Вы тут

Нацбанк упэўнены ў захаванні інфляцыі на прагнозным узроўні


Нацыянальны фiнансавы рэгулятар упэўнены ў захаваннi iнфляцыi на прагнозным узроўнi да канца года, паведамiў учора старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусi Павел Калаур на XIII Мiжнародным форуме па банкаўскiх iнфармацыйных тэхналогiях «БанкIТ'2016».


Ён адзначыў, што «эканомiка краiны абавязкова вытрымае i iнфляцыя па вынiках года будзе не большая за 12%». Паводле слоў старшынi праўлення, пры разлiку прагнозных паказчыкаў на наступны год улiчвалася шмат фактараў. «У аснове, вядома, ляжаць пытаннi макраэканамiчнай збалансаванасцi. Наступны фактар — iнфляцыйныя i дэвальвацыйныя чаканнi, заснаваныя на даверы да эканамiчнай палiтыкi. Такiя чаканнi сёння мiнiмальныя. Вядома, прымаўся да ўвагi i фактар магчымага росту рэгуляваных цэн па тарыфах на жыллёва-камунальныя паслугi», — сказаў Павел Калаур.

Шоку не будзе

Таксама эксперты Нацбанка не чакаюць у найблiжэйшыя месяцы iстотнай змены абменнага курсу беларускага рубля. «Сёння мы маем рынкавы курс. Тэндэнцый, якiя б негатыўна ўздзейнiчалi на плацежны баланс краiны, няма. Спецыялiсты не чакаюць нейкiх шокаў да канца года, якiя б зрабiлi ўплыў на дынамiку абменнага курсу беларускага рубля», — адзначыў кiраўнiк Нацбанка. Ён падкрэслiў, што сцэнарны падыход да прагназавання дазваляе ўлiчваць магчымыя рызыкi i ўзрушэннi. «Калi мы прагназуем тыя цi iншыя працэсы да канца года, мы ўлiчваем i перамоўны працэс з Расiяй па газе, i перспектыўнае супрацоўнiцтва з мiжнароднымi арганiзацыямi. Таму тое, што мы разам з урадам ацэньвалi да канца года i прагназавалi на наступны год, гэта — ужо з улiкам рызык, якiя могуць матэрыялiзавацца», — растлумачыў ён.

Праблемныя актывы пачнуць знiжаць налета

Павел Калаур упэўнены, што меры, якiя рэалiзуе Нацбанк разам з урадам i банкаўскай супольнасцю, дазволяць ужо ў наступным годзе знiжаць узровень праблемных актываў банкаў. Але для гэтага трэба будзе сур'ёзна папрацаваць. Таму ўжо цяпер урад i Нацбанк праводзяць ацэнку, у тым лiку незалежную, рэальнага сектара эканомiкi. «Ключ да вырашэння праблемы — гэта аздараўленне прадпрыемстваў, паляпшэнне iх фiнансавага стану», — лiчыць старшыня праўлення Нацбанка.

Пры гэтым Павел Калаур падкрэслiў, што сiтуацыя ў банкаўскай сiстэме прагназаваная i кiраваная. «Стрэс-тэсты, якiя мы рабiлi з удзелам мiжнародных арганiзацый, незалежная ацэнка аўдытарскiх кампанiй i ацэнка ў рамках патэнцыйнага нагляду Нацыянальнага банка дазваляюць рабiць пэўныя высновы з пункту гледжання не толькi колькаснага стану праблемных актываў, але i з пункту гледжання наступных тэндэнцый. Паводле нашых ацэнак, той узровень праблемных актываў, якi на сённяшнi дзень склаўся, да канца года iстотным чынам мяняцца не будзе. Да канца года магчымы рост долi праблемных актываў не павiнен пераскочыць узровень 16%. Цяпер доля такiх актываў складае 14,8%», — сказаў ён.

Палова — ужо за «пластыкам»

Кiраўнiк Нацбанка адзначыў на форуме i ўпэўненае развiццё адзiнай разлiковай i iнфармацыйнай прасторы (АРIП), дзе доля безнаяўных плацяжоў складае 52%. Больш таго, у гэтай сiстэме цяпер фiксуецца адназначны трэнд на iх павелiчэнне, як i на павелiчэнне колькасці ўдзельнiкаў. «Тут самае галоўнае, што ёсць магчымасць аказання насельнiцтву якасных паслуг па нiзкай цане», — адзначыў Павел Калаур. Ён паведамiў, што задача па павелiчэннi долi безнаяўных разлiкаў у цэлым у Беларусi вырашана. «Безумоўна, лiчба ў 50%, якая вызначалася, была арыенцiровачнай, я б сказаў, яна была мабiлiзуючай. Мы не вызначаем зараз нейкiх канкрэтных лiчбаў па долi безнаяўных разлiкаў на будучыню, — растлумачыў Павел Калаур. — Для нас прынцыпова важна закласцi падыходы, асновы, якiя б дазволiлi натуральным чынам рухацца па шляху трансфармацыi грашовай сiстэмы з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогiй».

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zviаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Iнфляцыю не пусцяць за 12%

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».