Вы тут

Васiль Ткачоў. Пах антонавак


Iван Мiхайлавiч кожную восень купляў на рынку антонаўкi. Паважаў ён, канешне ж, i многiя iншыя сарты яблыкаў, аднак перавагу ўсё ж аддаваў гэтаму. Прыносiў антонаўкi дадому i беражлiва, акуратна — каб, чаго добрага, не пакiнуць адмецiну на пладах, бо так менш захоўвацца будуць — выкладваў iх у пакойчыку на шырокiм падаконнiку. Праз колькi часу пакойчык поўнiўся прыемным водарам антонавак. I тады гаспадар яго быццам зноў вяртаўся ў сваё мiнулае: яму бачыўся бацькоўскi сад, дзе раслi пераважна гэтыя яблыкi, успамiнаўся Казахстан, славуты касмадром Байканур, на якiм праходзiў ракетчыкам тэрмiновую службу.

— Радавы Самусеў, табе пасылка з дому! — радасна паведамiў ротны паштальён. — Вось квiток, iдзi сам атрымлiвай. Ведаеш, дзе пошта?

— Канешне!

Атрымаўшы дазвол ад камандзiра, радавы Самусеў хуценька збегаў на пошту, яна месцiлася якраз непадалёк ад казармы ў самiм ваенным гарадку, i неўзабаве яго акружылi саслужыўцы: ну, што там у цябе, браце? Давай, хвалiся! Давай, частуй! Казаху Бахтыбаеву вунь прыслалi з-пад Алма-Аты разынкi i курагу, узбеку Абдусаiдаву сушаную дыню, дык паласавацца ўсiм хапiла. А цяпер твая чарга, беларус!

Самусеў падняў вечка пасылкi i знiякавеў: амаль усе яблыкi сапсавалiся, пачарнелi... Ён апусцiў вочы. Наступiла амаль гнятлiвая цiшыня. Некаторыя салдаты моўчкi пачалi разыходзiцца, але нiхто з iх, што асаблiва абрадавала радавога Самусева, не кпiў, наадварот, на iх тварах ён чытаў паразуменне, а той-сёй з iх нават паляпаў па плячы: нiчога, нiчога, браце, мы разумеем — не блiзка ж твой дом... Адзiн з iх, глыбока, на поўныя грудзi ўдыхнуўшы паветра, шчыра заўважыў:

— Быццам дома пабываў!

У той жа дзень Iван напiсаў бацькам: «Вялiкi дзякуй за яблыкi. Ад мяне i ўсiх сяброў-салдат...»

У казарме доўга стаяў пах антонавак. Такi ж, як i сёння ў ягонай кватэры...

* * *

Дзе-дзе, а ў вёсцы ўсё навiдавоку. Тут, як кажуць, i шыла ў мяху не схаваеш. Таму калi доўгi час не паказвалася з горада Алька, дачка Мiронiхi, кагосьцi з суседак узяла цiкаўнасць: у чым справа, што здарылася?

— Дзiця Алька чакае, — без асаблiвай радасцi прызналася неяк iм Мiронiха. — Куды ж яна паедзе? А раптам прыспiчыць, што тады — зноў у горад? А на чым? Дапросiшся машыны, як жа!..

Аргумент быццам важны. На пытанне, хто муж у дачкi i чаму яго нiводнага разу не бачылi ў вёсцы, Мiронiха таксама знаходзiла самыя розныя адказы.

I нават тады, калi Алька нарадзiла i адна прыехала да мацi з дзiцем, яна паўтарала: то ён, муж, у камандзiроўцы, то хварэе, то яшчэ што... Суседак не правядзеш — хутка раскусiлi: няма ў Алькi нiякага мужа, а малога нагуляла.

Прайшло гадоў пяць, i толькi тады ад Мiронiхi пачулi праўду. Не ведаю, лягчэй ад гэтага стала вясковым кабетам цi не, але яны спачувалi Альцы: i дзеўка быццам жа нiчога — у рабоце ўпраўная i тварам удалая, а чаму нiхто не знойдзецца? Iншыя ж вунь па некалькi разоў паспяваюць памяняць мужыкоў i вёсцы iх прадставiць.

Таму i шкадавалi Альку.

Няма ўжо Мiронiхi. Сын Алькi прывозiць яе цяпер на вясковыя могiлкi да мацi на сваiм легкавiку. I ўсе бачаць, што iм добра ўдваiх.

* * *

Краўцэвiч быў добрым дырэктарам школы, меў не толькi арганiзатарскiя здольнасцi, але i падыход да людзей, асаблiва — да вучняў. Тыя гарнулiся да яго. На здымках, што захавалiся ў былых ягоных выхаванцаў, Краўцэвiч заўсёды сядзiць або стаiць у цэнтры, а дзецi абляпiлi яго, як толькi можна. Абляпiлi як свайго, як роднага i самага блiзкага чалавека. Нават твары ў iх на картках тых — вы б бачылi, як свецяцца! Ведама ж, побач не абы-хто, а ён, любiмы настаўнiк i дырэктар. Пашанцавала!

З цеплынёй згадваю Краўцэвiча i я. Цi то ў музеi Ленiна, якi арганiзаваў i давёў да звання народнага, чым вельмi ганарыўся, цi ў ружоўнiку, дзе ад яркiх кветак палымнела, здаецца, усё вакол...

Не ведаю, што сталася з музеем Ленiна, цi растуць на школьным прысядзiбным участку ружы. Трэба будзе зайсцi ў школу, як толькi надарыцца магчымасць пабываць у родных мясцiнах, пацiкавiцца. Прызнаюся, маю грэх: даўнавата наведваў школу. Калi жыў Краўцэвiч, рабiў гэта часцей. Як, мусiць, i iншыя выпускнiкi школы.

Яшчэ прыгадваецца Краўцэвiч мне i з нейкiм непрыхаваным шкадаваннем. У яго была адзiная дачка, разумнiца, таксама стала настаўнiцай, а вось чамусьцi замуж не выйшла.

Мне ж дужа хацелася, каб некалi прыгарнулiся да Краўцэвiча так, як i вучнi, яго родныя ўнукi. Тады б, канешне, ён быў бы яшчэ больш шчаслiвым чалавекам... Намнога больш...

* * *

Арлоўскi цесць майго брата Iван Сямёнавiч пражыў доўгае жыццё. I наогул ён быў чалавек цiкавы. Але запомнiўся мне не тым, што сам мог змайстраваць табурэт альбо вырасцiць на дачным участку кавуны, якiя мала чым саступалi азiяцкiм цi астраханскiм на смак. У яго быў старэнькi «Масквiч», на якiм ён ездзiў усё жыццё не маючы правоў. Я папытаў неяк у Iвана Сямёнавiча, як гэта яму ўдалося? Але ён бажыцца, што нават нiводнага разу супрацоўнiк ДАI яго не спынiў. Чаму такое магло адбыцца, растлумачвае проста: «Па-першае, у мяне быў адзiн маршрут: дом — дача. I нiкуды больш не зварочваў. Нi на метр. Я ж i машыну набыў спецыяльна для таго, каб на дачу ездзiць: туды нешта адвезцi, адтуль прывезцi. Ну, а па-другое, я ездзiў па сваiм маршруце заўсёды ў адзiн i той жа час — калi была перазменка ў даiшнiкаў. I гэта спрацоўвала».

Яшчэ ў савецкi час прыехаў Iван Сямёнавiч да мне пагасцяваць, i паколькi аўтааматар, то папрасiў, каб паказаў яму краму, дзе прадаюцца аўтазапчасткi. Павёў. Ён там пахадзiў-пахадзiў, выйшаў на ганак i заявiў:

— У мяне ў гаражы больш запчастак, чым у гэтай краме!

Як бы мне хацелася сёння паказаць яму хоць адну з iснуючых у горадзе аўтакрам!

Што ж паробiш — такi час быў. Мой сваяк застаўся ў iм... I яшчэ — у маёй памяцi.

* * *

Некалi я вёў на гомельскiм абласным тэлебачаннi аўтарскую перадачу «На прызбе з Васiлём», яна карысталася поспехам у гледачоў, а мяне нярэдка пазнавалi там, дзе з'яўляўся. На рынку, напрыклад, адна жанчынка-прадаўшчыца ледзь не за руку тузанула: «Купiце, калi ласка, у мяне сарочку. Вось гэтую. Ой, як вам цёпла будзе ў ёй на прызбе сядзець! Нiколi не пашкадуеце!» Набыў. I сапраўды не пашкадаваў: цёплай i носкай аказалася тая сарочка, яна i цяпер у мяне ёсць, хоць i прайшло пятнаццаць гадоў. Насiць, праўда, не нашу, але i выкiнуць шкада: а раптам калi спатрэбiцца? Цi мала што!

У Жлобiне дырэктарка ўнiверсама, куды я завiтаў з сябрам журналiстам Пятром Шутавым, таксама пазнала i запрасiла папiць кавы. За кавай расказала пра сябе. Пераехала яна з Карэлii, жыццё тут склалася добра, аднак муж усё ж сумуе па ранейшым месцы жыхарства, бо ён заядлы паляўнiчы i рыбак, а там для такiх аматараў — раздолле. Не параўнаць, як тут.

Але ж больш за ўсё запомнiлася адна бабулька, з якой мы ехалi ў дызелi, якiм дабiраўся на дачу. Яна таксама пазнала мяне, пляснула рукамi: «Божа! Цi не з целявiзара вы?!»

А калi я кiўнуў, прызналася, што пахвалiцца вяскоўцам, хай пазайздросцяць, бо гэта ж ёй, а не iм, пашэнцiла ехаць «з чалавекам з целявiзара». Цiкавая бабулька. Ды яшчэ каму i пашэнцiла — невядома, бо яе аповед пра сваю паездку ў горад я ахотна расказваю на сваiх сустрэчах з чытачамi. Паслухайце.

— Гэта ж пенсiю атрымала, то, думаю, паеду куплю новую кухвайку, тая знасiлася, i буркi. Зiма ж блiзка, трэба ўцяпляцца. Пакуль бегала па рынку — прагаладалася так, што i слоў няма. Бачу: маладзiчка прадае беляшы. Вазьму, думаю, адзiн. Пытаю, колькi каштуе, а яна як назвала цану, то ў мяне i мову адняло. Не, думаю, не па маёй кiшэнi. Зноў бегаю па рынку, прымяраюся, а там ад усяго вочы разбягаюцца. Ужо i кухвайку перахацелася купляць. Можа, думаю, што iншае з верхняй апраткi выберу. Больш моднае. Хопiць, хопiць у кухвайцы швэндаць! Цяпер i бабе пафарсiць можна. Але ж, адчуваю, вымерхалася так, што i ногi не хочуць слухацца. Махнула рукой, падыходжу да прадаўшчыцы, i кажу: а давайце ваш бяляш, каб ён спрах! Як успомню, колькi мой мужык прапiвае, дык i нядорага!..

* * *

У гэтай вёсцы Максiм i Святлана Пыжы з'явiлiся больш за год таму. Прыехалi не адны — з двума дзеткамi, сынам i дачушкай. Пра тое, як i чаму яны апынулiся ў Беларусi, варта сказаць асобна. Жылi яны раней там, дзе i нарадзiлiся, — у Херсонскай вобласцi. А калi пачалася на Украiне неразбярыха, стала небяспечна жыць, патэлефанавалi Наталлi i Алесю ў Беларусь: тыя кватаравалi ў iх, калi прыязджалi адпачываць на мора, i яны пасябравалi — можна i так сказаць. Людзi параўнальна маладыя, шмат было агульных iнтарэсаў. Дык вось, херсонцы паскардзiлiся на сваё жыццё i пацiкавiліся, цi не маглi б яны знайсцi прытулак у Наталлi i Алеся. Хоць на першы час. «Калi ласка! Што за размовы? Прыязджайце! Будзем толькi рады!»

Нядоўга збiралiся. Прадалi легкавiк, бо накапленняў не мелася, а без грошай як паедзеш? Расцалавалiся з роднымi i блiзкiмi. I, азiраючыся па баках, падалiся ў суседнюю краiну...

У беларускай вёсцы ўкраiнскую сям'ю сустрэлi прыветна. Далi хату, дапамаглi з работай. Максiм стаў трактарыстам, Святлана ўладкавалася нянькай у дзiцячым доме. Усё склалася добра. Жывi ды радуйся. Аднак радзiма ёсць радзiма: цягнула дадому, што i казаць. Сёлета выбралiся. З'ездзiлi, паглядзелi, што i як там, на Херсоншчыне. А калi вярнулiся, Максiм заявiў сваiм новым сябрам-землякам:

— Вiдаць, мы да вас назусiм. Прылеглi адпачыць з дарогi, а тут чуем грукат. Выбег я на двор, а па агародзе танк едзе... Пасля той цiшынi, пасля таго спакою, што тут, у Беларусi, мяне ажно скаланула: Божа, калi ж гэта ўсё скончыцца?!

Не ведаю, як складзецца далей жыццёвы лёс Максiма i Святланы, але я, калi прыязджаю ў вёску, увесь час бачу iх шчаслiвыя твары.

Людзi, як i птушкi, ведаюць, дзе iм добра жывецца. Таму туды i ляцяць.

Васiль ТКАЧОЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».