Вы тут

Артапедычную дэфармацыю пазваночнiка маюць 5 працэнтаў людзей у свеце


Паглядзiце, як вы седзiце, ходзiце, колькi рухаецеся, i вы зразумееце, адкуль у вашых дзяцей праблемы з апорна-рухальным апаратам.


Наш апорна-рухальны апарат — косцi, суставы i мышцы — могуць пакутаваць ад нараджэння, калi дзiця з'яўляецца на свет ужо з паталогiяй. Другая частка гэтых захворванняў узнiкае ў працэсе росту i развiцця, асаблiва ў момант гарманальнай перабудовы. Трэцяя група абумоўлена рознымi неадэкватнымi нагрузкамi i траўмамi. Чацвёртая з'яўляецца вынiкам перанесеных iнфекцый. Урэшце, бывае i так, што iмунiтэт пачынае працаваць супраць арганiзма — развiваецца аўтаiмуннае пашкоджанне, калi iмунная сiстэма ўспрымае родную тканку арганiзма як чужую i пачынае з ёй змагацца. Шэраг захворванняў апорна-рухальнага апарату маюць спадчынную прыроду.

У нашай краiне ўзровень такой захваральнасцi сярод дзяцей прынцыпова не адрознiваецца ад сусветнага.

На 100 тысяч дзiцячага насельнiцтва ад нараджэння да 18 гадоў у Беларусi рэгiструецца 3,8-4 тысячы выпадкаў розных захворванняў апорна-рухальнага апарату.

Пацыенты з такой паталогiяй знаходзяцца на дыспансерным назiраннi ў такiх спецыялiстаў, як артапеды, рэўматолагi i неўролагi.

— Артапедычную дэфармацыю пазваночнiка маюць 5 працэнтаў людзей у свеце — здаецца, няшмат, аднак ёсць яшчэ парушэнне паставы, якое сфармiравалася ў вынiку няправiльнай фiзiчнай культуры i нагрузкi, i тут, паводле сусветных звестак, можна гаварыць пра 48—84 працэнты дарослых людзей з ненармальна сфармiраванай паставай, — тлумачыць галоўны пазаштатны дзiцячы артапед-траўматолаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, вядучы навуковы супрацоўнiк лабараторыi наступстваў пашкоджанняў i захворванняў пазваночнiка i спiннога мозгу РНПЦ траўматалогii i артапедыi Дзмiтрый ЦЕСАКОЎ. — Таму што неабходна сачыць за сваiм фiзiчным станам. Можна быць спартсменам, але фiзiчна некультурным, а можна быць фiзiчна культурным i не займацца нейкiм агрэсiўным спортам, якi таксама здольны нашкодзiць апорна-рухальнай сiстэме.

Я прыгадваю, як у першым класе настаўнiца сачыла за тым, каб увесь клас сядзеў правiльна. А што я бачу ў школе сёння? Настаўнiку або не да таго, або калi ён i зробiць заўвагу, то яшчэ невядома, як пасля адрэагуюць бацькi. Пастава i хада — гэта тое, што бацькi абавязаны заўважаць i кантраляваць! Мiж тым, гледзячы на самiх бацькоў, я бачу, адкуль у iх дзяцей праблемы. Калi ж у бацькоў няправiльна сфармiраваная пастава, то ў дзяцей фактычна няма шанцаў, бо перад вачамi няма правiльнага прыкладу. У вынiку да 70 працэнтаў дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў могуць мець ненармальна сфармiраваную паставу! А пазваночнiк — орган, якi забяспечвае ўсю фiзiчную актыўнасць чалавека. Няправiльная пастава — гэта ненармальная эксплуатацыя, што прыводзiць у сваю чаргу да заўчаснага зношвання. Адсюль раннiя астэахандрозы, якiя раней былi рэдкасцю ў дзяцей.

Дзецям з выяўленай паталогiяй апорна-рухальнага апарату абавязкова трэба кансультавацца не толькi ў педыятра, але i ў профiльнага спецыялiста — артапеда, рэўматолага, неўролага. Для гэтага можна ўзяць ва ўчастковага педыятра накiраванне на кансультацыю да ўрача-спецыялiста. Бывае, што да дзiцячага артапеда адразу не трапiш, але трэба запiсацца i пачакаць. Гэта ўсё ж такi вузкi спецыялiст, у нас на ўсю краiну iх каля 115—120 чалавек.

За апошнiя 5 гадоў нiводнае дзiця цi падлетак не былi афiцыйна накiраваныя на лячэнне за межы краiны з прычыны адсутнасцi магчымасцi аказання неабходнай артапедычнай медыцынскай дапамогi ў Беларусi. Iншая рэч, што некаторыя бацькi не жадаюць лячыцца так, як рэкамендавана, шукаюць нейкiя iншыя варыянты. Адкрываюцца сайты, рахункi, адбываецца шырокая акцыя па зборы грошай. У каментарыях да iнфармацыi падобнага кшталту некаторыя людзi цiкавяцца, а цi звярталася гэта сям'я ў айчынныя профiльныя ўстановы? Адказ звычайна даецца заблытаны i недакладны, маўляў, мы там былi, але ў нас такiя праблемы, ускладненнi, патрэбна нейкая iншая рэабiлiтацыя, iншыя лекi, яны нам дакладна дапамогуць. «Гэта не аб'ектыўнае асвятленне сiтуацыi, — кажа Дзмiтрый Цесакоў. — У нашай краiне можна атрымаць паўнацэнную медыцынскую дапамогу. Аднак пры гэтым трэба разумець, што наступствы захворвання не могуць быць цалкам выдалены. Нi там, нi тут пацыент не прачнецца ў адзiн дзень здаровым».

Прыкладна 1,5 тысячы беларускiх дзяцей маюць запаленчыя захворваннi суставаў, напрыклад, рэўматоiдны артрыт, якi пашкоджвае суставы кiсцей, ступняў, буйныя суставы, у тым лiку пазваночнiк, а можа i наогул прыводзiць да глыбокай iнвалiднасцi, калi пашкоджваюцца i ўнутраныя органы.

«Для лячэння гэтай цяжкай паталогii з 2014 года ў нас прымяняецца высокатэхналагiчны метад лячэння — iмунабiялагiчная тэрапiя, выкарыстанне лекаў, якiя вырабляюцца метадам геннай iнжынерыi. Выкарыстанне манакланальных антыцел дазваляе блакiраваць запаленне i выйсцi на рэмiсiю, расказвае галоўны пазаштатны дзiцячы кардыярэўматолаг Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Iрына ЧЫЖЭЎСКАЯ. — Самыя цяжкiя выпадкi сёння кансультуюцца ў Рэспублiканскiм цэнтры дзiцячай кардыярэўматалогii — ён працуе на базе 4-й дзiцячай гарадской клiнiчнай бальнiцы г. Мiнска».

Боль i абмежаванасць руху выклiкае i астэаартрыт, якi ўзнiкае там, дзе сустаў не вытрымлiвае ўмоў эксплуатацыi. Некалi выключна дарослае, цяпер захворванне сустракаецца i ў дзяцей. Вялiкай праблемай становiцца i плоскаступнёвасць, на якую многiя наогул не звяртаюць увагi i пакiдаюць без карэкцыi. Калi ступня — амартызатар пазваночнiка — функцыянуе няправiльна, значыць, паступова парушаецца функцыя ўсiх суставаў. Малое спачатку скардзiцца на боль у ступнях, пасля ў падлетка пачынаюць балець каленi, а далей у працэс уцягнуцца тазасцегнавыя суставы i пазваночнiк.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Выпрастай спiну!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?