Вы тут

Вікторыя Ладуцька: “І прыгажосць, і натхненне ва ўмелых жанчыны руках”


Сёлета Гомельскаму раёну спаўняецца 90 год! Напярэдадні юбілею мы завіталі ў госці да Вікторыі Ладуцька, старшыні раённага аб'яднання прафсаюзаў і старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. “Алеся” даведалася, чым сёння жыве буйны аграрны рэгіён, якія клопаты турбуюць мясцовых жанчын і як ідзе падрыхтоўка да юбілею.


-  Яшчэ вясной у нас пачаўся фестываль-эстафета «Гомельскі раён: 90 гадоў памяці, міру, дабра і стварэння». Да снежня плануецца, што мерапрыемства ахопіць усе нашы сельсаветы. У праграме – гістарычныя замалёўкі, канцэрты мастацкай самадзейнасці, выставы твораў народных умельцаў, выставы-прэзентацыі прадукцыі прадпрыемстваў, а таксама дзіцячыя атракцыёны. Пярвічкі БСЖ прадстаўляюць на гэтым фестывалі вырабы хэнд-мэйд пад дэвізам “І прыгажосць, і натхненне ва ўмелых жанчыны руках”.

Наша раённая жаночая арганізацыя не застаецца ў баку і ад іншага важнага для нас юбілею – 25-годдзя ГА “Беларускі саюз жанчын”.  Сумесна з Гомельскім гісторыка-краязнаўчым музеем і раённай газетай «Маяк» з 1 чэрвеня па 1 кастрычнiка мы праводзім конкурс «Гісторыя Гомельскага раёна ў жаночых партрэтах». Запрашаем да актыўнага ўдзелу ўсе нашы пярвічкі. Лепшыя творчыя нарысы з’явяцца на старонках “раёнкі”, а таксама зоймуць ганаровае месца на тэматычнай выставе, прысвечанай Дню маці.

Значнай падзеяй для нашай краіны сталі выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Жанчыны з вашых аб’яднанняў далучыліся да гэтай кампаніі?

- Так. Сёння Гомельскі раённы жансавет сабраў пад сваім крылом 23 пярвічкі, у якія ўваходзяць 206 актыўных і неабыякавых жанчын. Амаль кожная з іх прымала ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі. Амаль 78% жанчын з’яўляюцца членамі  участковых выбарчых камісій, 43 (з 49!) узначалілі таксама жанчыны,  а таксама выступілі ў ролі назіральнікаў. Мы, жанчыны, заўсёды падтрымліваем намаганні, скіраваныя на стабільнасць і дабрабыт Беларусі.

- Вікторыя Аляксандраўна, які праект вашай арганізаціі сёння патрабуе найбольш увагі?

- Акцыя “Вяртанне сэрцаў”. Наша жаночае аб’яднанне разам з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі рыхтуецца да гэтай акцыі ўжо не адзін тыдзень. Задача складаная: дапамагчы бацькам, што пазбаўлены бацькоўскіх правоў, знайсці паразуменне і кантакт са сваімі дзецьмі, якія ў выніку вымушаны выхоўвацца ў інтэрнатных установах ці замяшчальных сем'ях. Правядзенне такой акцыі - праца клопатная, крапатлівая. Але, калі мы зможам аказаць дапамогу нават адной сям'і - гэта ўжо вынік.

Па сваёй прыродзе жанчыны проста не могуць заставацца ў баку ад бедаў і праблем дзяцей. Летась мы прынялі актыўны ўдзел у абласным праекце «Ад чыстага сэрца»: сабралі навагоднія падарункі для дзяцей-інвалідаў раёна. Пярвічка Бальшавіцкага сельскага выканкома зладзіла акцыю «Новы год - пара чараўніцтва!», падчас якой наведалі дзяцей з цяжкімі захворваннямі, уручылі ім падарункі, а таксама адрасавалі творчыя віншаванні . Вельмі важна, што да такіх дабрачынных спраў далучаюцца па ініцыятыве саветаў жанчын мясцовыя ўлады, прадпрыемствы і ўстановы.

- Жанчыны вашага раёна актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года».

-  Сучасная жанчына павінна быць гаспадыняй свайго лёсу, сваёй сям'і, сваёй зямлі. А аб’явіць пра гэта ўсім яна можа менавіта праз удзел у рэспубліканскім конкурсе. На працягу трох апошніх гадоў мае зямлячкі дадому без узнагарод не вярталіся. Нашы жанчыны не шукаюць лёгкіх шляхоў і не чакаюць падарункаў лёсу, яны самі ствараюць свой дабрабыт і для многіх становяцца прыкладам для пераймання.

- Гомельскі раён – аграрны, зразумела, што большасць жанчын працуюць у сельскагаспадарчай галіне.

- Так, сельскія працаўніцы складаюць аснову нашых пярвічак. Таму значная ўвага ў рабоце надаецца паляпшэнню ўмоў працы і побыту сяльчанак. Жанчыны-актывісткі ствараюць і робяць утульнымі пакоі адпачынку на працоўных месцах, упрыгожваюць вытворчыя тэрыторыі зелянінай і кветкамі.

Адзначу, што зараз у калектыўных дагаворах прафсаюзных камітэтаў з адміністрацыямі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў з’явіўся раздзел «Ільготы і гарантыі жанчынам», які дазваляе адстойваць інтарэсы працаўніц у калектыве. Напрыклад, на птушкафабрыцы «Рассвет», дзе большая частка працоўных - жанчыны (53 %), кіраўніцтва заўсёды з вялікай увагай ставіцца  да іх просьбаў, праблем, імкнецца аказаць як маральную, так і матэрыяльную дапамогу. Ды і ў калектыўным дагаворы прадпрыемства прадугледжаны шэраг дадатковых сацыяльных ільгот: грашовыя выплаты пры нараджэнні дзіцяці, дадатковы выходны дзень для маці, якія павядуць дзяцей у школу ў дзень ведаў і г. д.

- Вы помніце дзень, калі ўзначалілі Гомельскую раённую арганізацыю БСЖ? Ці шмат з таго часу ўдалося дасягнуць?

- Гэта было шэсць гадоў таму. Агульнымі намаганнямі жанчын раёна зроблена нямала. Я павінна была захаваць традыцыі і далей развіваць сацыяльна-значную дзейнасць жансавета. Скажу, можа, нясціпла, але лічу, што ў мяне ўсё атрымалася. Канешне, без патрымкі каляжанак не абышлося. У нашым раёне згуртаваная каманда жанчын - членаў праўлення раённай БСЖ, мы заўсёды калегіяльна вырашаем найбольш важныя пытанні, падтрымліваем творчыя і дабрачынныя пачынанні адзін аднаго. Добрай традыцыяй сталі нашы жаночыя “вячоркі”, дзе мы ў нефармальнай абстаноўцы абмяркоўваем надзённыя клопаты і справы, абменьваемся вопытам.

На маю думку, праца любой грамадскай арганізацыі не будзе плённай, калі яе не падрымае мясцовае кіраўніцтва. Нам пашанцавала: Тамара Прымак - старшыня раённага Савета дэпутатаў, - ніколі не адказвае нам у дапамозе.

- Вы маеце столькі грамадскіх даручэнняў – як удаецца ўсё сумясціць, адкуль бяруцца энергія і сілы?

-  Галоўнае, лічу,  любіць справу, якой займаешся. І кожны дзень ісці на працу з радасцю. Калі я дапамагаю вырашыць хоць адну праблему людзям, што да мяне звяртаюцца, разумею, што жыццё праходзіць не дарэмна. А паколькі я жанчына актыўная, то ў мяне ў руках усе “гарыць”! Пры любой доўгай адсутнасці дома напярэдадні абавязкова прыбяруся ў хаце, нагатую ежы, каб родныя не адчулі ніякіх нязручнасцяў. Я вельмі ўдзячна маім родным за патрымку і разуменне.

- Разумею, што вольнага часу ў вас няшмат, але ўсё ж як вы ім карыстаецеся?

- Збіраемся разам з сям’ёй і абмяркоўваем цікавыя кнігі і фільмы, любім сумесна разгадваць сканворды і крыжаванкі. Пра актыўны адпачынак таксама не забываем. Любім катацца на веласіпедах. Пакуль стаяць прыгожыя асеннія дзянькі, на выхадныя мы з сынам адпраўляемся ў міні-падарожжы па ваколіцах, дзе знаёмімся з цікавосткамі нашага краю. 

Хрысціна ХІЛЬКО

Фота з рабочага архіва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».