Вы тут

Пра што сведчаць беларускія пастаноўкі форуму «ТЭАРТ»


...Прадмет, змешчаны ў кантэкст, становіцца творам мастацтва — фактычна ўжо аксіёма крэатыву (творчай думкі), якая не патрабуе доказаў.


Сцэна са спектакля «На дне» (рэж. І. Казакоў).

А калі прадмет — крэсла, а кантэкст — чорны квадрат, ды яшчэ ў сцэнічнай прасторы, то згодна з логікай атрымліваецца крэатыў у квадратнай ступені... На гэта разлічвала Вольга Скварцова, аўтар і рэжысёр перфармансу «Прадметная размова», падчас якога гледачу прапанавалі паразважаць аб тым, што можна называць творам мастацтва, пра адноснасць меркаванняў і ацэнак сучаснай творчасці, пра ўсё тое, што абмеркавана не аднойчы, што больш не патрабуе доказаў нідзе. Але ў Рэспубліцы Беларусь разважаць пра гэта можна зноў і зноў, абыгрываць гэтыя думкі як новыя і арыгінальныя, і ўсё яшчэ застануцца тыя, для каго гэта адкрыццё і круты эксперымент. На самай справе ўсё залежыць ад кантэксту — і разуменне сутнасці мастацтва творцамі, і меркаванне пра мастацкі твор публікі. І эмацыйны водгук на яго, асабліва калі гаворка пра тэатр, таму што гледачы самі становяцца часткай твора, прынамсі, стваральнікі прадугледжваюць гэты момант: тэатр — мастацтва жывое, што ствараецца літаральна на вачах. А гэтыя вочы належаць канкрэтным людзям, якія існуюць у пэўных сацыяльных (грамадскіх) умовах. Таму крэатыў у квадраце накладваецца на кантэкст у квадраце.

Павінен накладвацца, разважаюць тыя айчынныя рэжысёры, для якіх тэатр — больш чым пляцоўка для паказу пастановак. Сёлета беларускі шоу-кейс форуму «ТЭАРТ» фарміравалі самі ўдзельнікі тэатральнага працэсу: прапаноўвалі свае творы для паказу, дзякуючы чаму ў арганізатараў быў выбар. Таму сёлета сачыць за беларускай праграмай фестывалю «ТЭАРТ» было не менш цікава, чым за замежнай. Прынамсі, тым, хто жыве тут і ведае, за што варта паважаць асоб, што працуюць на беларускі тэатр і робяць у ім фантастычныя рэчы. Усё ж наш асаблівы агульны кантэкст і, адпаведна, тэатральны працэс лепш зразумее той, хто з'яўляецца яго часткай (з аднаго ці другога боку сцэны).

Але сёлета беларуская частка фестывалю прадугледжвала пэўную задачу: прасоўваць беларускі тэатр за межы краіны. Дзеля гэтага на «ТЭАРТ» прыехалі крытыкі з розных краін і нават рэгіёнаў, меркаванні якіх маюць уплыў на арганізатараў міжнародных фестываляў. Складана ўявіць, што іх уразіла з 13 прагледжаных айчынных пастановак і праектаў, таму ад таго, які кантэкст (у першую чаргу грамадскі як вызначальны) бярэцца пад увагу, залежыць, пойдзе адзнака ў «плюс» ці ў «мінус». Ад яго ж залежыць, што для нас істотна ў першую чаргу: сэнс для паляпшэння жыцця, які даносіцца дакладна (для лепшага разумення большасці), ці надта арыгінальная форма, за якой ён можа нават згубіцца.

Пачыналася беларуская праграма праектам цудоўнай артысткі Святланы Бень. 14 песень, створаных кампазітарам Валерыем Воранавым на словы піцерскага паэта пачатку ХХ стагоддзя Мікалая Алейнікава. Прыкольныя песенькі пра жыццё казюлек аформлены канцэптуальна: выконваюцца млявым голасам (як тут не ўспомніць Аляксандра Вярцінскага?) пад мінімалістычнае канцэптуальнае афармленне. І можна было б сапраўды вярнуцца ў дзяцінства, калі толькі спасцігаецца навакольны свет, а цыкл «З жыцця насякомых» у гэтым дапамагае. Магчыма, так яно і ўспрымаецца, калі не ведаць, што гэтыя іранічныя дзіцячыя (а можа, сатырычныя?) вершы каштавалі Мікалаю Алейнікаву жыцця: ён быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе... Тыя нібыта бяскрыўдныя «тараканчыкі», што правілі баль на той час у чалавечым свеце, разумелі, што чытаць іх дзецям будуць дарослыя... Нам пра гэта нібыта і намякаюць: на экране мільгае безліч нулёў і адзінак, ці раптам з'яўляецца выява чырвонага чалавека. Ды і музыка — гукі не для дзіцячага слыху, не для гульні. Нейкае трывожнае адчуванне падчас прагляду ўзнікае, яго нясуць менавіта словы, але абыходзіцца ўсё без выразнага сэнсавага акцэнту. А можа яго пазбягалі наўмысна, ствараючы выключна эстэцкі праект?..

Спачатку сэнс. Гэтым кіруецца Аляксей Ляляўскі, рэжысёр, што трымае славу беларускага тэатра лялек. Сэнс важны тут і цяпер, зразумела паводле спектакля «Птушкі» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. П'еса Арыстафана стала падставай для Ляляўскага пагаварыць з намі пра нас... Па-даросламу, па-мужчынску, цвёрда, з дакладна расстаўленымі акцэнтамі. Як будуецца і на чым трымаецца чалавечае грамадства. Якім чынам і чаму ўзнікаюць хімеры, якіх напачатку не заўважыць. Гэта той варыянт тэатра, дзе кантэкст становіцца нябачным дадатковым героем. Зняць гэтую пастаноўку з нашага кантэксту — і яна губляе сваю выразную актуальнасць. Не думаю, што гэта нейкім чынам змяншае значнасць Ляляўскага як рэжысёра, наадварот, пастаноўка сведчыць пра тое, што рэжысёр з'яўляецца найперш грамадзянінам, бо ён стварае ўсё не «на вываз». Гэта той рэжысёр, які наогул цудоўна адчувае кантэкст, нават у залежнасці ад тэатра, у якім ставіць (нездарма ў Расіі сёлета адзначаны прэміяй «Залатая маска»).

Яшчэ адну яго пастаноўку «Візіт старой дамы» (паводле Ф. Дзюрэнмата) прадставіў Гродзенскі абласны тэатр лялек. На гэты раз размова пра мараль у грамадстве (на прыкладзе аднаго канкрэтнага горада) вядзецца зусім па-іншаму. Але не без уцягнення ў дзеянне гледача. Кожны, хто ў зале, становіцца саўдзельнікам... забойства: калі гараджане на сцэне распраўляюцца з Альфрэдам Ілам, гасне абсалютна ўсё (!) святло, і толькі па гуках зразумела, што адбываецца. У тэатральнай зале ці наогул жыцці — цяпер няважна, таму што цемра ўсіх аб'яднала. І ўсе — маўчаць... з адчуваннем няёмкасці.

Дзейны тэатр, які мяняе чалавека, можа працаваць і не «ў лоб», не напрасткі (але каб счытваць алегорыі, трэба разумець рэчаіснасць). Калі нават таленавіта распавесці пра трагедыю маленькага чалавека ў той час, як усе навокал гараць вялікай ідэяй, як гэта зроблена расійскім рэжысёрам Русланам Кудашовым у пастаноўцы паводле А. Платонава «Фро» ў Брэсцкім абласным тэатры лялек. Тонка і пластычна з дапамогай маленькіх лялек раскрываецца драма супрацьстаяння грамадскага і глыбока індывідуальнага. Ідэя можа быць рознай (у часы Платонава — адна, цяпер — іншая, але таксама вялікая ў залежнасці ад краіны), а жаданне шчасця канкрэтным чалавекам ніхто адмяніць не можа.

І сам чалавек, нават калі знаходзіцца на дне, што паказаў рэжысёр Ігар Казакоў у пастаноўцы Магілёўскага абласнога тэатра лялек. Пра яе мы пісалі асобна. Але хочацца нагадаць: гэта той момант, калі тэатр кідае выклік кантэксту. Чалавечай супольнасці, якая ўвесь час толькі і гаворыць пра высокія памкненні, не робіць ніякіх рэальных намаганняў над сабой, каб вырвацца з бруду, узняцца з дна. Таму падыходзіць да мяжы, за якой — поўнае знішчэнне. І не хочаш, а задумаешся...

У тым ліку і пра тое, што сутнасць (сэнс) абумоўлівае форму існавання ў тэатры і тэатра наогул.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

(Працяг будзе)

Загаловак у газеце: Сіла кантэксту

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.