Вы тут

Што трэба зрабіць для таго, каб запрацавала інавацыйная эканоміка?


У савецкiя часы наша краiна была зборачным цэхам для ўсяго Саюза. З той эпохi нам дасталiся прамысловыя гiганты, якiя сёння з'яўляюцца валаўтваральнымi прадпрыемствамi айчыннай эканомiкi. Аднак у Беларусi з'яўляюцца і новыя кампанii, якiя змяняюць твар эканомiкi. У апошнiя гады IT-сектар iмклiва расце, як i зарплаты спецыялiстаў, што там працуюць. Парк высокiх тэхналогiй у 2015 годзе ў параўнаннi з папярэднiм павялiчыў экспарт паслуг на 21% да 705,6 млн долараў. Пры гэтым доля экспарту склала 91,5%. Аднак i на гэтым рынку калiсьцi ўсталюецца раўнавага, за якой можа наступіць стагнацыя. Доктар эканамiчных навук, прафесар, загадчык кафедры менеджменту, тэхналогiй бiзнесу i ўстойлiвага развiцця БДТУ Iрына Новiкава лiчыць, што будучыня краiны — за развiццём iнавацыйных прадпрыемстваў, якiя будуць працаваць у сферы аховы здароўя, бiятэхналогiй, матэрыялазнаўства, а таксама ў сiнтэзе iнфармацыйных бiятэхналогiй.


— Як можа змянiцца эканомiка нашай краiны ў блiжэйшы час i на якiя сферы варта разлiчваць, каб iсцi ў нагу з найбольш развiтымi краiнамi свету?

— На працягу апошнiх дзесяцiгоддзяў iснуе тэндэнцыя, згодна з якой у развiтых краiнах на навуковыя даследаваннi выдаткоўваюць вялiкiя сродкi. Напрыклад, ЗША — сусветны лiдар па выдатках на навуковыя даследаваннi (на гэта выдзяляецца 34%), у краiнах Паўднёва-Усходняй Азii адпаведная лiчба каля 30%, у Еўропе — 25%. Нягледзячы на тое, што гэтыя рэгiёны сёння з'яўляюцца наймацнейшымi эканомiкамi свету, яны ўсё роўна працягваюць iнвеставаць у навуку.

А што тычыцца Цэнтральнай Азii, то тут на навуковыя пошукi выдзяляюць усяго 2,6% з агульнасусветных выдаткаў на навуку. У перыяд пераходу да шостага тэхналагiчнага ўкладу выйсцi на новы эканамiчны ўзровень нашай краiне не дапаможа вытворчасць трактароў цi грузавых машын. У гэтых сектарах рынкi ўжо падзелены. Увесь свет, у тым лiку i Беларусь, неўзабаве пераходзiць у эпоху постiндустрыяльнай эканомiкi. Найбольш тэхналагiчна развiтыя краiны да яе ўжо практычна перайшлi.

Вiдавочным паказчыкам гэтага з'яўляецца той факт, што ў макраструктуры iх ВУП пераважае сфера паслуг. У ЗША i ў некаторых краiнах Вялiкай сямёркi яна ўжо дасягае 70—80% у структуры валавога прадукту. Аднак дагэтуль iснуе стэрэатып, што пад сферамi паслуг маецца на ўвазе толькi будаўнiцтва або стрыжка ў цырульнi. Гэта частка сферы паслуг, аднак яна займае толькi мiкраскапiчную долю. Асновай сектара паслуг, якi можа стаць адным з ключавых для нашай краiны параўнальна хутка, будзе з'яўляцца навука, навуковае абслугоўванне, адукацыя, фiнансавыя паслугi, кансалтынг, лагiстыка, сувязь.

— Цi ёсць ужо ў Беларусi тыя навуковыя напрамкi, якiя здольны аказаць станоўчы эфект на нашу эканомiку ў будучынi?

— Кажучы аб навуковых напрамках у нашай краiне, можна ўжо сёння вылучыць шэраг тых паслуг, якiя змогуць вывесцi эканомiку на новы ўзровень. Па разлiках экспертаў да нас прыходзiць шосты тэхналагiчны ўклад, якi павiнен уступiць у сiлу ў 2018 — 2020 годзе. Ён будзе звязаны з бiякамп'ютарнымi тэхналогiямi i альтэрнатыўнай энергетыкай.

У нашай краiне ёсць даследаваннi па нанаструктураваных пакрыццях, нанаэлектронiцы, малекулярнай нанафатонiцы, аптычных нанаматэрыялах. Усе сферы, дзе гэта можа быць выкарыстана, ужо прысутнiчаюць у структуры айчыннай прамысловасцi. Таксама некаторыя распрацоўкi могуць быць запатрабаваныя ў сельскай гаспадарцы i машынабудаваннi. У цэлым, каб патрапiць у новы тэхналагiчны ўклад, нашай краiне неабходна мець прынцыпова новыя напрацоўкi. Я i мае калегi вывучаем iнавацыйныя арганiзацыi ў нашай краiне, якiя вядуць даследаваннi на пятым — шостым тэхналагiчных укладах. Такiх арганiзацый у нас больш за 100. Ужо сёння ў краiне ёсць 5 арганiзацый, якiя працуюць на шостым тэхналагiчным укладзе. А гэта сведчыць аб тым, што навука Беларусi ў некаторых сферах ужо сёння апярэджвае час. Ёсць i iншыя арганiзацыi, якiя вядуць свае даследаваннi часткова на пятым i шостым тэхналагiчных укладах. Дзякуючы iм, у нас ужо цяпер можа быць створаны высокатэхналагiчны кластар па аказаннi паслуг i вытворчасцi прадукцыi, якiя ў будучынi могуць заняць вялiкую долю ў аб'ёме ВУП краiны. Гэтыя арганiзацыi працуюць у сферах аховы здароўя, матэрыялазнаўства, бiятэхналагiчных даследаванняў.

— Што маецца на ўвазе пад кластарам i якiя перашкоды ёсць на шляху яго стварэння?

— Кластар па азначэннi — група ўзаемазвязаных арганiзацый, якая сканцэнтравана на пэўнай тэрыторыi. Удзельнiкi групы павiнны займацца прыблiзна аднолькавымi распрацоўкамi i даследаваннямi альбо блiзкiмi тэхналогiямi, якiя б дапаўнялi адна адну i ўзмацнялi канкурэнтныя перавагi асобных кампанiй i кластара ў цэлым. Гаворка iдзе пра разнастайнасць iнавацыйнай сеткi, у ядры якой знаходзяцца iнавацыйныя арганiзацыi часцей без вытворчых кампанiй, таму што даследаваннi могуць быць яшчэ не скончаны i ў вытворчасцi няма патрэбы. Вытворчы сектар узнiкае, як правiла, пазней. Шосты тэхналагiчны ўклад зможа ўкаранiцца i развiвацца ў нашай краiне толькi праз стварэнне сеткавага iнавацыйнага кластара. Для з'яўлення кластара ў Беларусi ёсць шэраг праблем. Напрыклад, сёння павiнны мяняцца арганiзацыйныя формы таго, як праводзяцца i фiнансуюцца даследаваннi.

— Якiя вы бачыце шляхi выхаду з гэтай сiтуацыi, што неабходна, каб iнавацыйны сектар эфектыўна развiваўся?

— Варта адзначыць, што кожны вытворца стараўся ўтаiць свае даследаваннi, каб яны не трапiлi ў рукi канкурэнтаў. Сёння ўсё будзе развiвацца па прынцыпе адкрытых iнавацый i з'яўлення старт-апаў. Менавiта яны будуць дапрацоўваць i ўвасабляць у жыццё iдэi. Таксама зацiкаўленыя асобы пры ўваходзе ў кластар будуць атрымлiваць некаторыя прэферэнцыi. Дарэчы, вялiкую ролю павiнен адыграць закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. У iнавацыйную сферу варта прыцягваць у далейшым iнвестыцыi бiзнесу i дзяржавы. Адпаведны закон у нас ужо ёсць. Аднак у гэтым законе сёння не прапiсана iнавацыйная сфера. Безумоўна, у законе павiнна з'явiцца папраўка або патрабуецца нават асобны закон для iнавацыйнага бiзнесу. Яго назва павiнна гучаць прыблiзна так: «Аб дзяржаўнай падтрымцы тэхналагiчных iнавацый». Варта ўнесцi i шэраг паправак у антыкарупцыйнае заканадаўства, каб разняволiць навукоўцаў. У адваротным выпадку iнавацыйная эканомiка ў нас не запрацуе.

Акрамя таго, нам трэба перагледзець механiзм вяртання дзяржаўных iнвестыцый на навуковыя распрацоўкi. Каб тэрмiны не цiснулi на iнавацыйныя арганiзацыi i была магчымасць вяртаць грошы ў доўгатэрмiновай перспектыве. Не лiшнiм будзе стварэнне такiх умоў, калi iдэя вучонага, якая паспяхова ўкараняецца ў распрацоўцы iншых прадуктаў, яму аплачваецца ў залежнасцi, скажам, ад колькасцi продажаў. Таксама для фармiравання кластара неабходна ствараць венчурныя фонды, якiя будуць папаўняцца за кошт прыбытку iнавацыйных прадпрыемстваў. Пры гэтым дзяржава не будзе забiраць адтуль сродкi, нават нягледзячы на тое, што стварэнне iнавацыйнай арганiзацыi яна фiнансавала за кошт бюджэту. Затрачаныя рэсурсы дзяржаве будуць вяртацца ў выглядзе падаткаў i стварэння новых працоўных месцаў у iнавацыйнай кампанii або iнстытуце.

Сабраць усе фiрмы ў кластар — гэта яшчэ толькi паўсправы. Важна стварыць умовы ўнутры гэтага аб'яднання для бесперашкоднага транзiту iдэй i свабоды ад фiнансавага цiску i антыкарупцыйнага закона.

— Шосты тэхналагiчны ўклад будзе грунтавацца на дасягненнях пятага, дзе асноўную ролю адыгрывалi iнфармацыйныя тэхналогii. Сёння беларускiя IT-кампанii аказваюць аўтсорсiнгавыя паслугi па распрацоўцы праграмнага забеспячэння за немалыя грошы. Цi змогуць сабе гэта дазволiць айчынныя арганiзацыi шостага тэхукладу?

— Так, гэта сапраўды дарагiя паслугi па нашых мерках. Але я думаю, што IT-кампанii будуць зацiкаўлены ў супрацоўнiцтве з такiмi перспектыўнымi арганiзацыямi. Больш таго, яны змогуць выступiць драйверам iх росту, калi будуць прадастаўляць свае напрацоўкi. Яны цалкам могуць кааперавацца i сумесна ствараць стартапы. У Аўстрыi ёсць кластар, якi развiваецца па зусім новым накiрунку — бiяiнфарматыцы. Безумоўна, гэта ў нас таксама магчыма, улiчваючы поспех i вядомасць беларускага IT-сектара.

— З кiм беларускiм iнавацыйным арганiзацыям неабходна супрацоўнiчаць больш: з ЕС або ЕАЭС?

— Нам неабходна супрацоўнiчаць з усiмi на ўзаемавыгадных умовах. Аднак пры кааперацыi кластараў розных краiн узнiкаюць праблемы па прыналежнасцi iнтэлектуальнай уласнасцi, напрыклад. Тут патрэбна добрая заканадаўчая база, якая будзе рэгуляваць у тым лiку i магчымыя канфлiктныя сiтуацыi.

Iлья КРЫЖЭВIЧ

kryzhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».