23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Ветэран, які прайшоў вайну, доўгі час служыў Айчыне і на ніве культуры


...Пад фанфары ваеннага аркестра і шчодрыя апладысменты ў Залу Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў свой 95-ты дзень нараджэння ўваходзіць адзін з колішніх дырэктараў установы, першы намеснік міністра культуры БССР, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Такое пачуццё радасці, перамешанае бадай толькі з хваляваннем, Аляксандр Ульяновіч адчувае не ўпершыню. Першым — быў май 1945-га, калі дрыготкай рукой гвардыі старшына вывеў сваё прозвішча на пераможаным рэйхстагу...


Пад­час су­стрэ­чы ў ­му­зеі гіс­то­рыі Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны.

— Гэта быў такі эмацыянальны пад'ём, — успамінае той дзень Аляксандр Іосіфавіч. — Яшчэ 2 мая, прыкладна гадзін да 12, у Берліне ішлі вулічныя баі. Потым аб'явілі, што берлінскі гарнізон капітуляваў. І адразу ўсталявалася цішыня. А мы ўжо — на подступах да самога рэйхстага, праз Тыргартэн рухаліся. У рэйхстаг трапілі 3 мая. Вайна спынілася дзесьці за трыста метраў ад нас. Усе кінуліся ў рэйхстаг: хацелі паглядзець на логава ворага. Бачым — на сценах подпісы стаяць, прозвішчы. І мы таксама адзін на аднаго чапляемся, на плечы становімся, каб распісацца. З вялікім размахам, з гонарам...

Франтавымі дарогамі Аляксандр Ульяновіч прайшоў усю вайну. У Чырвоную Армію ён, жыхар Капыльшчыны, быў прызваны ў 1940 годзе. Перад самай вайной скончыў 66-ю школу малодшых авіяцыйных спецыялістаў у Омску, атрымаўшы спецыяльнасць стралка-радыста дальняга бамбардзіроўшчыка «ДБ-3Ф». Быў накіраваны на службу ў другую вышэйшую школу штурманаў, што ў Іванаве. Тут яго і заспела Вялікая Айчынная вайна.

Свой баявы шлях Аляксандр Ульяновіч пачаў пад Смаленскам. «Спачатку не баяліся, бо не было нямецкіх знішчальнікаў, — прызнаецца ветэран. — Стралялі зеніткі: то вышэй, то ніжэй. Ад іх мы імкнуліся хавацца ў аблоках. А вось калі з'явіліся знішчальнікі, тады стала страшна. Сярод бранябойных і асколачных снарадаў асабліва баяліся трасіруючых. Ты бачыш гэтыя кулі, якія праходзяць то ніжэй, то вышэй за цябе, і проста сціскаешся ў камбінезоне...»

Аляк­сандр УЛЬ­Я­НО­ВІЧ.  Бер­лін, 1945 год.

Аднойчы прыйшлося сціскацца не толькі ад страху, а яшчэ і ад болю. Пасля ранення Аляксандр Ульяновіч некаторы час ляжаў у шпіталі. Потым яго перавялі ў наземныя войскі — на пасаду начальніка радыёстанцыі 62-га асобнага гвардзейскага батальёна сувязі 8-й гвардзейскай арміі. Вызваляў Харкаў, Варшаву, дайшоў да Берліна. За штурм Зеелаўскіх вышынь быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Яшчэ на парадным кіцелі франтавіка — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За працоўную доблесць», ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», іншыя дзяржаўныя ўзнагароды.

Пасля вайны Аляксандр Ульяновіч шчыраваў на камсамольскай і партыйнай нівах. Працаваў сакратаром Гродзенскага абкама КПБ, першым намеснікам міністра культуры БССР, звыш 10 гадоў узначальваў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— Я быў чацвёртым дырэктарам музея (пасля яго заснавання ў верасні 1943 года. — Аўт.), — гаворыць Аляксандр Іосіфавіч. — Першыя тры з'яўляліся партызанамі. Таму экспазіцыя ў асноўным была пабудавана на матэрыялах з гісторыі партызанскага руху. Усе здзіўляліся: яшчэ ішла вайна, а партызанскія брыгады ўжо збіралі матэрыялы для музея! Калі я сюды прыйшоў, то мы пачалі з таго, што перайменавалі Музей гісторыі партызанскага руху ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Трэба было паказаць і ролю Чырвонай Арміі ў вызваленні Беларусі.

І, здаецца, гэта атрымалася — сучасная музейная экспазіцыя расказвае як пра выдатных военачальнікаў ваеннага часу, так і пра лёс звычайных салдат. Такім салдатам быў і сам Аляксандр Ульяновіч, які, на думку міністра культуры Беларусі, пасля стаў і яркім узорам таго, як работнік сферы культуры павінен служыць сваёй Айчыне.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фотаздымкі прадастаўлены Белдзяржмузеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Загаловак у газеце: Ад Смаленска да Берліна

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.