Вы тут

Правiлы прызначэння гарачкапанiжальных сродкаў дзецям


Калi малы, нягледзячы на лiхаманку, застаецца актыўным, то прызначаць гарачкапанiжальныя неабавязкова.


Патрабуецца толькi далейшае назiранне за развiццём захворвання. Лiхаманка — павышэнне тэмпературы цела — абарончая рэакцыя арганiзма. Многiя вiрусы i бактэрыi спыняюць размнажэнне або гiнуць, стымулюецца выпрацоўка антыцел, утварэнне iнтэрферону. Умераная лiхаманка — да 38,5 градуса — не выклiкае дыскамфорту ў большасцi дзяцей.

Лiхаманка можа быць небяспечнай:

  • пры наяўнасцi цяжкага лёгачнага або сардэчна-сасудзiстага захворвання, цяжкай пнеўманii або разумовай недастатковасцi;
  • пры тэмпературы вышэй за 41 градус, што можа прывесцi да пашкоджання нервовай сiстэмы;
  • у дзяцей да 5 гадоў, асаблiва памiж 6 месяцамi i 3 гадамi, калi iснуе рызыка развiцця сутаргаў. Дрэнна пераносяць лiхаманку i дзецi першых двух месяцаў жыцця.

«Калi ў дзiцяцi ёсць хранiчныя захворваннi лёгкiх, сэрца, нервовай сiстэмы, раней былi сутаргi або яго ўзрост да 2 месяцаў, то гарачкапанiжальныя сродкi прызначаюцца пры тэмпературы 38 °С, — удакладняе ўчастковы ўрач-педыятр 3-й гарадской дзiцячай клiнiчнай палiклiнiкi г. Мiнска Святлана ДЗЯРУГА. — Лiхаманка не лiчыцца абсалютным паказаннем да знiжэння тэмпературы. Калi няма спадарожнай паталогii, тэмпература цела не перавышае 39—39,5 °С i дзiця сябе нармальна адчувае, то ад лекаў лепш устрымацца. Лепей звярнуцца да iншых метадаў».

Для ўзмацнення цеплааддачы дзiця трэба распрануць i пакласцi халаднаватыя кампрэсы на буйныя сасуды ў пахвiне, пад пахай, абцерцi вадой пакаёвай тэмпературы. Гэтага бывае дастаткова для знiжэння тэмпературы. Абцiраць спiртам або халоднай вадой не трэба — рэзкае знiжэнне тэмпературы можа выклiкаць спазм сасудаў i зменшыць цеплааддачу. Дабiвацца адразу нармальных паказчыкаў не варта, дастаткова панiзiць тэмпературу на 1-1,5 градуса.

Калi нават пры 38 градусах ёсць дрыжыкi, дрэннае самаадчуванне, бледная i сухая скура, халодныя рукi-ногi i iншыя праявы таксiкозу, гарачкапанiжальная тэрапiя патрэбная тэрмiнова.

Правiлы прызначэння гарачкапанiжальных сродкаў

  • У раней здаровых дзяцей пасля 3 месяцаў — калi тэмпература вышэй за 39,0—39,5 °С, баляць мышцы i галава.
  • У дзяцей першых трох месяцаў — калi тэмпература вышэй за 38 °С.
  • У дзяцей з сутаргамi — пры больш чым 38—38,5 °С.
  • У дзяцей з цяжкiмi хваробамi сэрца, лёгкiх, цэнтральнай нервовай сiстэмы — пры больш чым 38,5 °С.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Знiжаем тэмпературу без лекаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».