Вы тут

Расчытванне архетыпаў, альбо Тэмы для маладога айчыннага мастацтва


Для перадачы якіх думак шукаюць адметныя мастацкія вобразы, сімволіку? Якім чынам адбываецца дыялог гледача з аўтарам і разуменне першаснай задумы творцы? Якія асаблівасці мастацкага мыслення ў сучаснай беларускай творчасці? Падчас «Восеньскага салона» ў Палацы мастацтваў ёсць падставы разважаць пра архетыпы і дыялагічныя прыёмы, якія выкарыстоўваюць аўтары.


Разам з Вольгай Архіпавай, мастацтвазнаўцам, вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, удзельнікі адной з лекцый спрабавалі высветліць на прыкладзе канкрэтных твораў, што і чаму адлюстроўваюць мастакі. Кожны з мастакоў прапануе ўласную версію, як можа выглядаць свет. Увогуле, кожны з аўтараў па-свойму разумее мастацтва, яго задачы, прыкметы і сродкі мастацкай выразнасці. «Восеньскі салон» дазваляе зірнуць на разнастайнасць работ і паспрабаваць на прыкладах асобных экспанатаў паглыбіцца ў творчасць маладых беларускіх мастакоў, прасачыць розныя прыёмы адлюстравання рэчаіснасці: ад рэалістычных, калі мастак працуе з рэальным аб’ектам і стварае яго характар, да абстрактна-манументальных, дзе ў выніку нестандартнага мыслення аўтара рэальнасць практычна адсутнічае.

1. Пейзажныя кампазіцыі Паўла Масленікава адлюстроўваюць характэрны для Беларусі сельскі матыў, які мы можам пазнаць, ад’ехаўшы ад горада на некалькі кіламетраў. Маленькі домік, заснежаны дах, — добры вобраз, які дазваляе адчуць пяшчоту, звязаную з дзяцінствам, роднымі людзьмі — бабуляй і дзядулем, якіх, магчыма, няма, але ж сам дом — сімвал іх вечнай прысутнасці. Марозная зіма — яшчэ адзін удалы вобраз, які, нягледзячы на «халодную» тэматыку твора, абуджае цёплыя пачуцці. Аўтар дэманструе толькі рэалізм, які прадугледжвае выразную работу над аб’ектам. Увогуле, само прозвішча Масленікаў — таксама сімвал, яно робіць адсылку да лірычных матываў беларускай прыроды.

2. Тэма лесу таксама папулярная ў беларускіх мастакоў практычна ў любую пару года, бо лес зімовы, летні або восеньскі — заўсёды часцінка нацыянальнага. Вольга Шкаруба ў сваім творы аб’ядноўвае два сімвалы беларускай зямлі — лес і яркія сонечныя прамяні — абсалютна класічны пейзаж, які можна ўявіць у любых мясцінах краіны. Архетып абраны вельмі ўдала, бо глядач адразу ўспрымае твор як нешта роднае, блізкае.

3. З параўнаннямі паэксперыментавала мастачка Алеся Скарабагатая і падрыхтавала цікавы нацюрморт «Інь-янь». Работа з першага погляду ўяўляе сабой трыпціх, дзе суседнічаюць розныя па тэматыцы карціны. Мастачка фарміруе вобраз праз прадметы побытавага выкарыстання, нават харчовыя кампаненты. Такому прынцыпу мастакі вучацца вельмі доўга, нягледзячы на тое, што счытваецца вобраз досыць хутка. Алеся Скарабагатая паасобку размяшчае хлеб і сала (безумоўна беларуская тэма), каву і малако, віно і сыр, аб’ядноўваючы іх у сэнсавыя мастацкія вобразы з элементамі параўнання. Так, напрыклад, пераплятаюцца вобразы горада і вёскі і тэма мужчынскага й жаночага. Гэта прыклад, калі глядач можа доўга разважаць над абсалютна супрацьлеглымі аспектамі існавання.

4. Да сувязі чалавека з грамадствам звяртаецца мастак Уладзімір Кандрусевіч. Такая сувязь для аўтара — не толькі свет вакол, не простая аб’ектыўная рэальнасць, а знак таго, як выглядае адзін чалавек сярод іншых. Мастак вядзе аповед пра чалавека ў натоўпе і паказвае стаўленне натоўпу да асобнай істоты ўнутры яго. Аўтар робіць людзей безаблічнымі, дэманструе знакі ўзаемаадносін чалавека з грамадствам. Такім чынам, у творах аўтара пераплятаюцца два вобразы — вобраз грамадства і асобнага чалавека.

5. Змешванне рэальнага і фантастычнага — так падыходзіць да творчасці мастак Аляксандр Бельскі. З аднаго боку, мы бачым характэрны для сённяшняй Беларусі трактар, з другога — герояў з фантастычных кінафільмаў. Як і навошта яны звязаныя паміж сабой, незразумела, але застаецца факт таго, што глядач здольны ўспрыняць і зразумець гэтыя вобразы разам. Раней Аляксандр Бельскі працаваў у кінатэатры — маляваў афішы. Сёння па-ранейшаму карыстаецца былым досведам і спалучае кінагерояў з класічнымі беларускімі пейзажамі. Мастак жадае «разбавіць» стэрэатыпнасць думак пра Беларусь. Яго фантастычныя вобразы — пра тое, што за межамі ўтульнай атмасферы хаваюцца нечаканыя сюрпрызы.

6. Вобраз раўнапраўя мужчынскага і жаночага, альбо нават тэндэнцыя, калі мяжа паміж мужчынскім і жаночым сціраецца, няма моцнага і слабага полу, застаецца толькі раўнапраўе. Мастак Аляксандр Акуцыёнак гэты вобраз замацоўвае вузлом на памяць. Сапраўды, сёння не заўсёды па знешнім выглядзе вызначыш: дзяўчына гэта альбо хлопец. Што казаць пра пазіцыянаванне характару? Твор «Паласа жыцця» як сучасная тэндэнцыя знікнення полу дазваляе глыбінна падумаць над тэмай развіцця такой сітуацыі ў будучыні.

7. Вобраз мімалётнасці і руху адлюстраваны ў самай маштабнай па памеры рабоце «Восеньскага салона» Захарам Кудзіным. Прыклад таго, як абстрактнае мысленне ўвасобілася ў канкрэтны твор, — «Метро». Гэта можа выклікаць пэўны асацыятыўны шэраг, бо ў абстракцыі мастак апелюе да мнагазначных аналізаў, тым больш калі гэта чорна-белы жывапіс. Адсутнасць колеру — наўмысны акцэнт на моцныя эмоцыі. Для Беларусі метро не проста сродак перамяшчэння. У нашым метро адбылася трагедыя, і гэта адна з асацыяцый тых, хто, напрыклад, прыязджае ў Мінск і трапляе на Кастрычніцкую. Для жыхароў сталіцы гэта вобраз мімалётнасці, хуткасці, руху і ўсяго, што так часта праносіцца міма нас.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.