Вы тут

Як спартсменка з Брэста скарыла нябёсы над Амерыкай


Нядаўна наша зборная вярнулася з чэмпіянату свету па парашутным спорце Mondіal 2016, гэты старт, як алімпійскія гульні, праходзіць толькі адзін раз у 4 гады і з'яўляецца самым прэстыжным у гэтым відзе спорту. На рахунку жаночай каманды дзевяць узнагарод, медаль вышэйшай пробы ў нябёсах над ЗША выйграла капітан нашай дружыны Наталля Нікіцюк.


Усмешлівая, мініяцюрная і неверагодна ветлівая Наталля ў спорце ўжо 32 гады, свой першы скачок з парашутам здзейсніла ў 14 гадоў і пасля гэтага ўжо не ўяўляла, што можа займацца чымсьці іншым. Сёння на яе рахунку больш за 10 тысяч скачкоў і медалі розных вартасцяў самых прэстыжных сусветных турніраў. Акрамя гэтага, Наталля добрая жонка і маці.

Магло быць лепш

Сёлетні чэмпіянат свету праходзіў у ЗША, там нашы спартсмены яшчэ не выступалі, гэты факт дадаваў камандзе хвалявання. Спаборніцтвы доўжыліся два тыдні, а вось на акліматызацыю ў спартсменаў было толькі пару дзён.

— Пасля прыезду агледзелі пляцоўку, умовы, даведаліся пра надвор'е і настроіліся на працу. Галоўнай перашкодай для нас на гэтым чэмпіянаце была розніца ў часавых паясах. Калі людзі там хочуць працаваць, то мы хочам спаць, — расказвае Наталля.

Капітан жаночай зборнай адзначае, што кожны год перад камандай стаяць сур'ёзныя задачы, таму што беларусы ўжо звыклыя лідары найбуйнейшых турніраў. Выступленне каманды ў ЗША магло быць і лепшым, бо да гэтага на чэмпіянаце Еўропы і на чэмпіянаце свету сярод ваенных наша жаночая зборная была першай. Што тычыцца асабіста Наталлі Нікіцюк, то ў дысцыпліне «дакладнасць прызямлення», у якой яна стала найлепшай у ЗША, раней у яе не было залатых узнагарод.

— Гэта мая любімая катэгорыя ў класічным парашутызме. Мы скачам з вышыні тысяча метраў і прызямляемся на мат дыяметрам 5 метраў, унутры яго знаходзіцца датчык (16 см), а пасярод намаляваны кружочак (2 см) — вось у яго і неабходна патрапіць. Для гэтага ў нас ёсць спецыяльны абутак з завостранай пяткай.

На найбуйнейшых спаборніцтвах звычайна прадстаўлена яшчэ купальная і групавая акрабатыка. Разам са спартсменамі скача відэааператар, які таксама член каманды. На зямлі зняты матэрыял перадаецца суддзям, і яны вызначаюць пераможцу.

Сярод лідараў у жаночым парашутным спорце сёння Расія, Кітай і наша краіна. У мужчын — Расія, Беларусь, Кітай, Чэхія, Германія і Францыя.

Паспрабаваць неба на смак

Звычайна ў гэты спорт прыходзяць у 15—18 гадоў, але Наталля вырашыла звязаць сваё жыццё з палётам яшчэ раней — у 14.

— Мой бацька лётаў на самалётах, і ў яго была мара, каб хтосьці з дзяцей працягнуў гэтую справу, а потым у наш час усе ж марылі быць лётчыкамі або касманаўтамі, гэта таксама адыграла ролю. Хацелася паспрабаваць неба на смак. Чатыры месяцы мы рыхтаваліся ў аэраклубе: тэарэтычныя, практычныя, наземныя заняткі. Вучылі там нас добра і вельмі строга. У мяне атрымлівацца стала адразу, я і не думала, што магу займацца чымсьці іншым, здавалася, што гэта на ўсё жыццё. У прынцыпе так яно і выйшла.

Першы скачок памятаюць абсалютна ўсе парашутысты, Наталля ў гэтым сэнсе не выключэнне.

— Страх быў, як і ва ўсіх перад чымсьці нязведаным. Калі прыйшоў момант, каб зрабіць адзіны крок за борт, ногі падкасіліся і аказалася, што да дзвярэй падысці цяжка. Інструктар гэта бачыў, таму проста ўзяў і дапамог мне пакінуць лятальны апарат. Ніякіх думак праляцець за гэты час не паспела, я заплюшчыла вочы і адкрыла іх, калі была ўжо пад парашутам. Ляцела, глядзела па баках, усё было вельмі цікава. Першае адчуванне было такое: аааа, я птушка, я лячу, праўда, не ўверх, а ўніз. Гэта адчуванне немагчыма перадаць. А потым я проста бухнулася аб зямлю. Да прызямлення таксама трэба рыхтавацца. Мы вучыліся сустракаць зямлю, але калі ты ляціш першы раз, то не можаш ацаніць адлегласць. Я не магла зразумець, калі гэтая зямля ўжо наблізіцца да мяне, і ўсё чакала, чакала. Калі апынулася на зямлі, зразумела — ну вось, усё скончылася. Было такое расчараванне, што ўсё так хутка адбылося.

У аблоках ад світанку да захаду

Парашутысты скачуць у любы час года, нават узімку. Іх працы можа перашкодзіць толькі нізкая воблачнасць, моцны вецер, снег, дождж, град і навальніца.

— Бывае, што падчас палёту рэзка змяняецца надвор'е і трапляеш у моцны парыў ветру, тады прызямляешся недзе ў палях. Але гэта здараецца рэдка, за надвор'ем мы сочым пільна, таму што ад яго залежыць наша бяспека.

На зборах перад адказнымі стартамі за дзень спартсмен робіць да 12 скачкоў. Спаборніцтвы праходзяць ад усходу да світанку, таму парашутыстам важна скакаць як мага больш, каб быць гатовымі да любых умоў.

— Вядома, сёння ў нас ёсць праблемы з арганізацыяй скачкоў, таму вельмі складана ўтрымацца ў лідарах парашутнага спорту. Робім гэта толькі за кошт асабістых якасцяў кожнага асобнага спартсмена. Нашы паршутысты, можна сказаць, проста героі, яны маюць значна менш магчымасцяў у трэніровачным працэсе, чым спартсмены з іншых краін, а змагаюцца на роўных.

Прагрэс не стаіць на месцы, парашуты пастаянна ўдасканальваюцца, але, як і ва ўсякім відзе спорту, ніхто тут не застрахаваны ад траўмаў.

— Самае небяспечнае — прызямленне на хуткасных парашутах. Трэба быць заўсёды вельмі сканцэнтраваным, таму што любое адцягненне можа скончыцца траўмай, пачынаючы ад вывіху, заканчваючы самымі сумнымі наступствамі.

Палёт парашутыста доўжыцца прыкладна 20—30 секунд, хуткасць складае 210—230 метраў у секунду. Нягледзячы на тое, што з вышынёй звязана ўсё яе жыццё, Наталля прызнаецца, што, як і ўсім людзям, ёй уласцівы страх, напрыклад, перад палётам на звычайным пасажырскім самалёце.

«Дзяцей я выгадавала на аэрадроме»

Як правіла, прафесійныя парашутысты служаць у арміі ці займаюцца аматарскім спортам. Наталля служыць, а дакладней працуе ў Спартыўным камітэце Узброеных Сіл.

— Мая праца — гэта трэніравацца і прывозіць медалі са спаборніцтваў. А што тычыцца сумяшчэння спорту з сям'ёй, то, вядома, ёсць некаторыя складанасці, у асноўным звязаныя з маленькімі дзецьмі. Але я сваіх, напрыклад, выгадавала на аэрадроме, і многія так робяць. Дзіцяці свежае паветра карысна, да таго ж яно заўсёды побач з мамай. Я лічу, што і аднаўленне пасля родаў у нас праходзіць значна лягчэй і хутчэй. Ёсць пастаянны стымул, фізічная нагрузка, свежае паветра ізноў жа.

Муж Наталлі з парашутам ніколі не скакаў, а вось сын вырашыў працягнуць справу, пачатаую яшчэ дзедам.

— Антон таксама быў у ЗША, выступаў сярод юніёраў і зрабіў гэта даволі паспяхова — тры медалі. Маленькім ён заўсёды ездзіў са мной на зборы, а потым, калі падрос, сам пачаў скакаць. Дачка пайшла па іншай сцежцы. Калі з'явілася сям'я, муж намякаў, каб я завязала са спортам, але ж гэта справа ўсяго майго жыцця, маё задавальненне. Калі я пачала прывозіць медалі, размовы на гэтую тэму скончыліся.

Наталля адзначае, што каб пачаць займацца парашутным спортам, неабавязкова валодаць звышздольнасцямі. Патрэбна добрая каардынацыя і развіты вестыбюлярны апарат.

— Калі хтосьці сумняваецца, але вельмі хоча скокнуць з парашутам, то я адназначна раю паспрабаваць. Набрацца мужнасці, пераадолець сябе і думаць толькі пра добрае. Пачуццё палёту не параўнаць ні з чым. Ёсць людзі, якія страшна баяцца, я бачыла такіх. Прызямліўся, усё кінуў і проста моўчкі пайшоў. Гэта стрэс, ніводнай станоўчай эмоцыі, з такім настроем лепш не скакаць. Але пазітыўных, вядома, больш, людзі прызямляюцца, пачынаюць вішчаць, крычаць, скакаць, танцаваць, насіць на руках адзін аднаго.

Дар'я ЛАБАЖЭВIЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Неба. Парашут. Жанчына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.