Вы тут

Міжнародны студэнцкі конкурс па медыяцыі і перамовах адбыўся ў Мінску


Добрыя перагаворшчыкі — людзі, якія могуць прымаць удзел у складаных размовах. А добрыя медыятары — тыя, хто можа дапамагчы наладзіць гэтыя складаныя перамовы. Такая думка прагучала на першым у свеце рускамоўным міжнародным студэнцкім конкурсе па медыяцыі і перамовах, што адбыўся ў Мінску. Дагэтуль падобныя мерапрыемствы арганізоўваліся толькі ў Еўропе і толькі на англійскай мове.


Фінал першага рускамоўнага міжнароднага студэнцкага конкурсу па медыяцыі і перамовах. У ролі медыятараў студэнт Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта правасуддзя і Яўгенія Рамбл, практыкуючы сямейны медыятар з Вялікабрытаніі. У ролі Германа Кроля і адваката — студэнты Усерасійскай акадэміі знешняга гандлю Мінэканомразвіцця Расійскай Федэрацыі. У ролі мэра г. N і адваката — студэнты Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Унікальнае відовішча прайшло ў форме дзелавой гульні, падчас якой спаборнічала 16 камандаў студэнтаў з васьмі ўніверсітэтаў Беларусі і Расіі пад наглядам 16 суддзяў — медыятараў з Вялікабрытаніі, Расіі і Беларусі, а таксама з удзелам прафесійных канфліктолагаў, псіхолагаў, эканамістаў і юрыстаў.

Адна гісторыя — розныя шляхі гульні

Праз камерцыйную медыяцыю (урэгуляванне канфлікту ў бізнесе) удзельнікі конкурсу павінны былі вырашыць спрэчку паміж заможным інвестарам, што планаваў будаўніцтва хімзавода, і ўладамі горада, якія на чале з эколагамі выступаюць супраць гэтай ідэі.

Коратка гісторыя гучала так. «У невялікім прыморскім гарадку N. замежны інвестар Герман Кроль наладзіў вытворчасць каляровых угнаенняў шляхам перапрацоўкі рыбы. Частка непрыдатнай для работы прадукцыі выкідвалася на сметнік, адкуль непрыемны пах даносіўся да жыхароў. Інвестар вырашыў мадэрнізаваць вытворчасць праз будаўніцтва новага завода па вырабе ўгнаенняў. Ён прадставіў план і просьбу выдзеліць участак пад будаўніцтва. Узгадненне дакументаў ішло цяжка, з улікам шматлікіх пажаданняў розных органаў. Тым не менш праз год Кроль атрымаў у арэнду на дзевяць гадоў участак зямлі і дазвол на будаўніцтва, яшчэ праз пяць месяцаў — падрыхтаваў праект і набраў штат супрацоўнікаў.

Завод планавалася збудаваць за восем месяцаў. Аднак члены мясцовага таварыства зялёных «Экашчасце» правялі несанкцыянаваны мітынг супраць будаўніцтва, сцвярджаючы, што вынікі міжнароднай экалагічнай экспертызы купленыя і прадпрыемства пагоршыць сітуацыю ў горадзе. Яны патрабавалі спынення работы і таго дамагліся. Хоць афіцыйна ніякімі паперамі гэта не пацвярджалася, аднак супрацоўнічаць з кампаніяй Кроля ўсе адмовіліся. Бізнесмен застаўся без будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі. Праз паўгода безвыніковай барацьбы ён звярнуўся ў суд з просьбай выплаціць кампенсацыю $2 млн за час, які згубіў праз дзеянні «зялёных» і маўчанне ўладаў».

Кейс з умовамі гэтага канфлікту атрымалі ўсе студэнты, якіх падзялілі на каманды-перагаворшчыкі і каманды-медыятары. Гісторыя прайгравалася раз за разам. Два студэнты выступалі ў ролях інвестара і яго адваката, два былі мэрам горада (які адначасова прадстаўляў і жыхароў, і эколагаў, і ўладу) і яго адвакатам. Яшчэ двум дасталася роля мадэратараў.

— Студэнты, якія да таго ж атрымлівалі і іншыя ролі перад кожнымі перамовамі, мусілі высветліць свой інтарэс, выпрацаваць стратэгію размовы і даказаць сваю пазіцыю. Галоўным пры гэтым было — дабіцца прадукцыйных перамоў. У рэальным жыцці падпісаць пагадненне ў такім канфлікце за паўтары гадзіны (столькі адводзілася на кожную сесію) не атрымалася б, — расказала галоўны арганізатар конкурсу Кацярына ГАМЗУНОВА, адвакат, медыятар, трэнер Цэнтра медыяцыі і перагавораў.

— Усе настолькі захапляліся сваімі ролямі і ўваходзілі ў вобраз, што на адной з сустрэч Кроль размаўляў з акцэнтам і вельмі натуральна паўтараў, што не столькі грошы яму важныя, а ўкладзеныя ў прадпрыемства сілы, слёзы і пот, — апісала працэс Карына КАСЦЕВІЧ, памочнік Кацярыны Гамзуновай.

Ціхая рэвалюцыя ў тэхналогіі перамоў

У гэтым і была сутнасць гульні і конкурсу — каб студэнты змаглі максімальна паказаць свае здольнасці. Нягледзячы на тое, што яны яшчэ вучацца, важнасць арганізацыі такога мерапрыемства ў свеце і тым больш у Беларусі для развіцця медыяцыі нельга недаацэньваць.

— Мы ішлі да стварэння рускамоўнага конкурсу два гады. Прымалі ўдзел у такіх мерапрыемствах у Вене, Парыжы. Для нас святам была ўжо магчымасць прайсці адбор на ўдзел у іх. Конкурс у Беларусі — вялікі крок для нашай краіны, і рэалізаваная мара для мяне асабіста, — падзялілася Кацярына Гамзунова. — Ён скіраваны перш за ўсё на інфармаванне моладзі аб існаванні працэдуры медыяцыі. Каб тыя, хто расце нам на змену, атрымалі гэтыя веды раней, чым мы, цяперашнія медыятары, і, адпаведна, шырэй распаўсюдзілі іх сярод насельніцтва.

— Ва ўсім свеце мноству людзей патрэбна дапамога ў вырашэнні складаных канфліктаў. Медыятары павінны ўмець весці перамовы ў спрэчках у самых розных галінах. Важнасць гэтага конкурсу падкрэсліваецца для мяне вопытам, які я зараз атрымліваю на прыкладзе сваёй краіны, Вялікабрытаніі, у сувязі з яе выхадам з ЕС. Было б добра, каб вяліся перамовы да таго, як ажыццяўляць пэўныя рашэнні. Ваша пакаленне павінна лепш, чым наша, умець дамаўляцца і дапамагаць рабіць гэта іншым, — зазначыў Біл МАРШ, міжнародны медыятар, кансультант і трэнер па медыяцыі і вырашэнні канфліктаў.

Медыяцыя — шматгранная і вельмі перспектыўная з'ява. Сёння яна ўжываецца, як правіла, у галіне прыватна-прававых адносін. Аднак расце колькасць камерцыйных медыяцый, у тым ліку і паміж вялікімі міжнароднымі карпарацыямі. Гучаць таксама думкі, што трэба карыстацца медыяцыяй у адукацыі, экалогіі і іншых сферах жыцця.

— Будучае не за тым, каб знайсці кагосьці вінаватага, і не той лепшы спецыяліст, хто «парве» ўсіх у судзе. Будучае за супрацоўніцтвам. А медыяцыя — той механізм, што дазваляе пасадзіць людзей за стол перамоў, знайсці агульныя інтарэсы і ўзгадніць іх, — выказалася Лілія УЛАСАВА, медыятар, заснавальнік Цэнтра медыяцыі і перагавораў. — Ужо цяпер міжнародныя буйныя кампаніі за год заключаюць 200—300 медыяцыйных пагадненняў са сваімі дачырнымі кампаніямі. Дзякуючы медыяцыі здарылася ціхая рэвалюцыя ў тэхналогіі перамоў.

Па выніках конкурсу былі вызначаны два пераможцы сярод каманд-медыятараў. Першае месца дасталася Расійскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту правасуддзя. Другое — Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Я. Купалы.

Камандам-перагаворшчыкам прысуджаны тры прызавыя месцы. Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь перамагла ў фінальнай схватцы Усерасійскую акадэмію знешняга гандлю Мінэканамразвіцця Расійскай Федэрацыі. А трэцяе месца занялі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Будучае — за паразуменнем

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.