Вы тут

Неўміручасць рамана, безліч прэмій, саюзы перакладчыкаў


і іншыя дзівосы сербскай літаратуры — у расповедзе Івана Чароты — літаратуразнаўцы, перакладчыка, прафесара, акадэміка Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, аўтара кнігі "Беларусы пра Сербію і Югаславію".


— Беларуская проза ў шырокім свеце асацыюецца з Васілём Быкавым. У паэзіі такой сімвалічнай постаццю выступае Рыгор Барадулін, у драматургіі найбольшай папулярнасці дасягнуў Андрэй Макаёнак. Як гэтая трыяда выглядае ў сербскім варыянце?

— Я не зусім згодны з вылучэннем названых пісьменнікаў на ролю «прадстаўніцтва». У Сербіі Быкаў успрымаецца як прадстаўнік савецкай рускай літаратуры, а Барадуліна і Макаёнка мала хто ведае. Калі ж вы хочаце, каб я назваў тройку найбольш значных прадстаўнікоў сербскай літаратуры канца ХІХ — пачатку ХХ стст., то ў мой пералік не патрапіць вядомы Міларад Павіч з гучнапраслаўленым «Хазарскім слоўнікам». А скажу я пра магутнага празаіка эпічнага складу і адпаведнага лёсу — Добрыцу Чосіча, выключна яркага і адначасова глыбакадумнага паэта Міядрага Паўлавіча. Праўда, з драматургаў мушу згадаць Душана Кавачавіча, які досыць вядомы ў Расіі й некаторых іншых былых савецкіх рэспубліках, а ў сябе на радзіме з’яўляўся, можна сказаць, «манапалістам» тэатральных рэпертуараў на працягу 1980 — 90-х гадоў.

— Дзённікавыя нататкі, абразкі, навела і аповед… Заходнееўрапейская літаратура адышла ад буйной празаічнай формы, беларуская апошнім часам — таксама; адзінкавая з’ява цяпер і паэма. Сербскія пісьменнікі гэтаксама падпалі пад уплыў хуткага тэмпу часу?

— Дзякуй богу, сербская літаратура ўсё ж такі засталася менш падлеглай уплывам заходнееўрапейскім, і ў ёй па-ранейшаму вызначальным празаічным жанрам з’яўляецца раман. І, як ні дзіўна гэта для нас, беларусаў, у Сербіі раман усё яшчэ мае дастаткова колькаснае, шырокае кола чытачоў. Я нездарма прыгадаў нядаўна спачылага раманіста Чосіча, паколькі нават апошнія яго раманы маюць па некалькі выданняў. А нароўні з Чосічам шматтысячнымі тыражамі выдаюцца таксама раманныя жыціі (альбо жыційныя раманы, малаістотна, як іх называць) Ліляны Хаб’янавіч Джуравіч, да якой падчас мінулагодняга і пазамінулагодняга кніжных кірмашоў не перапыняліся штодзённыя чэргі па аўтографы. І толькі за гэтыя дні былі прададзеныя дзясяткі тысяч экзэмпляраў яе кніг. Гэта ўсё адбывалася на маіх вачах, а потым я ўдакладняў лічбы, таму адказна сведчу. У любым выпадку, няцяжка назваць дзясятак сербскіх раманістаў, сапраўды папулярных, якіх многа выдаюць і рэальна многія чытаюць. Што ж да сучаснай паэзіі, то жанр паэмы ў ёй не стаў дамінуючым, хоць і з’явай адзінкавай яго назваць нельга. Тут, відаць, існуе нейкі баланс, абумоўлены іманентнымі заканамернасцямі развіцця і жанру, і паэзіі наогул, а таксама і чытацкімі прыхільнасцямі.

— Усе літаратурныя часопісы Беларусі маюць аднолькавую структуру: празаічная і паэтычная часткі, публіцыстыка і крытыка. Сербскі часопіс будуецца па той жа схеме? Ці, быць можа, існуюць профільныя выданні? У нас, да прыкладу, не маюць сваёй «друкаванай плошчы» драматургі…

— Сітуацыя з літаратурнымі часопісамі Сербіі мае адпаведную тыпалогію з тым, што адбываецца з падобнымі выданнямі ва ўсім свеце, у Беларусі таксама. Праўда, я не ведаю ніводнага сербскага літаратурнага часопіса, які фінансуецца дзяржавай. Між тым па-ранейшаму выдаецца іх многа. Нават у зусім невялікіх населеных пунктах. Структура ўласна літаратурных часопісаў, як правіла, такая ж самая. Хіба што больш увагі надаецца крытыцы, літаратура- і мастацтвазнаўству. А яшчэ — увесь час трымаецца кантэкст шырокі, не толькі айчынны. Вяртаючыся да актуальна-ўніверсальных пытанняў, звязаных з тыражамі, — яны, як правіла, ніжэйшыя за нашы. Як мне здаецца, літаратурныя перыядычныя выданні заўжды і ўсюды разлічваліся на «свае» колы, якія паступова самім канкрэтным выданнем ствараліся і трымаліся ў «полі прыцягнення». Гэта значыць, заўжды патрэбныя намаганні, каб чытача ўтрымаць, рэагуючы на змены патрэб, густаў і г.д. Разумею, што сітуацыю ва ўсім свеце рэзка змяніў інтэрнэт. Але не да такой ступені, каб часопісы пазбавіліся сапраўдных сваіх прыхільнікаў. Зрэшты, нармальна, калі і малы працэнт насельніцтва складае гэтую катэгорыю. Хіба ў Расіі ХІХ стагоддзя чытачоў было больш? А на ваша пытанне наконт профільных выданняў магу адказаць, узяўшы зусім свежы прыклад: два тыдні таму па дарозе ў Герцагавіну я атрымаў часопіс «Гуслі». Яго канцэпцыя не звязаная з этнаграфічнай архаікай, гэта орган сучасных сербскіх гусляроў. Тыраж яго — тысяча экзэмпляраў… Пры насельніцтве Сербіі прыкладна такім жа, як у Беларусі… Між тым, калі параўноўваць тыражы сербскай «Літаратурнай газеты» («Кніжеўніх новіна») і «ЛіМа», то перавага ў нас.

— Што значыць для сербскага пісьменніка літаратурная прэмія? Як у Сербіі адзначаюць найлепшых, найцікавейшых, актуальных?

— Літаратурных прэмій у Сербіі вельмі многа. Можа, нават занадта. Яны самыя розныя і па статусе (па тым, хто іх засноўвае і прысуджае), і па прэстыжы, і па матэрыяльна-грашовай вартасці. Дзяржаўныя сярод іх не дамінуюць. Большасць прэмій у галіне літаратуры прысуджаецца фондамі пісьменнікаў-класікаў (а існуюць фонды фактычна ўсіх класікаў). Значную вагу маюць прэміі перыядычных выданняў. Скажам, адна з самых прэстыжных у краіне прэмій за раман — гэта прэмія тыднёвіка «НІН», г. зн. «Нядзельных (тыднёвых) інфармацыйных навін». Пры ўсім гэтым лепшыя пісьменнікі, у рэшце рэшт, адзначаюцца пенсіямі, значна большымі за сярэднюю…

— Нон-фікшн набыў і працягвае набываць папулярнасць у пісьменнікаў Еўропы (і не толькі). У Беларусі гэты від творчасці замацаваўся яшчэ й пасля прысуджэння леташняй Нобелеўскай прэміі. Сербскі аўтар: як ён глядзіць на такую «дакументалістыку»?

— Пэўна, сказаць «за ўсю Адэсу», у дадзеным выпадку — за сербскага чытача наогул, я не магу. Па агульных маіх назіраннях, «дакументалістыка» нязменна карыстаецца попытам у самых розных катэгорый сербскай чытацкай публікі. Але тое, пра што вы гаворыце, сербы не ўспрымаюць як навіну-навізну, тым больш як нейкія «творчыя дасягненні», «мастацкія адкрыцці». Падобныя запісы сербы рабілі і публікавалі яшчэ ў часы Першай сусветнай вайны. Літаратура гэтага кшталту значнай увагай карысталася і пасля Другой сусветнай, якая была не толькі вызваленчай ад фашысціх інтэрвентаў, але і грамадзянскай. Вайна 1999 года, якую вялі краіны НАТА супраць СР Югаславіі, таксама знайшла разнастайнае адлюстраванне ў шматлікіх запісах, якія друкаваліся адразу пасля трагічных падзей і дагэтуль публікуюцца. Аднак тэматычна гэты від творчасці ў сербаў звязаны не толькі з войнамі. Дарэчы, на ім грунтуецца творчы прыём аповеду пра сябе, які цікава і плённа выкарыстоўваў празаік Драгаслаў Міхаілавіч у сваіх раманах і аповесцях, а таксама ў «нявыдуманым» творы «Голы востраў».

— Калі паглядзець на перакладчыцкую справу, у Беларусі заўважныя два «кірункі»: творы з літаратур усходніх краін рэпрэзентуе Выдавецкі дом «Звязда»; англійскай, шведскай, польскай і іншых заходнееўрапейскіх літаратур — школа «Прайдзісвету». А як наладжаны працэс у сербскіх перакладчыкаў? Ці тут кожны — адзін у полі воін?

— Сам непасрэдна ўключаны ў працэс беларуска-сербскага перакладу, я на працягу ўжо сарака гадоў сачу за тым, што адбывалася ў СФР Югаславіі, а цяпер — розных рэспубліках былой Югаславіі, у Сербіі — перш за ўсё. І мушу сказаць, што ў братоў-сербаў перакладчыцкая справа развіваецца непараўнальна лепш, чым у нас. Першае, на што варта звянуць увагу, гэта арганізацыя справы перакладу і абароны правоў перакладчыка. У Сербіі здаўна ёсць два Саюзы перакладчыкаў: той, які аб’ядноўвае «транслятараў»-адаптатараў мастацкай літаратуры, і другі, які ўключае прафесіяналаў перакладу ў спецыяльных сферах. Абедзве суполкі маюць свае часопісы. Другое: незалежна ад усіх перыпетый прафесійныя аб’яднанні забяспечваюць сваім членам гарантаваныя правы на прыстойныя ганарары — бягучы заробак і, адпаведна, пенсію.

Адпаведна, перакладчыкі самі зацікаўленыя ў тым, каб высочваць і «запускаць» дагэтуль невядомае, адметнае. Што праўда, і нам гэта неабходна ўлічваць. Беларуская літаратура ў катэгорыю прыярытэтных перакладчыцкіх інтарэсаў не трапляла ніколі. Прычым справа не ў сербах. Калісьці я гэта ўжо расказваў: на міжнародным бялградскім форуме перакладчыкаў адзін калега выказаўся прыкладна так: «У сябе ў Швецыі я хутчэй знайду аматара паляцець на Венеру, чым таго, хто возьмецца перакладаць беларускую літаратуру». Не намнога лепшая сітуацыя і ў Сербіі, дзе нашу літаратуру трэба папулярызаваць мэтанакіравана і актыўна, укладаючы ў гэта як сілы, так і матэрыяльныя сродкі. Беларусістаў неабходна заахвочваць і падтрымліваць фінансава. Толькі на энтузіязме сур’ёзныя справы трымацца не могуць. Вельмі добра, што мы там знайшлі шчырага сябра — выдатнага вучонага-славіста і перакладчыка паэзіі — прафесара Міядрага Сібінавіча. Між іншым, дагэтуль належным чынам не аддзячылі. Цяпер вось з’явілася захопленая нашай паэзіяй выпускніца бялградскага філфака Даяна Лазаравіч. Яна надрукавала пераклады М. Танка, П. Броўкі, У. Караткевіча, на маю прапанову пераклала ўвесь «Вянок» Максіма Багдановіча… Але ж хтосьці павінен выдаць гэтую кніжку і, што называецца, «пакрыць выдаткі». Карацей кажучы, на папулярызацыю беларускай літаратуры ў Сербіі, як і наогул у замежжы, патрэбныя канкрэтныя гранты, а таксама і спецыяльныя прэміі.

— Як можна апісаць стасункі сербскіх пісьменнікаў з крытыкамі: халодная вайна, даўняе сяброўства?..

— У нас, на жаль, крытыка ў галоўнай функцыі — як «самасвядомасць літаратуры» — неўпрыкмет знікла. А ў Сербіі яна існуе, як і раней, у часы слыннага Ёвана Скерліча, літаратуразнаўца і крытыка пачатку ХХ стагоддзя, калі кожны аўтар і выдавец міжвольна задумваўся, што ж ён скажа пра іхні «прадукт». Канешне, і дыскусіі вядуцца, і «сяброўская» крытыка ў літаратурным працэсе прысутнічае таксама.

Зрэшты, каб агульная карціна літаратурнай сітуацыі не выглядала ідылічнай ці ўласна мною ідылізаванай, мушу згадаць, што Саюз пісьменнікаў Сербіі таксама быў у свой час падзелены. Час «халоднай вайны» мінуў. Цяпер, што называецца, ідзе перыяд мірнага суіснавання.

— У Беларусі ўжо ставяцца з іроніяй да ролі пісьменніка як Прамоўцы, пасрэдніка паміж вечным і прыўкрасным ды чытачом. А як у Сербіі? Ці жывы там яшчэ ўплыў пісьменніка на грамадскую думку?..

— У Сербіі значныя пісьменнікі традыцыйна актыўна прысутныя ў грамадскім жыцці, а таксама на дзяржаўнай службе: скажам, яшчэ ў Каралеўстве Сербаў, харватаў і славенцаў (Югаславіі) на высокіх дыпламатычных пасадах служылі слынныя паэты Ёван Дучыч і Мілан Ракіч, празаікі Іва Андрыч і Мілаш Црнянскі, камедыёграф Браніслаў Нушыч… Яскравы прыклад стаўлення сербскага грамадства да пісьменніка ў новыя часы — тое, што ў вельмі складаныя 1990-я гады грамадства звярнулася да самага аўтарытэтнага пісьменніка Добрыцы Чосіча, каб ён узяў на сябе функцыі Прэзідэнта СР Югаславіі. Альбо другі прыклад: вядомы паэт і старшыня Саюза пісьменнікаў Сербіі Слабадан Ракіціч узначальваў адну з дзейсных палітычных партый. Эліту грамадства складаюць пісьменнікі і цяпер. Аднак у грамадска-палітычным жыцці пісьменнікі сталі крыху менш заўважнымі. Што ж да ўплыву іх, заўсёдных «уладароў дум», то ён па-ранейшаму ёсць.

— Актуальныя тэмы нашай прозы сёння — фемінізм (калі не так востра, то свет жанчыны); дэструкцыя асобы ў гарадскім асяродку; асаблівасці беларускага менталітэту. Пастаянным застаецца адсотак ваеннай літаратуры, перадусім праз творчасць сталых аўтараў. Не змяншаецца ўвага да праблем вёскі. А на што звяртае ўвагу сербскі пісьменнік — калі ўявіць сабе такі агульны псіхалагічны партрэт?..

— Фемінізмам былі «інфіцыраваныя» практычна ўсе літаратуры былых сацыялістычных краін. Такая праверка на імунітэт. Але сербская літаратура гэтую праверку прайшла нармальна. «Інфекцыя» дала хіба толькі маргінальную плынь. А ўвогуле праблемна-тэматычнае кола яе даволі шырокае. Яно ўключае і ўсё тое, што вы згадалі, і спецыфічныя тэмы, абумоўленыя ўласна сербскай гісторыяй, геапалітычнай сітуацыяй. Некаторыя з іх я ўжо згадваў — скажам, вайну 1999 года. Варта дадаць падзеі грамадзянскай (і рэлігійнай) вайны 1992 — 95 гадоў у Босніі і Герцагавіне, акупацыю Косава і Метохіі — Сербскага Іерусаліма… Адпаведна, сербскі пісьменнік не можа ігнараваць свае задачы як «інжынер чалавечых душ». Таму даследуе гэтыя супярэчнасці ў праекцыі на душы сваіх супляменнікаў і былых суграмадзян па Федэрацыі. А сербская літаратура не з тых, якія абмінаюць і загладжваюць калізіі. Звярну ўвагу яшчэ на адну асаблівасць: запатрабаванасць сапраўднай духоўнай літаратуры, шмат выданняў і перавыданняў святых ХХ стагоддзя — свц. Нікалая (Веліміравіча), прападобнага Юсціна (Попавіча), Патрыярха Паўла, сучаснага старца-манаха Фадзея… Дарэчы, членамі Саюза пісьменнікаў Сербіі з’яўляюцца і некаторыя сённяшнія архіерэі. Карацей кажучы, я не перабольшу, калі падагулю ўсё сказанае фразаю, што славеснасць сербаў была і застаецца выключна багатай, яркай, вартай увагі ўсяго свету.

Пытанні рыхтавала Наста ГРЫШЧУК

Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».