Вы тут

Надзвычай суровых маразоў не чакаецца


Амаль увесь апошнi тыдзень у сецiве i на старонках асобных СМI распаўсюджвалiся чуткi аб тым, што будучая зiма стане для жыхароў еўрапейскай Расii i яе найблiжэйшых суседзяў на захадзе сапраўды лютай. Можна сустрэць меркаванне, што нас чакаюць такiя моцныя маразы, якiх не было ў рэгiёне апошнiя 100 гадоў. Карэспандэнт «Звязды» вырашыў высветлiць, адкуль узялася падобная iнфармацыя i чаго нам сапраўды чакаць у гэты ацяпляльны сезон.


Расіян замарозiць, а еўрапейцаў замяце?

Паведамленне аб тым, што «Расiя, Беларусь, Украiна i ўся Усходняя Еўропа гэтай зiмой патрапяць пад дзеянне арктычнага холаду, а Вялiкабрытанiю i Скандынавiю замятуць снежныя штормы» з'явiлася на сайце адной буйной рускамоўнай газеты са спасылкамi на амерыканскiх метэаролагаў. Аднак беларускiя спецыялiсты гэтай зiмой нiякiх экстрэмальных халадоў не чакаюць, паведамiла нашаму выданню галоўны сiноптык службы гiдраметэаралагiчных прагнозаў Рэспублiканскага цэнтра па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды Святлана Рыбакова.

Айчынныя спецыялiсты яшчэ не падрыхтавалi дакладны прагноз (ён будзе гатовы прыкладна ў апошнюю дэкаду лiстапада) на будучую зiму. Паводле слоў Святланы Рыбаковай, i гэта зiма хутчэй за ўсё будзе звычайнай, нават крыху мяккай. Разам з тым не выключаецца, што ў студзенi могуць быць i даволi працяглыя перыяды з сур'ёзнымi маразамi да мiнус 20 градусаў цi нават да мiнус 25. Такiя маразы на тэрыторыi Беларусi нiколi не лiчылiся нечым анамальным.

Рыхтавацца, але не панікаваць

Кiраўнiк расiйскага Гiдраметцэнтра Раман Вiльфанд катэгарычна абверг чуткi пра самую суровую зiму ў нашым рэгiёне за апошняе стагоддзе.

«Мабыць, такiя высновы былi зроблены аматарамi ад надвор'я пад уражаннем халоднага кастрычнiка пасля вельмi цёплага верасня. А ў першым месяцы восенi тэмпература паветра на еўрапейскай частцы Расii была ажно на 4-5 градусаў вышэй за клiматычную норму, што бывае вельмi рэдка. Супрацоўнiкi Гiдраметцэнтра, i я ў тым лiку, не стамляемся паўтараць, што доўгатэрмiновыя прагнозы надвор'я на сезон з вялiкай дакладнасцю рабiць немагчыма», — заявiў Вiльфанд.

Расiйскiя сiноптыкi прагназуюць, што сярэдняя тэмпература сезона зiмы 2016—2017 гадоў будзе адпаведнай клiматычнай норме, цi нават крыху вышэй за яе. Разам з тым, у параўнаннi з зiмой 2015—2016 гадоў расiян чакаюць марозныя дзянькi, ад якiх яны ўжо адвыклi. Прыкладна такой танальнасцi прагноз распаўсюджваецца i на тэрыторыю Беларусi.

Цеплавая анамалiя 16 месяцаў запар

У сваiм паведамленнi Раман Вiльфанд адзначыў, што сур'ёзна казаць пра нейкае надзвычайнае пахаладанне ў перыяд глабальнага пацяплення было б неразумна. А пацяпленне i сапраўды працягваецца i нават набiрае абароты. Упершыню за ўвесь час iнструментальных назiранняў на працягу 16 месяцаў у свеце трымаецца анамальна цёплае надвор'е, калi кожны месяц гэтага перыяду б'юцца колiшнiя рэкорды па тэмпературы. Навукоўцы ўпэўнены, што гэта звязана з парнiковым эфектам i дзейнасцю чалавека.

Паводле iнфармацыi сiноптыкаў, 2015 год у Паўночным паўшар'i Зямлi ўжо цяпер можна назваць самым гарачым за ўсю гiсторыю назiранняў за клiматычнымi зменамi. Як гаворыцца ў новым дакладзе ААН аб стыхiйных бедствах, прыродныя катаклiзмы ў апошнiя 10 гадоў адбывалiся практычна штодня — прыкладна ў 2 разы часцей, чым 20 гадоў таму. Вельмi моцнае пацяпленне звязана з развiццём такой прыроднай з'явы, як Эль-Нiньё (ваганне тэмпературы паверхневага пласта вады ў экватарыяльнай частцы Цiхага акiяна, якое мае прыкметны ўплыў на клiмат). А павелiчэнне колькасцi небяспечных з'яў непасрэдна звязана з глабальным пацяпленнем. I калi не будзе зроблена нiякiх дзеянняў, то да сярэдзiны XXI стагоддзя iх колькасць можа вырасцi ў 4 разы ў параўнаннi з мiнулым стагоддзем.

Суцэльная галалёдзiца?

Пакуль нашы сiноптыкi толькi прыглядаюцца да будучай зiмы, iх расiйскiя калегi ўжо цяпер пужаюць сваiх аўтамабiлiстаў беларускiмi слiзкiмi дарогамi ў снежнi. На iх погляд, «тэрытарыяльна Беларусь невялiкая, таму надвор'е зiмой у населеных пунктах тут не моцна адрознiваецца. У апошнi месяц года Мiнск, Брэст, Гомель i iншыя буйныя гарады Беларусi пацерпяць больш ад галалёдзiцы, чым ад маразоў. Падталы ўдзень, пры тэмпературы вышэй плюс 1 градуса, снег стане падмярзаць уначы, i на дарогах будзе даволi няўтульна. Увогуле, Новы год беларусы могуць сустрэць не са снегам, а з дажджом».

Аб тым, што першы месяц зiмы на тэрыторыi Беларусi звычайна бывае мяккiм, расказвае i начальнiк службы гiдраметэаралагiчных прагнозаў Рэспублiканскага цэнтра па гiдраметэаралогii, кантролi радыеактыўнага забруджвання i манiторынгу навакольнага асяроддзя Мiнпрыроды Беларусi Дзмiтрый Рабаў. Тэмпературная норма снежня складае мiнус 2 — мiнус 5 градусаў, але ў апошнiя гады стабiльных халадоў на старце зiмы ў нас практычна i не было.

Рэальную марозную зiму ў Беларусi сiноптыкi чакаюць менавiта ў студзенi, калi перыяды сур'ёзнага холаду (каля мiнус 20 градусаў) дасягаюць двух тыдняў. Клiматычная норма студзеня па тэмпературы складае ад мiнус 4,5 градуса на паўднёвым захадзе да мiнус 8 градусаў на паўночным усходзе. Амаль заўсёды абяцаюць нам айчынныя спецыялiсты добрыя маразы i ў першую палову лютага. Пакуль у гэтым месяцы не чакаецца iстотнага пацяплення i прагназуецца шмат снегу. У апошнi месяц зiмы клiматычная норма тэмпературы складае ад мiнус 3,5 градуса на паўднёвым захадзе да мiнус 8 градусаў на паўночным усходзе.

Што мы маем у вынiку? Айчынныя спецыялiсты кажуць, што калi ў нас i сапраўды будзе нармальная зiма (з блiзкiмi да клiматычнай нормы тэмпературамi), то па факце мы атрымаем больш сонечных i марозных дзянькоў, што лепш шэрасцi i хлюпоты. Адзiны мiнус такога надвор'я тычыцца павелiчэння выдаткаў за жыллёва-камунальныя паслугi. Так, у добрыя маразы за нармальнае ацяпленне прыйдзецца заплацiць больш.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zviаzdа.bу

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.