Вы тут

Калі вы знайшлі грошы, здайце іх у міліцыю


Калі вы знойдзеце на вуліцы, у краме або яшчэ дзе-небудзь чужы мабільны тэлефон, грошы і іншыя рэчы, памятайце, што іх трэба здаць у міліцыю. На жаль, і на сёння нямногія ведаюць: за прысваенне чужой маёмасці прадугледжана крымінальная адказнасць.


Мабільнікі лішнімі не бываюць?

Жыхар аднаго з райцэнтраў прыехаў каля пяці гадзін раніцы на чыгуначны вакзал Віцебска. На лаўцы ў зале чакання ўбачыў мабільны тэлефон Apple ІPhone 4S. Паклаў яго ў кішэню сваёй курткі і выйшаў на вуліцу. Такі ўчынак называецца крадзяжом, бо забыты на лаўцы тэлефон коштам 180 рублёў належаў іншаму чалавеку — жанчыне.

— Ён не спытаў у грамадзян на вакзале аб магчымай прыналежнасці каму-небудзь з іх тэлефона. Таксама не звяртаўся да адміністрацыі чыгункі, міліцыянераў, якія дзяжурылі. Трэба было абавязкова паведаміць пра знаходку! — растлумачыла «Звяздзе» афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Святлана САХАРАВА.

Іншы выпадак. Жыхар абласнога цэнтра ўвечары ў краме ўбачыў у кошыку для тавараў пакінуты кімсьці па няўважлівасці мабільнік у чахле. Таксама забраў сабе. І фактычна выкраў маёмасць коштам 240 рублёў.

Абодвум мужчынам прад'яўленае абвінавачанне. Ім інкрымінуюць здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 205 (крадзеж) Крымінальнага Кодэкса. У якасці пакарання збіральнікам тэлефонаў «свецяць»: або грамадскія працы, або штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да 2-х гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да 3 гадоў і нават пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Варта адзначыць, што вышэйзгаданыя злачынствы ўчынены раней не судзімымі. Яны скарысталіся бестурботнасцю людзей, якія пакінулі сваю маёмасць без нагляду.

І... скрадзеныя латарэйныя білеты

Герой папулярнай камедыі «Добры дзень, я ваша цётка» пераапранаўся ў жаночае адзенне, каб яго не затрымалі паліцэйскія. Цяжка растлумачыць логіку жыхароў Віцебска, якім спатрэбіліся жаночыя сумкі.

Абодвум за 40 гадоў, у харчовай краме яны сказалі супрацоўніку, што згубілі ключ ад замка камеры захоўвання. Маўляў, там іх асабістыя рэчы. Гандлярка «выручыла» пакупнікоў і не здагадалася праверыць, ці ведаюць яны, што канкрэтна ляжыць унутры пакета і жаночай сумкі, якія захоўваліся ў камеры.

— Адбылося гэта сярод белага дня. У ячэйцы былі рэчы, якія належалі супрацоўніцы крамы. Агульная страта — каля 210 рублёў. Падманшчыкі, дарэчы, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Следчымі прад'яўлена абвінавачанне па частцы 2 артыкула 209 (махлярства, здзейсненае групай асоб). За гэта прадугледжаны: штраф або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да 4 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін, — удакладніла Святлана Сахарава.

Нешта падобнае адбылося з 51-гадовым нецвярозым віцябчанінам, які ва ўнівермагу ўбачыў на лаўцы ключ ад камеры захоўвання. Па нумары, напісаным на «бірульцы», адшукаў ячэйку, забраў адтуль пакет, жаночую сумку і пайшоў на двор. Агульны кошт выкрадзенага — больш за 2,4 тысячы рублёў. Вялікая страта тлумачыцца тым, што сярод скрадзенага было шмат латарэйных білетаў для рэалізацыі.

Яшчэ класік пісаў: пакаранне непазбежнае!

Каб раскрыць злачынствы, следчыя выкарысталі відэазапісы камер назірання, устаноўленыя ў памяшканнях крам і на вакзале. Нават калі камеры побач няма, імавернасць таго, што вінаватага знойдуць людзі ў форме, высокая.

— Грамадзяне не ўлічваюць той факт, што яны не знаходзяць маёмасць, а выкрадаюць яе. Пры гэтым трапляюць у аб'ектыў відэакамер, запісы якіх захоўваюць усе іх дзеянні ў драбнюткіх падрабязнасцях і з'яўляюцца прамым доказам злачынства, — дадалі ў праваахоўным ведамстве.

Следчыя рэкамендуюць грамадзянам памятаць пра няўхільнасць адказнасці за зробленыя злачынныя дзеянні. Як і пра тое, што пераступіць закон лёгка, а наступствы заўсёды сумныя.

Яшчэ Чэзарэ Бекарыя, выдатны дзеяч асветы, мысліцель, прававед, пісаў: «Адзін з самых дзейсных сродкаў, якія стрымліваюць злачынства, заключаецца не ў жорсткасці пакаранняў, а ў іх непазбежнасці».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Знайшоў і не аддаў? Значыць... скраў!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.