Вы тут

Валерый Гапееў. Уцёкi


«Вельмi шкада, бязмежна шкада, але разуменне таго, што свет вакол цябе можа змянiцца толькi тады, калi зменiшся сам, прыходзiць з асабiстым вопытам. Не ўспрымаецца гэта праз тэорыю. Але... можа, так i трэба? Той не паднiмаўся, хто не спатыкаўся...» — напiсаў Валерый Гапееў для «вiзiтоўкi» ў «Маладосць». «Вiзiтоўка» тая суправаджалася «ненапiсанай аповесцю», якую тым не менш вельмi цiкава чытаць.


Цiкавае ён напiша! Вершыкi свае пiшы сам, а астатнiя тэмы — тое, што я скажу! — крычаў рэдактар, калi Вiктар Сакуцiн, 48-гадовы карэспандэнт раённай газеты, паспрабаваў аспрэчыць рашучы пратэст рэдактара на прапанову адправiць яго, Сакуцiна, у Карчаваху. Там учарашняй ранiцай было знойдзена мёртвае цяля (ужо другое, а былi яшчэ ўкрадзеныя гусi, куры), на гэты раз — якая жудасць — з лiтаральна вырванай з цела нагой, i па ўсiм раёне ўспыхнулi яшчэ мацней i трывожней, чым месяц таму, размовы пра «чупакабру».

Вiктар моўчкi праглынуў крыўду з-за абразлiвага «вершыкi» — рэдактар нiколi не хаваў свайго стаўлення да рознай лiтаратурнай дзейнасцi i лiчыў лiтаратурную старонку, якая выходзiла раз на два месяцы ў раёнцы, марнаваннем газетнай плошчы.

— Увесь раён толькi пра гэта гаворыць... — не здаваўся Вiктар, але ад яго мармытання рэдактар яшчэ больш узвiўся:

— Калi дадуць з райвыканкама каманду пiсаць — знойдзецца каму, спецыялiст мне тут вялiкi аб'явiўся, не твая справа туды лезцi! План нарыхтоўкi кармоў зрываецца, травы цвiтуць — во пра што пiсаць i гаварыць трэба, а не чуткi падаграваць! Зараз жа збiрайся i едзь! У Навасёлках трацiны плана няма, трактарыста ўчора п'янага вывалаклi з кабiны. Едзь! Разбiрайся i давай матэрыял! У нумар чарговы! Вадзiцеля да мяне паклiч.

Рэдактар шпульнуў ручку, якую трымаў у руках, на стол, ды замоцна, — тая апынулася на падлозе, слiзгануўшы па стальнiцы.

Вiктар мусiў выйсцi з кабiнета, ведаў: калi паляцелi ручкi на стол, казаць нешта ўжо марна. Зайшоў у кабiнет, дзе зазвычай чакаў выклiкаў вадзiцель, сказаў пра заданне.

Ехалi моўчкi. Вадзiцель паспрабаваў было пачаць гаворку, але Вiктар адказваў аднаслоўна, i той замоўк. Ужо не першы раз у такiх паездках Вiктар лавiў сябе на думцы, што яго часцей i часцей цягне ў больш-менш «зацiшных» абставiнах паспрабаваць зразумець: як жа так атрымалася? Чаму ён стаў такiм, якi ёсць цяпер?.. Хiба ж ён пра гэта некалi марыў? Да такога iмкнуўся? Каб вось так на яго крычаў маладзейшы на дзясятак гадоў рэдактар, зневажаў, грэблiва ставiўся да яго справы жыцця — паэзii?.. Чаму? Чаму нiчога не збылося? Чаму не мара збылася, а нейкi бляклы яе цень: не стаў ён вядомым i славутым паэтам, а толькi выдаў за свае ж грошы адну кнiжачку вершаў, i яго вядомасць як паэта не можа выйсцi далей за межы раёна?

З чаго ж пачалося? Што ён рабiў не так? У чым хiбiў?

Пасля сёмага класа Вiктар пачуваў сябе самым лепшым вучнем у школе. Падмуркам гэтага былi не толькi пахвальныя граматы за кожны год навучання, пяцёркi па ўсiх прадметах за ўсе гады, першыя вершы i невялiчкiя заметкi аб жыццi школы, якiя хай не вельмi часта, але ж друкавалi раённая i рэспублiканская пiянерская газеты, але найбольш — адносiны настаўнiкаў дый увогуле дарослых да яго. Было ў iх тое, што падказвала Вiктару пра яго выключнасць. Найбольш выразна тое праявiлася ў панядзелак пасля Вялiкадня.

Хто ў такi дзень думаў пра ўрокi? Вучнi цалкам справядлiва разлiчвалi на паблажлiвасць настаўнiкаў — тыя ж таксама людзi. I хоць некалькi настаўнiкаў разам з дырэктарам дзяжурылi ў велiкодную ноч ля царквы, праганяючы адтуль вучняў, усе разумелi, што гэта — неабходнасць выканання нейкага знешняга рытуалу, на якiм настойвалi розныя вышэйшыя ўлады. А ў глыбiнi душы i сам дырэктар, i настаўнiкi чакалi велiкоднай ночы i дня не менш за вучняў. Iх гульня ў хованкi вакол царквы стала неад'емнай часткай усяго вялiкага атрыбуту святкавання Уваскрэсення Хрыста ў iх вёсцы.

Тут былi свае правiлы, дзе быў суботнi «iнструктаж» вучняў класнымi кiраўнiкамi: не дай Божа, нехта з вучняў пойдзе ў царкву. Быў чорны тоўсты сшытак у руках дырэктара, куды запiсвалiся прозвiшчы тых, каго заўважалi ля царквы. I было галоўнае: дамоўленасць адных уцякаць i хавацца, другiх — лавiць i запiсваць. I адно запiсваць, бо не памятала школа выпадку, каб раптам нейкаму вучню няхай хоць бы пры якiх умовах згадалi аб яго бадзяннi вакол царквы на Вялiкдзень.

У апошнiя гады ўзрасла колькасць «гульцоў» з абодвух бакоў: для моладзi то была першая цёплая ноч, у якую бацькi не чакалi сваiх дачок i сыноў дадому ў вызначаны час i не трывожылiся з-за iх адсутнасцi да ранку. I калi раней хiба што адзiн дырэктар «дзяжурыў» ля царквы ў такую ноч, дык цяпер у яго было даволi памагатых: кожная з жанчын — класных кiраўнiкоў — лiчыла сваiм абавязкам пракантраляваць сваiх вучняў. Жанчыны-настаўнiцы часцей i больш затрымлiвалiся ў самой царкве, i невядома адкуль на iх галовах з'яўлялiся лёгкiя шаўковыя хусцiнкi, а пад ранiцу ўся купка настаўнiц збiралася вакол быццам бы нiчыёй кашолкi, дзе ляжалi фарбаваныя ў цыбульным шалупiннi яйкi, кавалкi белых булак i яшчэ нешта рознае. Праходзiў поп, пырскаючы вадой на такiя ж кашолкi, кошыкi побач. Гэтая, настаўнiцкая кашолка, за колькi гадоў займела разам з настаўнiцамi сваё сталае месца ў царкве, i поп пад усеагульнае ўхваленне iншых вернiкаў пачынаў «свяцiць Пасху» менавiта ад яго. А што ж, трэба ўважыць настаўнiц: цэлую ноч адбылi...

Таму панядзелак пасля Вялiкадня быў, па праўдзе, працягам iснуючай не прагаворанай нiколi ўслых, але такой зразумелай усiм дамоўленасцi.

I калi iх класны кiраўнiк, настаўнiк матэматыкi Уладзiмiр Афанасьевiч раптам сказаў усiм разгарнуць сшыткi на хатнiм заданнi, гэта здзiвiла, абурыла, а потым i развесялiла — пасля таго як першая i другая правераныя парты атрымалі двойкi адразу ў сшыткi i дзённiкi. А што, хiба не весела — усiм класам атрымаць двойкi?

Класны наблiжаўся да стала Вiктара i Андрэя, яго суседа, цiхага троечнiка. Вiктар адчуваў нейкую халодную весялосць — у яго, як i ва ўсiх, не было выканана заданне. Уладзiмiр Афанасьевiч нават не стаў пытацца, чаму не выканаў заданне Андрэй, адразу рэзка, са злосцю нават, запатрабаваў:

— Дзённiк давай!

Адным рухам, моцна нацiскаючы, паставiў двойку i свой кароткi, у адну лiтару роспiс, i ў наступны момант яго рука кранулася сшытка Вiктара.

— Не зроблена...

Вiктар пачуў не просты папрок у двух словах настаўнiка, а абвiнавачванне ў страшным, непапраўным, ганебным учынку. Уладзiмiр Афанасьевiч ужо iшоў далей, а Вiктар нiяк яшчэ не мог усвядомiць, што адбылося. У яго не запатрабавалi дзённiк, яму не паставiлi такую магчымую — i першую за ўсе сем гадоў у школе — двойку ў дзённiк! Вiктар амаль фiзiчна адчуў, як стаў нечым асобным ад усяго класа, ад астатнiх вучняў. Увесь клас атрымаў адзнакi, большасць, канешне ж, двойкi. Хлопцы дык усе. За выключэннем вось яго, Вiктара.

У гэтым выключэннi было, безумоўна, добрае, што грэла самалюбства i давала магчымасць глядзець на сябе як на значную асобу — яго, такога разумнага i таленавiтага, вылучаюць настаўнiкi, яго паважаюць дарослыя людзi... Але гэта адначасова адасоблiвала яго ад кола аднакласнiкаў, ён выпадаў з таго асяродку, дзе цанiлiся розныя якасцi, але не здольнасць да вучобы, не круглыя пяцёркi як праява здольнасцi. Ну, вядома, цанiлiся i веды, але ўменне гуляць у футбол было куды больш значным. Было яшчэ многае i для Вiктара не зусiм зразумелае. Па якiх такiх крытэрыях адзiн рабiўся сапраўдным лiдарам, другi — аўтарытэтным суддзёй? I гэта ацэнка, вызначэнне, абiранне i вылучэнне нiяк не супадала з афiцыйнымi вучнёўскiмi заслугамi. Вiктар, адчуваючы па ўзрастаючай сваю выключнасць з пункту гледжання здольнасцi i паспяховасцi, адначасова са здзiўленнем мусiў бачыць змяненне сваёй ролi ў калектыве не вучняў, а проста хлопчыкаў i дзяўчынак. Ён не мог тады адзначыць для сябе, што кожны з iх станавiўся асобай, набываў асаблiвыя якасцi, вучыўся бачыць i цанiць пэўныя рысы характару ў iншых. Ён пакуль цалкам давяраўся меркаванню дарослых, цешыў сябе iх ацэнкай, а што тычыцца аднакласнiкаў, то сваю адасобленасць, што ўсё большала, ён тлумачыў простай зайздрасцю. Пакрысе кволая, асцярожная думка ўзмацнела, i, нарэшце, ён змог аднойчы смела прызнацца самому сабе: ён не проста самы паспяховы i здольны вучань, а ў сваiм развiццi стаiць вышэй за ўсiх iншых. А што, хiба адносiны да яго настаўнiкаў не казалi пра тое ж?

Ён як быццам паводзiў сябе гэтак жа, як i ў ранейшыя гады, але нешта ўсё ж змянiлася ў iм — адна з аднакласнiц, суседка Галiна, двойчы кiнула ў яго едкае «Хвалько!» I, трэба заўважыць, сказана было тое ў сiтуацыi вельмi ж дарэчнай.

I першы, i другi раз словы апяклi, як удар бацькоўскай папругi ў дзяцiнстве. Вiктар зрабiў выгляд, быццам не пачуў, у кожным разе не адказаў нi позiркам, нi рухам, нi словам на гэтыя абразлiвыя кпiны. «Зайздросцяць» — ён чапляўся за такое тлумачэнне, як за выратавальны i надзейны востраў.

Пасля сёмага класа яму, як выдатнiку, можна было i не хадзiць у арганiзаваны пры школе лагер працы i адпачынку. Але ён пайшоў, больш за тое — стаў заставацца нанач у школе, хоць да дома было ўсяго тры кiламетры.

Прычына была ў тым, што цяпер выразна кiдалася ў вочы i яму, i аднакласнiкам, i дарослым-настаўнiкам: у дзяўчат пад сукенкамi ўжо смела выкруглялiся наперад маладыя грудзi, iлбы хлопцаў густа засейвалi прышчыкi.

Першая сарамлiвая пачуццёвасць пасялiлася ў школе разам з трыццаццю школьнiкамi з двух сёмых класаў, i ўжо на другi вечар яна кiравала паводзiнамi, дыктавала ўмовы, вызначала прыярытэты. Нясмелая i кволая, яна тым не менш адчайна прабiвалася ў душах ужо юнакоў i дзяўчат, хоць мусiла яшчэ маскiравацца пад залiшнюю весялосць, знарочыстую грубасць, вясёлую дураслiвую гарэзлiвасць, дзе ўсё менш было сэнсу, а больш дотыкаў, стрэлаў вачэй, новых, не бачаных раней усмешак.

Якi сэнс быць першым у вучобе i не мець поспеху ў дзяўчат?..

Валерый Гапееў

Загаловак у газеце: Уцёкi

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.