Вы тут

Вывучаем мінулае воднай сістэмы Мінска


Вы ведаеце, што нават праз стагоддзе, калі добра прыгледзецца, можна выявіць месцазнаходжанне даўно высахлага ручая? І што да гэтага часу вядуцца спрэчкі пра тое, дзе на самай справе была летапісная Няміга? А што Свіслач цяпер значна чысцейшая, чым у канцы ХІХ стагоддзя? Дык давайце ж адправімся ў захапляльнае падарожжа па воднай роўнядзі сталіцы.


У круіз па сталіцы

Усім вядома, што адна з шырока распаўсюджаных неафіцыйных назваў нашай краіны — Сінявокая. Падзякаваць за такі паэтычны тапонім можна ледавікам, якія 5 разоў пакрывалі тэрыторыю Беларусі. Пасля апошняга абляднення, якое скончылася 14 тысяч гадоў таму, водная сістэма доўгі час не перажывала істотных пераўтварэнняў. Усё змянілася, калі чалавек вырашыў узяць кіраванне прыроднымі рэсурсамі ў свае рукі. У 1960—1970-х гадах была праведзена масавая меліярацыя палескіх балот. Гэта памылковае рашэнне ў спалучэнні са зменай кліматычных фактараў — глабальным пацяпленнем — прывяло да абмялення рэк і скарачэння агульнай колькасці водных артэрый.

Як адзначыў даследчык мінскай воднай сістэмы Андрэй КУЛЬША, гэтая праблема закранула і сталіцу, дзе, акрамя таго, асабліва моцны ўплыў гаспадарчай дзейнасці. Значная частка водных рэсурсаў ідзе на задавальненне патрэб жыхароў горада, а таксама выкарыстоўваецца ў рабоце прамысловых прадпрыемстваў. Для таго, каб дакладна ўстанавіць, дзе раней знаходзіліся ўжо зніклыя або тыя, якія памянялі сваё рэчышча, рэкі і ручаі, выдатна падыходзяць нават непадрабязныя гістарычныя карты. Паколькі ўсе масты лічацца стратэгічна важнымі ваеннымі аб'ектамі, нават калі самой дробнай рэчкі на карце няма, гэта збудаванне на ёй хутчэй за ўсё будзе адзначана.

Галоўная водная артэрыя горада — рака Свіслач — бярэ свой пачатак за 39 кіламетраў на паўночны захад ад сталіцы на Мінскім узвышшы. Вусце ракі пралягае па тэрыторыі штучна створанага Заслаўскага вадасховішча (Мінскага мора). Дасведчаныя рыбакі ведаюць, дзе менавіта раней працякала рака, бо там больш глыбокія месцы, цудоўна прыдатныя для лоўлі рыбы. У верхнім цячэнні Свіслачы на перасячэнні з сучаснай мяжой Мінска ў яе раней упадала рака Дзеравелка. Нават цяпер на стадыёне непадалёк ад станцыі метро «Каменная Горка» можна знайсці сляды былога вусця. Акрамя таго, на гістарычнае мінулае паказваюць дрэвы, якія там растуць. Часцей за ўсё паблізу ракі ці ручая ёсць падземная крыніца, якая пакідае пэўныя пазнакі на зямлі.

Па левым беразе ў Свіслач раней упадала рака Пярэспа, якая цяпер заключана ў падземны ліўневы калектар. Дарэчы, з ёй звязана адна з галоўных гарадскіх легендаў, паводле якой на месцы ўпадзення Пярэспы ў Свіслач волат Мянеск пабудаваў свой млын. Цікавы тапонім, на шчасце, не знікне разам з рэчкай: так будзе названа новая станцыя метро на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Крапоткіна.

Адным з самых буйных прытокаў Свіслачы на тэрыторыі Мінска з'яўляецца рака Лошыца. У верхнім цячэнні яна раздвойваецца і адзін з прытокаў носіць забаўную назву Мышка, але некаторыя гэты факт ставяць пад сумнне і называюць Мышку Мухляй. Гэты тапонім, дарэчы, пайшоў ад прозвішча мінскіх татараў, якія займаліся распрацоўкай гліняных кар'ераў, каб здабыць матэрыял для сваіх цагляных заводаў. Пазней закінутыя кар'еры напоўніліся вадой і ўтварыліся штучныя азёры, якія і атрымалі назву Мухля. Цяпер пад такой назвай многія гараджане ведаюць вадаём у парку імя Паўлава.

Нягледзячы на спробы чалавека цалкам падпарадкаваць сабе прыроду, часам яна ўсё ж настойліва заяўляе аб сваіх правах. Адным з прыкладаў такой актыўнай барацьбы з'яўляецца будаўніцтва метро. Часцей за ўсё пры ўзвядзенні новых станцый рэкі і ручаі аказваюцца над імі, аднак сустракаюцца і рэдкія выключэнні. У некаторых выпадках бясконцыя старанні справіцца з падземнымі крыніцамі аказваюцца марнымі. Напрыклад, адзін з бакоў станцыі метро «Магілёўская» вельмі прыцемнены. Гэта абумоўлена адной простай прычынай: ён увесь час заліваецца вадой і падцёкі выглядаюць вельмі неэстэтычна. З такой жа праблемай сутыкнуліся і работнікі станцыі «Маладзёжная», паблізу якой знаходзіцца ваданосны гарызонт. А пра патопы, якімі «славіцца» Няміга, лепш нават і не ўспамінаць.

Няміга: страчаныя сляды

Дарэчы, пра Нямігу. З дзяцінства ў школе ўсіх навучалі, што першыя ўпамінанні Мінска звязаны з бітвай на рацэ Нямізе, якую кожны разумова суадносіў з раёнам з адпаведнай назвай. Аднак даследчыкі так і не прыйшлі да адзінага меркавання, ці тая гэта Няміга, якая згадвалася ў «Слове аб палку Ігаравым».

Існуе думка, што Няміга была штучна створаным ровам, які акружаў замчышча. На карысць такога меркавання сведчыць тое, што з балцкіх моў гэта слова перакладаецца як бессань. Тлумачэнне такое: каля рова дзяжурылі вартавыя, якім нельга было спаць — адсюль і назва.

Дарэчы, у літоўскай мове і цяпер выкарыстоўваецца гэтае слова. Ёсць і больш неверагодныя версіі: некаторыя, паказваючы на сугучча, спрабуюць Нямігу прадставіць як адну з назваў Нёмана.

Вядомы краязнаўца Павел РАСТОЎЦАЎ вывучыў мноства картаў розных гадоў, каб наблізіцца да разгадкі гэтай таямніцы. Як аказалася, гідронім Няміга ўпершыню пасля 1067 года сустракаецца ў дакументах аж у 1837 годзе. Да гэтага пад такой назвай была вядома толькі вуліца. Хутчэй за ўсё, калі ручай (малаімаверна, што гэта была рака) і існаваў, то быў настолькі дробным, што нават не заслугоўваў увагі картографаў. Першы план, на якім Няміга паказана цалкам, пачынаючы ад вытоку ў раёне вуліцы Вірскай, датуецца 1910 годам.

Аднак з праблемай затапленняў Мінск сутыкнуўся яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Напрыклад, з 1880 па 1914 год было разгледжана 12 спраў са зваротамі жыхароў да гарадскіх улад аб падтапленні іх дамоў і, кажучы сучаснай мовай, офісаў. На фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя відаць вузкая канава, якая не надта паспяхова выкарыстоўвалася як ліўневы сцёк — цяжка паверыць, але гэта і ёсць Няміга. Убачыць раку ў яе натуральным выглядзе цяпер нельга, бо яна ў 1926 годзе была пушчаная па створаным яшчэ цалкам уручную падземным калектары.

Вусцішная Свіслач. Чаму рэчку лепш было абыходзіць бокам?

Нядаўна жыхары сталіцы праводзілі генеральную прыборку поймы галоўнай ракі горада, за што ў якасці ўзнагароды атрымалі бясплатную прагулку на параходзе. Раней такіх павабных акцый не было, мабыць, таму ніхто асабліва не сачыў ні за чысцінёй набярэжнай, ні за чысцінёй самой ракі.

Як сцвярджае краязнаўца Вадзім ЗЕЛЯНКОЎ, які даследаваў справаздачы галоўных санітарных лекараў горада, стан Свіслачы ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя быў надзвычай дрэнным. Пры гэтым магчымасці воднай прасторы выкарыстоўваліся па максімуме. Каб сэканоміць час на нашэнні вады, многія жанчыны з размешчаных блізка да ракі дамоў мылі бялізну проста ў ёй. Аднак мылі не толькі адзенне, акуналіся і самі. На паштоўках таго часу можна ўбачыць не самыя прывабныя гарадскія купальні, якіх у горадзе было чатыры, але пасля з прычыны забруджанасці дзве з іх былі зачынены.

А як ім не быць забруджанымі, калі па жалабах, якія ішлі ўздоўж гарадскіх вуліц, з-за ўзгорыстага рэльефу ўсе не надта чыстыя воды сцякалі ў раку. Але калі б толькі воды! У Свіслачы аказваліся і памыі, і адпрацаваныя матэрыялы вытворчасці з піўнога завода Лекерта, і нават часткі туш памерлых жывёл. Як вынік, «падобны на шматкі, жоўта-буры асадак, рэакцыя шчолачная, мікраскапічны аналіз паказаў наяўнасць у вадзе вялікай колькасці круглых чарвякоў і караняножак».

Тэрыторыя цяперашняй вуліцы Кастрычніцкай, якая зараз знакамітая сваімі яркімі графіці, раней вылучалася наяўнасцю адразу пяці гарбарных заводаў. У выніку праверак гэтых прадпрыемстваў была выяўлена добра замаскіраваная труба, праз якую адходы паступалі наўпрост у раку. Пры гэтым на другім беразе знаходзіліся казармы, а значыць, салдаты, нічога не падазраючы, выкарыстоўвалі для мыцця ядавітую ваду. Яшчэ ніжэй па цячэнні ракі знаходзіліся гарадскія бойні. Фільтры ўяўлялі сабой сеткі, якія затрымлівалі толькі буйныя часткі забітых жывёл, усё астатняе без перашкод аказвалася ў рацэ.

Знакаміты канфлікт звязаны з Плябанскімі млынамі, якія знаходзіліся на беразе Свіслачы з XVІІ да пачатку XX стагоддзя. У раёне сучасных парку імя Янкі Купалы і сквера Марата Казея рака была перагароджана плацінай, неабходнай для работы млыноў. Тэрыторыя на адным беразе належала праваслаўнаму духавенству, на другім — каталіцкаму. Некалькі стагоддзяў яны не маглі дамовіцца аб тым, каму належыць рыба. Аднак у пачатку ХХ стагоддзя канфлікт перакінуўся ўжо на гарадскія ўлады: з-за плаціны ўтварылася запруда, вада была стаячай, а значыць, бруднай. Нягледзячы на настойлівыя просьбы санітарных службаў прыбраць плаціну, з-за ўпартасці ўладальнікаў праблему не ўдавалася канчаткова вырашыць да савецкіх часоў.

Як аказалася, сучасны стан воднай сістэмы — гэта «яшчэ кветачкі». Аднак гэта не падстава для гонару, а прычына яшчэ больш старанна сачыць за чысцінёй, каб справа зноў не дайшла «да ягадак».

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Прычаліць у... Мінску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».