Вы тут

Як дзецi з асаблiвасцямi ў развiццi рыхтуюцца да моднага паказу


Сёлета Беларускi тыдзень моды адважыўся на эксперымент — упершыню правесцi дзiцячы iнклюзiўны паказ. На подыум разам з прафесiйнымi юнымi мадэлямi выйдуць дзецi з iнвалiднасцю. Дэфiле чакаецца напачатку лiстапада. Малыя ўжо рыхтуюцца. Бацькi таксама: што нi кажы, а быць мадэллю — гэта праца, за якую трэба плацiць, — прысмакамi, цацкамi i дазволам прапускаць урокi ў школе. На рэпетыцыi эксклюзiўнага паказу пабывалi карэспандэнты «Звязды».


Пакуль рэпетыцыя не пачалася, ёсць час паразмаўляць: не бачыліся цэлы тыдзень.

Звычайная калекцыя для незвычайных дзяцей

Арганiзаваць паказ прапанавала Беларуская асацыяцыя дапамогi дзецям-iнвалiдам i маладым iнвалiдам. Натхнiлiся прыкладам Ангелiны Уэльскай — першай беларускай мадэлi з ДЦП (дзяўчына, дарэчы, нядаўна падпiсала кантракт з Нацыянальнай школай прыгажосцi). Разаслалi лiсты дызайнерам з просьбай дазволiць малым з асаблiвасцямi ў развiццi паўдзельнiчаць у паказах. На прапанову адгукнулася вiцебскi мадэльер Таццяна Яфрэмава. А Беларуская палата моды падтрымала праект i ўключыла яго ў праграму восеньскiх паказаў.

Таццяна Яфрэмава сёння якраз на рэпетыцыi. Прыехала для прымеркi. На крэслах раскладзена рознакаляровае адзенне. Плашчыкi, спаднiцы, пiнжакi, шорты... Дызайнер ужо больш за дзесяць гадоў шые ўборы для жанчын, але дзiцячую калекцыю выстаўляе ўпершыню.

— Гэта будзе сумесь класiкi i спорту, — раскрывае некаторыя дэталi мадэльер. — Ёсць i паўсядзённае, i святочнае адзенне. Тканiны мне прадаставiлi бясплатна. Я брала натуральныя матэрыялы — лён, бавоўну, шоўк. Дэкорам, дарэчы, будуць пiктаграмы, якiя выкарыстоўваюцца ў альтэрнатыўнай мове камунiкацыi. Такое зашыфраванае пасланне.

Таццяна — шматдзетная мама. Чацвёра сыноў. Самы малодшы — яму цяпер паўтара года — нарадзiўся з сiндромам Даўна. «Звычайная калекцыя для незвычайных дзяцей» — так называе яе сама дызайнер — гэта яе ўклад у будучыню сына, спосаб прыцягнуць увагу да тэмы.

— Кожнае дзiця незвычайнае. Толькi камусьцi трэба мала намаганняў, каб зрабiць крок, а камусьцi — многа, — разважае дызайнер. — Нягледзячы на тое, што паказ такi ў Беларусi ўпершыню, асаблiвасцяў я не бачу. Гэта проста дзецi.

Лiхтаршчык i кароль

...У зале ўключаецца музыка. Малыя хутка знаходзяць свае пары — трэцяя рэпетыцыя як-нiяк! — i выстройваюцца адно за адным. Пачынаецца дэфiле. Дзяўчаты трымаюць рукi на талii, хлопцы — у кiшэнях. «Адзiн, два, тры, чатыры», — старанна адлiчваюць у канцы iмправiзаванага подыума, перш чым развярнуцца i пайсцi назад. Тыя, хто менш хвалюецца, не забываюць азiрнуцца цераз плячо i ўсмiхнуцца нешматлiкiм гледачам з лiку педагогаў.

— Я б не сказала, што з iмi складаней працаваць. Наадварот, дзецi вельмi старанныя, уважлiва слухаюць, — кажа Аксана Кавецкая, кiраўнiк дзiцячай школы мадэляў «Кids' PODIUM», у якой маленькiм удзельнiкам паказу прапанавалi бясплатна прайсцi навучанне.

Тры гады таму ў студыi ўжо быў падобны вопыт работы — праект «Сярэбранае кола», дзе адзенне паказвалi дзецi на калясках. Малых рыхтавалi на працягу года: выкладалi iм асновы дэфiле, этыкет, псiхалогiю. Запрашалi рэабiлiтолага. Паказ вечаровых сукенак тады прайшоў на «ўра»: у зале было 400 чалавек.

— Калi ёсць жаданне, усё можна вырашыць. Прыйсцi да дырэктара школы, гуртка, расказаць iм пра сваё дзiця, якое таксама хоча займацца творчасцю. Гэта ўсяго толькi арганiзаваць яшчэ адну групу, — упэўнена Аксана Кавецкая.

Цяперашнюю пастаноўку вырашылi зрабiць тэатралiзаванай, па матывах казкi «Маленькi прынц». Каб дзецям было не так страшна выходзiць на подыум, iх аб'ядналi ў групы па некалькi чалавек. Караля суправаджае свiта, лiхтаршчыка — зоркi.

Пасля трэцяга прагону некаторыя «казачныя героi» пачалi стамляцца. Адзiн з хлопчыкаў накiроўваецца да дзвярэй. Мама спрабуе выправiць сiтуацыю: абяцае пачаставаць прысмакамi.

— Пiца? — з надзеяй зазiрае малы ў вочы.

— Я не паспею прыгатаваць...

— Пiца?

Мама здаецца: «Добра, будзе», — i шчаслiвы малы вяртаецца ў залу.

Светлавалосага хлопчыка, якога пасля рэпетыцыi чакае дамашняя пiца, завуць Дзянiс. Дзянiсу восем гадоў, i ў яго сiндром Даўна. У паказе ён ўдзельнiчае разам з аднакласнiцай Таняй Сiвянковай. Творчыя людзi: з верасня займаюцца ў тэатральным гуртку.

— Мы вырашылi, што нам трэба выступiць абавязкова, для таго каб неяк сацыялiзавацца, каб грамадства паглядзела, што гэта такiя ж дзецi, як усе, — кажа мама Дзянiса Аляксандра Крылова. — Дзянiс i Таня ходзяць у iнтэграваны клас, i ў садку былi сярод звычайных малых. Той, хто ведае нашых дзяцей, ужо нiчога не баiцца, разумее, што яны неагрэсiўныя.

«Мама, я буду дамай»

Бацькоў, дарэчы, у залу не пускаюць: дзецi пры iх саромеюцца дэфiлiраваць. Таму пакуль малыя адточваюць рухi, мы з дарослымi гутарым у калiдоры. Таццяна Высоцкая i яе дзесяцiгадовая Даша ездзяць на рэпетыцыi з Маладзечна. Малая ў захапленнi.

— Дома ходзiць i ўсё паўтарае: «Мама, я буду дамай», — усмiхаецца Таццяна.

Даша любiць публiчнасць i прыгожыя ўборы. На паказе, па словах дзяўчынкi, яна «павiнна паказаць, як трэба хадзiць».

Мадэльную паходку дома рэпецiруюць нават хлопчыкi. Адзiнаццацiгадовы Арсень, якому дасталася ганаровая «пасада» лiхтаршчыка, з задавальненнем паказвае свае поспехi тату i выхавацелю ў спецыялiзаванай школе.

— Сын не любiць гучнай музыкi, яму не падабаюцца люстэркi. Спачатку казаў, што баiцца, бо не разумеў, што будзе адбывацца, — прызнаецца мама Вольга Калмакова i тлумачыць нам, што ў Арсеня аўтызм.

Той са­мы Дзя­нiс, яко­му пас­ля рэ­пе­ты­цыi па­абя­ца­лi пi­цу. Шчас­лiў­чык!

На под­ыум дзе­цi бу­дуць вы­хо­дзiць не­вя­лi­кi­мi гру­па­мi.

На подыуме страху не вiдаць — толькi ўсмешка. У дзень рэпетыцыi хлопчык не ходзiць на ўрокi: пакiдае сiлы для дэфiле. Адмiнiстрацыя школы i настаўнiкi паставiлiся да гэтага спакойна. А Вольга толькi радуецца тым зменам, якiя бачыць у сыне:

— У Арсеня з'яўляюцца новыя словы, iншыя эмоцыi. Для мяне, як для мамы, гэта вельмi заўважна.

Вольга, дарэчы, працуе ў мiнскiм заапарку. Яна начальнiк асветнiцкага аддзела i сама стараецца арганiзоўваць розныя мерапрыемствы для малых з iнвалiднасцю. «Я разумею, наколькi нашым дзецям i iх бацькам гэта важна — не сядзець у чатырох сценах, не закрывацца ў сабе, а кантактаваць».

Арсень сёння стойка пераносiць рэпетыцыю i прымерку. Яшчэ б: за стараннасць мама паабяцала яму невялiкую ўзнагароду — новую калекцыю лега-чалавечкаў.

Р.S. У гэтым сезоне ўся сума ад прададзеных бiлетаў на Днi дзiцячай моды, якiя пройдуць 5-6 лiстапада, будзе пералiчана Беларускай асацыяцыi дапамогi дзецям-iнвалiдам i маладым iнвалiдам. А iнклюзiўны паказ не стане апошнiм. Цяпер вядуцца перамовы, каб правесцi такiя дэфiле за мяжой.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

Фота Надзеi БУЖАН

Загаловак у газеце: У абмен на пiцу i канструктар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».