Вы тут

«Чырвонка» абвяшчае аб пачатку чарговага творчага спаборніцтва


Адразу некалькі слоў пра назву традыцыйнага творчага конкурсу, які праводзіцца нашым маладзёжным дадаткам. Яе вырашана зрабіць пастаяннай. Нагадаем, гэта назва была прыдумана напярэдадні Года моладзі і, як падаецца, найбольш удала сфармулявала тыя мэты і задачы, якія пераследуе наш творчы конкурс, выступаючы ў якасці своеасаблівай пляцоўкі для самавыяўлення: даць юным і маладым аўтарам магчымасць расказаць пра сваю пазіцыю, пра стаўленне равеснікаў да тых ці іншых праблем грамадства, у тым ліку найперш — да сферы маладзёжнай палітыкі, расказаць пра іх асабісты ўклад у тую ці іншую справу. Пагадзіцеся, цяжка больш ёмка абазначыць словамі тое, да чаго ў выніку імкнецца «Чырвонка. Чырвоная змена» і чаго маладзёжны дадатак чакае ад удзельнікаў конкурсу. Спадзяёмся, яго назва стане адным з нашых лепшых і даўгавечных трэндаў сярод іншых пастаянных рубрык.


Застаюцца без змен і ўмовы правядзення творчага спаборніцтва, «адшліфаваныя» на працягу некалькіх гадоў. Нагадваем: вялікая просьба да будучых юных і маладых аўтараў і іх куратараў — уважліва азнаёмцеся з абавязковымі ўмовамі, якім павінны адпавядаць дасланыя работы.

Конкурс, як і папярэднія, разлічаны найперш на беларускамоўную моладзь, якая збіраецца паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы, каб у далейшым, магчыма, звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй. Нагадаем, што яго творчая планка даволі высокая, каб малады чалавек, які збіраецца прысвяціць сваё жыццё гэтай цікавай, але нялёгкай сферы, змог пакаштаваць «журналісцкага хлеба» і цвяроза ацаніць свае здольнасці.

Зноў жа традыцыйная просьба: не пішыце матэрыялы агульнымі словамі, не разважайце пра ўсім вядомае. Раскажыце — цікава! — пра канкрэтную падзею, мерапрыемства, якое арганізавала моладзь, каб выказаць сваю неабыякавасць да той ці іншай праблемы ці сітуацыі. Знайдзіце маладых людзей, якія сваімі справамі паказваюць такі прыклад.

Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Тым з іх, хто налета збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, рэдакцыя дасць яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўкі матэрыялаў). Найлепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» можа працягваць друкаваць і надалей. Вынікі плануецца падвесці ДА ПАЧАТКУ ЎСТУПНАЙ КАМПАНІІ.

Матэрыялы на конкурс можна дасылаць на электронны адрас kоnkursсhz@mаіl.ru або на паштовы (220013, г. Мінск, вул. Б.Хмяльніцкага, 10А, рэдакцыя газеты «Звязда») з абавязковай паметкай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!»

Двое з трох пе­ра­мож­цаў мі­ну­ла­га кон­кур­су: На­стас­ся Га­рост (зле­ва) і Да­р'я Сві­ры­да.

Абавязковыя ўмовы, якім павінны адпавядаць конкурсныя работы:

1. «Проба пяра» павінна быць ТОЛЬКІ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ.

2. Тэксты дасылаюцца ў фармаце RTF (калі па пошце, дык у раздрукаваным выглядзе, а фотаздымкі — на дыску).

3. Кожная ілюстрацыя ці фотаздымак да тэксту дасылаецца АСОБНЫМ прымацаваным файлам.

4. Аб'ём конкурсных работ — не больш за 8 тысяч знакаў (з прабеламі).

5. Колькасць «проб пяра» ад аднаго аўтара не абмежавана, аднак пры вялікай колькасці конкурсных работ кожнаму ўдзельніку (пры ўмове належнай якасці матэрыялаў і адпаведнасці ўмовам конкурсу) даецца па адным шанцы. Астатнія яго матэрыялы будуць надрукаваны (зноў жа пры ўмове належнай іх якасці) як звычайныя журналісцкія — па-за конкурсам.

6. Узрост удзельнікаў таксама не абмежаваны, але найперш конкурс разлічаны на навучэнцаў старшых класаў.

7. Жанр «проб пяра» — любы, але гэта павінна быць толькі проза (нататка, рэпартаж, эсэ, замалёўка, інтэрв'ю).

8. Пажадана, каб матэрыял быў напісаны спецыяльна для конкурсу. Вялікая просьба не дасылаць школьных сачыненняў, рэфератаў (і па форме, і па змесце), асабліва падрыхтаваных пэўны час таму. На пачатку тэксту павінен быць загаловак (назва конкурсу не з'яўляецца такім), напрыканцы — імя і прозвішча аўтара.

9. Аўтар абавязаны пазначыць свае пашпартныя звесткі (нумар і серыя, ідэнтыфікацыйны нумар, кім і калі быў выдадзены дакумент, імя, імя па бацьку, прозвішча) і хатні паштовы адрас (індэкс, населены пункт, вуліца, дом). Гэтыя звесткі будуць патрэбны для бухгалтэрыі ў выпадку, калі «проба пяра» будзе надрукавана ў газеце. ТОЛЬКІ яны падаюцца аўтарам на БЕЛАРУСКАЙ і РУСКАЙ мовах. У выпадку, калі ў маладога ці юнага аўтара яшчэ няма пашпарта, вышэйназваныя звесткі падаюцца на аднаго з бацькоў, настаўніцу, кіраўніка гуртка (звесткі з пасведчання аб нараджэнні для бухгалтэрыі не падыходзяць).

10. Апроч таго, аўтар паведамляе СВОЙ нумар мабільнага або хатняга тэлефона, каб рэдакцыя ў выпадку неабходнасці магла аператыўна з ім звязацца.

11. Павінна быць пазначана поўная колькасць гадоў аўтара на момант адсылання конкурснай работы, нумар школы і класа.

12. Аўтар павінен паведаміць крыху дадатковай інфармацыі пра сябе (10—15 радкоў) у адвольнай форме. Напрыклад, якія і ў чым мае дасягненні (вучоба, спорт, мастацтва і г.д.), чым захапляецца ў вольны час, кім марыць стаць у будучыні і інш.

13. Калі дасланыя матэрыялы не падыходзяць да друку, яны не рэцэнзуюцца.

14. Пра канчатковую дату падвядзення вынікаў творчага конкурсу рэдакцыя паведаміць дадаткова. Адсочваць публікацыю «проб пяра» павінны самі юныя і маладыя аўтары або іх куратары (бацькі, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў).

* * *

Як бачыце, не змянілася назва конкурсу, умовы яго правядзення і падвядзення вынікаў. Але мы вельмі спадзяёмся (і ўпэўненыя ў гэтым!), што ў ім будзе і шмат новага: новых імёнаў таленавітых юных і маладых няштатных аўтараў, новых цікавых аўтарскіх матэрыялаў, новых тэм і нестандартных падыходаў у іх раскрыцці, вядома ж, новых герояў публікацый. Тых, хто малады і каму не ўсё роўна!

Ну што ж, напрыканцы наша заўсёднае: «вастрыце пёры», аўтары! Зычым усім творчых поспехаў і перамог! Як мы не стамляемся паўтараць, паверце, прайграўшых у конкурсе не будзе!

Куратары праекта Надзея НІКАЛАЕВА і Сяргей РАСОЛЬКА

Фота Надзеі НІКАЛАЕВАЙ

Загаловак у газеце: Будучыя журналісты, чакаем вашы «пробы пяра»!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».