Вы тут

Які шлях пераадольвае падручнік, каб трапіць у рукі да чытача?


Фонд Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта размешчаны ў трох карпусах у розных частках Мінска, а 8 абанементаў і 11 чытальных залаў не заўсёды знаходзяцца на адным паверсе. Калі студэнт адразу трапіў у патрэбны корпус, то са сховішча чакаць кнігу яму давядзецца каля 10—15 хвілін. Калі ж ён заказаў яе з іншага корпуса і сам не захацеў туды ісці, то патрэбны экзэмпляр можа да яго дабірацца цягам дня. Які ж шлях пераадольвае падручнік перад тым, як трапіць у рукі да чытача?


— У нас цяпер захоўваецца два мільёны экзэмпляраў кніг — калі іх паставіць адзін на адзін, атрымаецца гара вышынёй у 500 кіламетраў і прыблізнай вагой у 133 афрыканскія сланы, — кажа галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу і праектнай дзейнасці Вольга Воўк. — Знайсці патрэбны падручнік у такой колькасці асобнікаў можа вопытны бібліятэкар, але не першакурснік. Работнікі, па магчымасці, стараюцца спрасціць студэнтам жыццё, аднак праблема часцей за ўсё не столькі ў складаным пошуку кнігі, а ў тым, што часта чытачы не ведаюць, як і дзе шукаць.

У пачатку кніга трапляе ў аддзел камплектавання і апрацоўкі. Звычайныя чытачы тут па калідорах не ходзяць, а ва ўнутранай структуры ёсць аддзелы, куды ўваход закрыты нават для бібліятэкара. Пры афармленні асобніка ў фонд у апісанне, у тым ліку, уваходзяць ключавыя словы на выпадак, калі студэнт не памятае нічога, акрамя асноўнай ідэі твора, які яму трэба ўзяць.

У аддзеле рэдкай кнігі «на рукі» літаратуру не выдаюць. Наогул, да яе тут асаблівае стаўленне, некаторыя з кніг — сапраўдныя каштоўнасці. Таму чытаць іх дазваляецца з вялікай асцярожнасцю, а калі студэнту патрэбна раздрукоўка, то скануе старонку бібліятэкар. Пасля пажару, які здарыўся ў 1947 годзе, у бібліятэцы ўніверсітэта засталося толькі 4 тысячы кніг — яны на той момант былі «на руках» або ў чытальнай зале. Іншыя бібліятэкі Савецкага Саюза аказалі дапамогу кнігамі па прынцыпе «што магу, тое і даю», у тым ліку дарэвалюцыйнымі выданнямі. У СССР кнігі «царскіх часоў» асаблівай каштоўнасцю не былі, а вось сучасныя бібліяфілы лічаць іх рэдкасцю і ацэньваюць у тысячы долараў.

Вопытны бібліятэкар знойдзе кнігу нават па апісанні вокладкі, аднак стандартны запыт для выдачы падручніка — аўтар, назва, год выдання. «Вышэйшы пілатаж» — гэта калі называецца яшчэ і шыфр універсальнай дзесяцічнай класіфікацыі (УДК). Яго можна знайсці побач з назвай кнігі ў электронным каталозе бібліятэкі. Дарэчы, у ім жа можна дазнацца, дзе знаходзіцца патрэбны асобнік і не марнаваць час пераездамі паміж карпусамі.

Шыфр для бібліятэкара ўсё роўна, што назва вуліцы, нумар дома і кватэры для паштальёна. Ён дазваляе сарыентавацца сярод стэлажоў. Супрацоўнікі з вопытам жартуюць, што праз шыфр УДК можна спакойна ліставацца, бо ледзь не кожнае слова мае свой лікавы адпаведнік. Напрыклад, 51 — матэматыка, 511 — тэорыя лічбаў, 511.2 — алгебраічная тэорыя лічбаў. Галоўнае правіла адкрытага доступу да фондаў чытальнай залы ў любой бібліятэцы — ніколі не кладзіце кніжкі назад на паліцы. Нават калі вы поўнасцю ўпэўненыя, што запомнілі месца. Бо вашая памылка на адну «кватэру» вымусіць бібліятэкара ўчыняць поўны «перапіс насельніцтва», а гэта — каля 6 тысяч кніг. Прачытаныя кнігі трэба класці на спецыяльныя стэлажы каля паліц, адкуль супрацоўнікі чытальнага зала расставяць іх на месцы.

Сітуацыя, калі кніга патрэбна «тут і цяпер», але ні на абанеменце, ні ў чытальнай зале яе не было, падаецца бязвыхаднай. Аднак выйсце заўсёды ёсць. Запоўніце заяву, і патрэбны падручнік літаральна падымецца «з глыбіняў» — прыедзе на маленечкім ліфце з падземнага кнігасховішча. Там захоўваецца фонд кантрольных экзэмпляраў усіх выданняў, якія толькі мае бібліятэка. Літаратура з яго рэдка пакідае свае паліцы, а ў памяшканні кнігасховішча пастаянна працуе сістэма клімат-кантролю з пэўнымі паказчыкамі тэмпературы і вільготнасці.

З папяровага ў электронны фармат кнігі пераводзяць у аддзеле электронных рэсурсаў. Рэпазіторый — гэта бібліятэка электронных выданняў. У БНТУ ён з'явіўся ў 2012 годзе: тут у PDF-фармаце захоўваюцца вучэбныя дапаможнікі, манаграфіі, артыкулы з перыядычных выданняў, матэрыялы канферэнцый — работы, напісаныя выкладчыкамі ці студэнтамі БНТУ, а таксама навукоўцамі, якія апублікавалі іх ва ўніверсітэцкіх выданнях.

Карысць электроннай бібліятэкі відавочная: яна працуе кругласутачна. Калі якога-небудзь артыкула няма на рэсурсе, аўтар можа звярнуцца да бібліятэкара і папрасіць, каб яго работу перавялі ў электронны выгляд. Звычайна гэтай паслугай карыстаюцца выкладчыкі, калі кніга ўключана ў вучэбную праграму. Калі ж электронны варыянт дапаможніка тэрмінова патрэбны студэнту, ён можа звярнуцца ў службу электроннай дастаўкі дакументаў, пасля чаго бібліятэкары дашлюць на скрыню ў інтэрнэце копію тэкста памерам да 25 старонак. У еўрапейскіх універсітэтах такая паслуга каштуе 20-30 долараў, а студэнты БНТУ могуць карыстацца ёй бясплатна. Увогуле, на сайце рэпазіторыя тэксты размешчаны ў свабодным доступе, таму іх можа спампаваць на свой камп'ютар любы карыстальнік інтэрнэту.

Дарэчы

Электронны каталог, фонд кантрольных экзэмпляраў, рэпазіторый, база даных сусветных выдавецтваў ёсць не толькі ў БНТУ. Такія ж паслугі аказваюць студэнтам і бібліятэкі іншых універсітэтаў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: Шукаць — па шыфры, пазнаць — па вокладцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.