Вы тут

Усё больш сельскіх жыхароў церпяць ад замахаў на сваю маёмасць


Пахаладала, і вясковыя злодзеі актывізаваліся. Цяпер часцей за ўсё крадуць адзенне. Пра гэта сведчаць зводкі правапарушэнняў, якія фіксуюць супрацоўнікі міліцыі. Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Брэсцкага абласнога УУС Сяргей ДУЧЭНКА прывёў некалькі прыкладаў: на мінулым тыдні ў Ляхавіцкім раёне падлеткі ўкралі ў гаспадара капусту з поля — 83 кілаграмы, у Драгічынскім раёне беспрацоўны мужчына выцягнуў з хаты ў аднавяскоўца цёплыя рэчы і парфуму, зноў жа ў Ляхавіцкім раёне той, хто цяпер трапляе ў катэгорыю дармаедаў, украў у пенсіянеркі з хлява восем гусей. Крыху раней у Брэсцкім раёне злодзей прадэманстраваў большы размах, там зафіксаваны крадзеж 30 індыкоў.


Умоўны партрэт злодзея

Крадуць усё, што дрэнна ляжыць, нярэдка і тое, што пад замком: тэлефоны і ноўтбукі, бензін у каністрах і спіртное ў скрынках, абразы са сцен і вопратку з шафаў, ураджай з поля і ўжо ў мяшках, як было ў вёсцы Харомск Столінскага раёна. Там беспрацоўны сцягнуў у аднавяскоўца 15 кілаграмаў сабранай фасолі.

Абагулены сацыяльна-псіхалагічны партрэт сучаснага вясковага злодзея можна намаляваць так: гэта мужчына ад 20 да 40 гадоў, які нідзе не працуе, злоўжывае спіртным, сям'і не меў наогул альбо страціў па прычыне сваіх асацыяльных паводзінаў, пражывае з бацькамі альбо ў бацькоўскім доме. Многія з іх раней прыцягваліся да адказнасці за аналагічныя правапарушэнні. Каб не пакрыўдзіць прадстаўнікоў моцнага полу, адзначу прысутнасць у міліцэйскіх зводках крадзяжоў і жанчын. Але іх значна меней.

Сёння так званых беспрацоўных, адносна маладых і здаровых, пабойваюцца старыя, асабліва адзінокія людзі, і не вельмі рады суседству астатнія жыхары населеных пунктаў. Тых, хто бадзяецца без усялякага карыснага занятку, зараз можна сустрэць фактычна ў кожнай вёсцы, многія з іх злоўжываюць спіртным, адсюль і праблемы крымінальнага характару.

Вось у Столінскім раёне пенсіянер быццам бы паспачуваў такому аднавяскоўцу, запрасіў дадому, пачаставаў, а той, адыходзячы з гасцей, прыхапіў гадзіннік і пяць рублёў грошай, якія ляжалі на відным месцы. Можа, і не заяўляў бы чалавек аб такой прапажы ўчастковаму, каб не жаданне правучыць злодзея, бо калі ён не ўсвядоміць падобных памылак, а ўкрадзе недзе значна больш, то і атрымае рэальны тэрмін зняволення. А што ў тым добрага?

На кантролі ў савета

— На выхаванне вось такіх грамадзян накіравана найперш наша прафілактычная работа, — гаворыць Аляксей ЛЕВАНОВІЧ, намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Брэсцкага аблвыканкама. Яны павінны адчуваць, што і ў вёсцы ёсць каму сачыць за парадкам.

Усё-такі ў горадзе людзі лепей абароненыя ад усялякага злачыннага элемента. Тут дзейнічаюць патрульна-паставая і дарожна-патрульная службы, дзяжурства ажыццяўляюць нарады Дэпартамента аховы, многія дамы і кватэры абсталяваны ахоўнай сігналізацыяй. У вёсцы ж за правапарадак і бяспеку адказвае ўчастковы інспектар. Таму ва ўпраўленні ўнутраных спраў стаўку зрабілі на дзейнасць грамадскіх падраздзяленняў бяспекі. Пры большасці сельвыканкамаў створаны народныя дружыны і саветы грамадскіх пунктаў аховы парадку.

У названыя саветы ўваходзяць старасты вёсак, дырэктары школ, прадстаўнікі іншых сацыяльна-культурных устаноў. Узначальваюць іх, як правіла, кіраўнікі сельвыканкамаў, старшыні сельгаспрадпрыемстваў альбо іх намеснікі. Кожны месяц вясковы савет па прафілактыцы на падставе інфармацыі РАУС аналізуе прычыны і ўмовы, якія паспрыялі правапарушэнням і выносіць адпаведныя рэкамендацыі. Напрыклад, каля магазіна ці ФАПа няма абсталяваных месцаў для стаянкі веласіпедаў, значыць патрэбна іх зрабіць. Калі недастаткова асвятляецца вуліца, патрэбна набыць дадатковыя лямпачкі альбо паставіць ліхтары. Бывае, што саветы ініцыююць усталяванне так званай «дошкі ганьбы», куды змяшчаюць фотаздымкі злосных парушальнікаў спакою.

Яшчэ адна важная частка дзейнасці грамадскага савета — індывідуальная работа з правапарушальнікамі. Гэта, відаць, самая складаная і няўдзячная сфера дзейнасці. Але, паводле слоў Аляксея Левановіча, выхаваўчая работа праводзіцца. Усе, хто стаяць на ўліку як выпівохі, сямейныя дэбашыры, яшчэ праблемныя падлеткі разам з бацькамі, а таксама асобы, якія прыбылі з месцаў пазбаўлення волі, запрашаюцца на саветы прафілактыкі. Нярэдка пасля такіх гутарак высвятляецца, што чалавеку патрэбна дапамога ў працаўладкаванні, вырашэнні пытання з жыллём, дакументамі ці іншае. На шчасце, ёсць нямала прыкладаў, калі людзі прымаюць дапамогу і пераглядаюць свае паводзіны. Ёсць, вядома, і адваротнае... Вось гэты кантынгент і складае асаблівую групу рызыкі.

Пагроза для малых і аддаленых вёсак

І ўчастковы міліцыянер, і саветы прафілактыкі, народныя дружыны — структуры, якія дзейнічаюць у вялікіх вёсках, найбольш аграгарадках. Жыхары ж маленькіх, аддаленых вёсак найменш абароненыя ад усялякага злачыннага элемента. Таму для іх асабліва важна захоўваць павышаныя меры бяспекі. Справядлівасці дзеля трэба заўважыць, што і аўтару гэтых радкоў падчас камандзіровак даводзілася чуць ад старых людзей, што да іх прыходзіў участковы міліцыянер і загадваў, каб нікому незнаёмаму не адчынялі дзверы, пра гэта і гаражане напамінаюць сваім састарэлым бацькам у вёсках. Але прыслухоўваюцца да парад не ўсе. Людзі гавораць, што яны прывыклі да іншага, што дзверы замыкалі, хіба калі з'язджалі далёка або надоўга. А цяпер ідзеш у хлеў зерня курам насыпаць і трэба вешаць замок? Выходзіць, менавіта так. Бо надта ж многа развялося зламыснікаў, гатовых пажывіцца маёмасцю вясковых пенсіянераў. Махляры даязджаюць у аддаленыя вёскі, у іх ёсць цэлая методыка адурманьвання даверлівых людзей.

Бойкія жанчыны неславянскай знешнасці прапануюць нешта купіць у іх, зняць сурокі, на крайні выпадак, просяць вады папіць. Потым у доме знікаюць грошы, каштоўныя рэчы. Вось не так даўно ў вёску Хадасы Камянецкага раёна прыехалі такія візіцёркі. Здавалася, так міла размаўлялі з пенсіянеркай, прапаноўвалі ёй тавары са скідкамі, расказвалі пра свой гандаль... Потым жанчына заўважыла прапажу 11 тысяч долараў, а махлярак і след прастыў.

Цяпер пайшла мода ў крымінальнага элемента пранікаць у хаты і здымаць са сцен абразы. Ужо некалькі падобных крадзяжоў зафіксавана ў Брэсцкім рэгіёне. Мабыць, такім чынам злодзеі спадзяюцца патрапіць на старадаўнія ці каштоўныя абразы. А заадно не грэбуюць і тым, што трапляецца пад руку, старанна выграбаюць прадукты харчавання, спіртное.

Асаблівую прывабнасць у вачах сельскіх зладюжак набываюць дамы, дзе ніхто не жыве. Найбольш тыя, што адносна нядаўна засталіся без гаспадароў, а іх дзеці — нашчадкі маёмасці, прыязджаюць у бацькоўскія хаты толькі летам. З іх цягнуць і бытавую тэхніку, і гаспадарчы інвентар, і ўсё, што мае хоць нейкую каштоўнасць. Выйсце тут бачыцца адно — не пакідаць каштоўныя і патрэбныя рэчы зімаваць у пустым доме. Нязручна і нават нятанна вазіць іх туды-сюды, але гэта адзіны спосаб іх захавання да будучай вясны.

Эксперымент па продажы крадзенага

І вось яшчэ на які, можна сказаць, далікатны аспект звярнулі ўвагу ў міліцыі. Зразумела, што пэўная катэгорыя новых вяскоўцаў складаецца з тых грамадзян, што па прычыне сваіх асацыяльных паводзінаў «эмігрыравалі» ў вёску з гарадоў. На сваё ўтрыманне большасць з іх «зарабляе» крадзяжамі. Але ж не ўсё з крадзенага яны ўжываюць ці пакідаюць для сябе, многае прадаюць. І з гэтым, аказваецца, у нас няма асаблівых праблем. Апошняе ў сваю чаргу азначае, што людзі не праяўляюць пільнасці альбо проста ігнаруюць відавочнае. Таму злодзеі не адчуваюць ніякай адказнасці і пачынаюць верыць, што ім усё дазволена, што так і трэба рабіць.

Патлумачыць можна на прыкладзе. Летась абласное УУС разам з адной грамадскай арганізацыяй праводзілі эксперымент пад умоўнай назвай «продаж веласіпеда». Пры гэтым статыст, які выконваў ролю прадаўца, гаварыў людзям, што двухколавы транспарт украдзены, таму і аддае так танна. Дзясяткі людзей, што пачулі агучаную інфармацыю, паспяшаліся адысці ўбок, далей ад граху. Адзін выказаў жаданне купіць... І ніхто, ніводзін з гараджан не паведаміў у міліцыю, што сярод белага дня прадаюць украдзеную рэч! Калі толькі міліцыя і грамадскія саветы будуць ажыццяўляць прафілактыку крадзяжоў, сітуацыя не зменіцца. Пакуль грамадская свядомасць не павернецца ў бок непрымальнасці такіх паводзінаў, не паспрыяе, каб злодзеі баяліся пакарання, нахабству апошніх не будзе канца. І лічбы паказчыкаў злачыннасці, пра якую гаварылася вышэй, будуць расці. Так, за мінулы год злачыннасць у вёсцы на тэрыторыі Брэсцкай вобласці вырасла на 14 працэнтаў. А крадзяжоў стала больш на 22 працэнты, яны склалі палову ўсёй сельскай злачыннасці. Праўда, сёлета, паводле слоў Аляксея Левановіча, абазначылася тэндэнцыя да паніжэння прыведзеных паказчыкаў. Але да сапраўднага прагрэсу яшчэ далёка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Вясковы зладзюжка — былы гарадскі дармаед

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У Мінску прадаецца больш за 10 тысяч кватэр

У Мінску прадаецца больш за 10 тысяч кватэр

На другасным рынку жыллё працягвае таннець (у глабальным плане без перапынкаў) ужо з верасня мінулага года.

Грамадства

Падмануць Альцгеймера. Як захаваць ясны розум да глыбокай старасці?

Падмануць Альцгеймера. Як захаваць ясны розум да глыбокай старасці?

Няўжо гэтую цяжкую хваробу так лёгка абвесці вакол пальца?

Калейдаскоп

Разбіраем модныя мастхэвы надыходзячага сезона: чым папоўніць гардэроб?

Разбіраем модныя мастхэвы надыходзячага сезона: чым папоўніць гардэроб?

Мода вясны — 2021 прапануе некалькі глабальных кірункаў: мінімалізм, унісекс і 1990-я.