Вы тут

З праграмы кінафестывалю Bulbamovie выключаны два фільмы


Фестываль беларускага кіно, які ніколі не праміне нагадаць пра сваю ўнікальную накіраванасць на менавіта айчынны кантэнт, сёлета адбудзецца ў шосты раз.


"Якія сны сніць мядзведзь"

Стартуе ён 21 кастрычніка ў арт-кінатэатры "Тытан", дзе цягам двух дзён будзе паказана 12 мастацкіх, 5 дакументальных і 7 анімацыйных конкурсных фільмаў, а на трэці – падвядуцца вынікі. У Беларусі конкурсныя паказы фестывалю дэманструюцца толькі другі раз: форум, які з пачатку заснавання базаваўся ў Польшчы (у чым бачылася пэўная алагічнасць), у мінулым годзе ўпершыню правёў свае мерапрыемствы ў тым ліку ў Беларусі. Паказы Bulbamovie тады праходзілі ў крыху сціснутых умовах – у Цэнтры сучасных мастацтваў, але фэст расце і сёлета арганізатары запэўніваюць, што месца ў арт-кінатэатры хопіць усім.

Праграма фестывалю адбіралася з 64 заявак. Апроч 24 карцін, што будуць паказаны ў рамках конкурсу, падчас Bulbamovie павінны былі прайсці дзве прэм’еры. Але адбудзецца толькі адна – дакументальнай карціны "Беларускія песні: традыцыя адлегласці" Арцёма Лобача. Паказ на вялікім экране кінаальманаха "Хранатоп. Танатас і Эрас", што складаецца з навел розных аўтараў, створаных пад кіраўніцтвам рэжысёра Андрэя Кудзіненкі, адменены. З адной з навэлаў (якія паасобку ўдзельнічаюць у конкурсе фестывалю) – называецца "Яечня па-беларуску" – звязана недарэчная неспадзяванка апошняга часу: Міністэрства культуры забараніла паказваць кароткаметражку і патлумачыла гэта "шматлікімі сцэнамі жорсткасці" і "аднамернай антыгуманнай жыццёвай пазіцыяй". Па сюжэце п’яны міліцыянер вяртаецца дадому і, пагражаючы агнястрэльнай зброяй, прымушае сваю жонку і яе сяброўку прыгатаваць яечню і пацалавацца (спойлер – "Ганнушка ўжо разліла алей"). Ну і добрую ж рэкламу атрымала нявінная "Яечня па-беларуску" (мы ведаем, як падобныя весткі спрацоўваюць), хоць такога прысуду ад Міністэрства культуры і не заслужыла. Таму паказ фільма "Яечня па-беларуску" і прэм’ера альманаха для шырокай публікі адмененыя.

Узнагароды адыдуць найлепшым мастацкаму, дакументальнаму і анімацыйнаму фільмам, апроч гэтага будуць прысуджаны Прыз глядацкіх сімпатый (прадугледжвае пэўнае матэрыяльнае ўвасабленне) і прыз за найлепшы гук. Статуэткі для пераможцаў стварыў адзін з найвядомейшых беларускіх канцэптуалістаў мастак Руслан Вашкевіч – яны ўяўляюць сабой жэст Вікторыя на тарцы для бульбы, які сімвалізуе перамогу. Чарговае нечаканае спалучэнне ад мастака.

"Праверка на дарозе"

У склад журы ўвайшлі рэжысёрка Вольга Дашук, кінакрытык Пётр Чаркаўскі, рэжысёр і журналіст Паўлюк Канавальчык, кліпмейкер і рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў і даследчыца візуальнай культуры Лідзія Міхеева.

Знамянальна, што канцэнтрацыя беларускага кіно на вялікім экране апошнім часам відавочна гусцее. Праўда, ненадоўга. У хуткім часе пасля Bulbamovie пачнецца Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад", які праводзіць асобны так званы Нацыянальны конкурс. Цалкам магчыма, у нечым праграмы двух кінафестываляў будуць перасякацца. Так ці інакш, фестывальныя пляцоўкі – амаль адзіны спосаб пракату беларускага кіно.

"Травень"


Конкурсныя фільмы кінафестывалю Bulbamovie:

Ігравое кіно

1. "Эстафета" Міхаіла Пархоменкі, 12,42 хв.

2. "Адамаў яблык" Алены Ясінскай, 14,40 хв.

3. "Душы мертвыя" Віктара Красоўскага, 27,58 хв.

4. "Ума – Муму" Станіслава Турко, 10 хв.

5. "Праверка на дарозе" Аляксандра Дзебалюка, 5,15 хв.

6. "Яечня па-беларуску" Валерыі Целяшэўскай, 7,28 хв. (будзе паказвацца толькі членам журы)

7. "Травень" (Май) Аляксея Свірскага, 29 хв.

8. "Тут быў Саша" Андрэя Кашперскага, 6 хв.

9. "Халасцяк" Васіля Цыбулькі, 4 хв.

10. "Дваццацьшаснаццаць" Андрэя Крывіцкага і Зміцера Рахоўскага, 15 хв.

11. "Вянок" Павала Недзведзя, 15 хв.

12. "Сцены ля мора" Кірыла Захарава, 26 хв.

Дакументальнае кіно

13. "Над сістэмай" Марыі Булавінскай, 15,45 хв.

14. "200 000 абаротаў" Кацярыны Маркавец, 28,23 хв.

15. "Цытуй сваё" Алены Верашчагінай, 10,40 хв.

16. "Друя" Іллі Бажко, 13 хв.

17. "Mузыка пад Брaйлeм" Вольгі Пятровaй, 17,30 хв.

Анімацыйнае кіно

18. "ЛЭТ ЗЭ БУЛЬБА ХIT ЗЭ ФЛО" Сяргея Сакаля, 3,51 хв.

19. "Ламберсек і даярка" Анатоля Тадорскага, 3,44 хв.

20. "Незвычайны дзіцячы садок" Руслана Сінкевіча і Марыны Лук’янавай, 15 хв.

21. "Жыццё дома" Марыі Булавінскай, 1,14 хв.

22. "Дзецi будучага спяць" Івана Гапіенкі, 9,48 хв.

23. "Я памерла... Ну і што я скажу маме?!" Соф’і Набок, 5,20 хв.

24. "Якія сны сніць мядзьведзь" Руслана Сінкевіча, 6,30 хв.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.