў іншых месцах адпачынку не хапае скрыняў, куды людзям было б зручна выкінуць смецце, а забіраць яго з сабой мала хто хоча. Заўважу, што акцыя «Зробім!» вельмі добра дапамагла выявіць гэтыя асноўныя праблемы. Дзяржаўныя органы, якія адказваюць за чысціню навакольнага асяроддзя, пачынаюць больш актыўна працаваць у гэтым накірунку, разумеюць, дзе і колькі смеццевых кантэйнераў неабходна ўстанавіць.

— Раскажыце аб валанцёрах — каардынатарах прыборак, бо на вашым сайце яны прадстаўлены вельмі сціпла — толькі імя.

Надзея Дубоўская:

— Наша вялікая мара, каб у кожнай вобласці і кожным горадзе быў каардынатар акцыі — чалавек, да якога мясцовым валанцёрам было б прасцей звяртацца па пытаннях удзелу ў акцыі. У многіх гарадах такія людзі ўжо ёсць. Аргкамітэт заўсёды імкнецца падтрымліваць каардынатараў у зносінах з дзяржаўнымі органамі і СМІ, дапамагае промаматэрыяламі. Калі казаць пра «партрэт» нашых валанцёраў, то гэта вельмі розныя людзі: актыўныя мясцовыя жыхары, прадстаўнікі грамадскіх ініцыятыў або арганізацый. Напрыклад, прыборкі ў Брэсце курыруе Рыгор Цярэнцьеў, член аб'яднання «Час Зямлі», якое круглы год праводзіць шмат экалагічных акцый у сваім горадзе. Акцыю «Зробім!» яны ладзілі разам з Брэсцкім смеццеперапрацоўчым заводам — гэта вельмі добрае супрацоўніцтва, таму што адразу ж вырашаецца пытанне па вывазе і перапрацоўцы сабранага смецця. У Астраўцы гаспадар аграсядзібы «Хутар Камарышкі» Аляксандр Дарашэвіч займаецца з мясцовымі школьнікамі, знаёміць іх з асновамі экалагічнай культуры. У дзень акцыі дзеці ўдзельнічаюць у прыборках, а потым іх чакае забаўляльная праграма: цікавыя лекцыі, стральба з лука, гарбата з салодкімі пачастункамі. У Баранавічах мясцовую моладзь гуртуе Уладзімір Зуеў з аб'яднання «Неруш». Пра ўсіх нашых удзельнікаў можна дакладна сказаць: яны малайцы!

— Усе ўдзельнікі прыборкі «Сярэбранага логу» былі забяспечаны інвентаром, мусіць, ініцыятыва мае добрых фундатараў?

Хрысціна Чарняўская:

— Аргкамітэт акцыі імкнецца падтрымаць мясцовых арганізатараў і валанцёраў усім неабходным: пакетамі і пальчаткамі, кантактамі ўстаноў, якія потым дапамогуць з вывазам смецця. І калі знайсці неабходныя кантакты і дамовіцца з вывазам смецця, урэшце, не так складана, то набыць тысячы пакетаў і пальчатак раней было дорага. Але ў гэтым годзе нам пашанцавала з партнёрам — пляцоўкай аб'яваў «Куфар». Яны не толькі дапамагаюць з закупкай інвентара, але і ладзяць цікавыя мерапрыемствы для ўдзельнікаў, а таксама праводзяць свае карпаратыўныя прыборкі. Напрыклад, вясной «Куфар» прыбраў бераг ракі Мышка ў мінскім раёне Брылевічы. А на восеньскай прыборцы яны ўзнагародзілі ўсіх удзельнікаў самай масавай прыборкі ў Беларусі спецыяльнымі прызамі. І зноў правялі сваю карпаратыўную прыборку, на гэты раз у лясным масіве каля аўтарынку Малінаўка. У другі раз акцыю падтрымала кампанія «Uber». Вясной нам удалося арганізаваць невялікі прэс-тур для зацікаўленых журналістаў па мясцінах, дзе прайшлі масавыя прыборкі. Кіраўнікі «Uber» бясплатна вазілі вашых калег па сталіцы. Яны ж бясплатна дапамагалі дабрацца валанцёрам да месца прыборкі. Таксама сваю дапамогу прапанавала кампанія «Remondіs», якой мы вельмі ўдзячны. Дапамагаюць і некаторыя раённыя філіялы «Мінскзеленбуд» — з вывазам смецця пасля прыборак. Але натуральна, што нам хацелася б большай актыўнасці ад бізнесу і профільных устаноў — і мы працуем над гэтым.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Акцыя ў «сярэбраным лозе»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.