Вы тут

Лаўрышаўскі манастыр


Лаўрышаўскі манастыр. Тут малітвы мацнейшыя

Год таму рэдакцыя «Бярозкі», трапіўшы на раскопкі тэрыторыі старога манастыра ў вёсцы Лаўрышава, пазнаёмілася з жыхарамі праваслаўнага палатачнага летніка, якія дапамагалі ў даследаваннях. Летась мы, на жаль, засталі самае развітанне выхаванцаў летніка з манастыром, таму сёлета вырашылі сітуацыю выправіць.

Сучасны Лаўрышаўскі манастыр знаходзіцца ў вёсцы Гнесічы, што побач з Лаўрышавам. Менавіта на тэрыторыі манастыра і размяшчаецца летнік. Мы прыходзім сюды крыху раней за прызначаны час, каб паназіраць за сапраўдным жыццём. Адразу ж знаходзім тое, што шукалі: Ірына Яўгенаўна Радзецкая і некалькі выхаванцаў выконваюць паслушэнства — самае любімае, без якога немагчыма жыць, як кажа настаўніца. Яны… чысцяць бульбу.

Пакуль выхаванцы і выхавацелі былі занятыя гэтай справай, мы абышлі тэрыторыю вакол манастыра. Убачылі і сам палатачны «горад». Некалькі «хатак» стаяць у нізінцы, згуртаваныя вакол пляцоўкі для вячорак —вогнішча. Дзеці жывуць тут дзесяць дзён. «Надвор’е цудоўнае — на выжыванне», — кажа Ірына Яўгенаўна. Можа здацца, што «змене» не надта пашчасціла: «У першы дзень прыехалі, паспелі разбіць палаткі толькі напалову — пайшоў лівень. Добра, што шацёр паставілі, усе схаваліся. Дзве палаткі намоклі — мы адразу зразумелі, што нешта зрабілі не так. Але дождж прайшоў — праз гадзіну тут ужо суха. Усталявалі правільна — і ўсё добра».

Пакуль аглядаліся на тэрыторыі, Ірына Яўгенаўна расказала, што прыязджае сюды з дзецьмі ўжо восьмы год. З айцом Яўсевіем, настаяцелем, настаўніца знаёмая вельмі даўно: яшчэ калі ён быў семінарыстам, арганізоўвалі сумесныя заняткі ў школе. Калі яго перавялі ў Лаўрышава, сталі прыязджаць сюды: «Калі мы сюды прыехалі ўпершыню, тут было балота і мост на плаву. Для дзяцей плывучы мост быў такім шчасцем: прыйсці, сесці, памыць вопратку, пачысціць катлы. Манастыр рос на нашых вачах, будаваўся, у тым ліку, рукамі студэнтаў і школьнікаў. Да 2010 года тут жыў старац Серафім. Тады тут быў сапраўдны дух манастыра. Спачатку ён нас не прыняў: гэта ж дзеці — і крычаць, і дурэюць, і ўсякага хапае. Але мы так намагаліся працаваць, што аднойчы ён прынёс нам слоік мёду, цукеркі, цукар… Мы нават не паверылі. Калі ён кагосьці пачаставаў, значыць, ён прыняў гэтых людзей».

Час ісці «на вогнішча». Бачым там знаёмыя твары. Пакуль нам наліваюць гарбату, завараную тут жа, на агні, неверагодна смачную ад пахаў лесу і дыму, прапаноўваюць печыва і славутыя «агапікі» — найсмачнейшыя булкі, сакрэт прыгатавання якіх не выходзіць за межы манастыра, размаўляем.

Маша, якая сёлета тут другі раз, расказвае: «Летась было больш сонца і цяпла, а сёлета нас увесь час падтоплівае, дык сушымся і грэемся каля вогнішча. Мы тут працуем — выконваем паслушэнствы. Мае — збіраць зёлкі, а таксама чысціць і разразаць шышкі на лячэбную гарбату, якая дапаможа ад прастуды». Да размовы далучаецца Наста. Яна кажа, што зёлкі ўжо збірала і добра ведае ліпу, крапіву, палын, чыстацел. Акрамя згаданых паслушэнстваў — дапамогі ў кухні і збірання лекавых траў, выхаванцы прыкладаюць руку да будоўлі на тэрыторыі манастыра і ходзяць на раскопкі. Сёлета пад царквой Успення Божай Маці раскапалі крыпту, і ўсе, хто захацеў, змаглі спусціцца ў яе.

Да нас падсеў Іван. Ён расказаў пра лад жыцця ў Гнесічах больш падрабязна. Чым пераказваць, дадзім яму слова. Атрымалася цэлае інтэрв’ю:

«Раніцай прачынаемся недзе гадзіне а сёмай. Праўда, нас вельмі доўга будзяць, але ўсё ж мы ўстаём. Нязвыкла, бо дома прачынаешся гадзіне аб адзінаццатай. У палатцы нас пяцёра, таму спаць вельмі цёпла. Як прачынаемся, бяром малітвасловы і ідзём маліцца. Потым — на сняданак. Кормяць тут не так, як дома ў мамы, бо ўсё поснае, але смачна. Прыеду дадому — наемся смажанага: мяса, бульбы на алеі… На сняданак у нас кашы, я іх не вельмі люблю, таму дзялюся сваёй з сябрам. Пасля ежы таксама молімся — гэта важна. Потым кожны ідзе на сваё паслушэнства. Самае цікавае — гэта раскопкі: надзяваем свае панамы, накіроўваемся з Гнесічаў да Лаўрышава пешкі, а далей каму што: каму капаць, каму тазікі цягаць, каму зямлю перабіраць. Мне больш падабаецца капаць. Перабіраць таксама цікава, але я не ўмею: у мяне палова патрэбных рэчаў можа сысці «ў нікуды».

Неяк мы знайшлі сківіцы. Нам сказалі, што яны належалі нейкім траваедным жывёлам. Спускаліся ў крыпту, якую знайшлі пад царквой. Там цікава. Усё было засыпана пяском, напэўна, хтосьці там нешта хаваў. Знайшлі там чалавечыя парэшткі, нацельную ікону і тканіну, якая нават захавала свой зялёны колер. Тканіну знайшла Вера. Яна сядзела побач са мной, мы перабіралі пясок, я скардзіўся, што нічога не знаходжу, а яна — знайшла тканіну.

Пасля раскопак вяртаемся на абед. Кормяць супамі, яны тут заўсёды добрыя, усе іх з’ядаюць і дабаўкі просяць. На другое — зноў кашы. Нязвыкла есці іх без каўбасы, але і так смачна. Потым у нас вольны час. Ну, як вольны… Крыху “атрымліваем” за гармідар у палатках, ідзём прыбіраць, мыць адзенне. Адпачываем ці працуем на тэрыторыі летніка. Потым — вячэра, даюць кашы, бліны, агапікі. Пасля прыходзім сюды, распальваем вогнішча, размаўляем, хор спявае. І — адбой.

Я прыехаў сюды не проста весела бавіць час, а штосьці зрабіць, падцягнуцца духоўна. Тут малітвы мацнейшыя. Мы хадзілі сёння ў храм, дапамагалі святару падчас набажэнства. Здорава, што нам дазваляюць гэта рабіць. Я ў сябе ў Гродне ў царкве таксама прыслужваю, але калі прыязджаеш у іншую царкву, бачыш штосьці новае, вучышся. З айцом Яўсевіем учора размаўлялі на розныя тэмы. Я, напрыклад, распытваў пра ружанец — для чаго яго выкарыстоўваюць. Ён сказаў, што ружанец звычайна для манахаў робіцца — яны бяруць на сябе пэўны малітвены подзвіг, калі ідуць у манастыр. Напрыклад, ім трэба шмат разоў прачытаць тую ці іншую малітву. На пальцах лічыць складана. Калі мы ішлі хрэсным ходам, чыталі малітву, я лічыў на пальцах, мне гэта не надта спадабалася. Айцец Яўсевій сказаў, што і ў свецкім жыцці можна карыстацца ружанцам, але не на паказ: дома ці ў кішэні. Гэта значыць, не бяруць яго ў школу на ўрок матэматыкі, каб палічыць 2+2».

Калі размовы крыху сціхлі, дзяўчаты сабраліся, каб паспяваць — гэта таксама традыцыя вячорак на вогнішчы. У выкананні цудоўных галасоў мы паслухалі кранальны паланэз «Развітанне з радзімай», а таксама ўзнёслы гімн Лаўрышаўскага манастыра. Сёлета яго, дарэчы, пераклалі на беларускую мову, і дзяўчаты атрымалі паслушэнства да наступнага лета: вывучыць гімн па-беларуску.

 

                                                                                                                                                        Кацярына Захарэвіч

                                                                                                                                                            фота Алесі Галота

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.