Вы тут

Горад на шляху «з варагаў у грэкi» раскопвалi валанцёры з усяго свету


Гiсторыя гэтага краю цесна звязана з Дняпром, якi злучае паўночныя моры з Чарнаморскiм басейнам, Скандынавiю з землямi колiшняй Вiзантыi. Маленькi райцэнтр Лоеў — усяго за 55 кiламетраў ад Гомеля. Гарадскi пасёлак стаiць на высокiм правым беразе Дняпра, у месцы, дзе з iм злучаецца Сож. З берага адкрываецца маляўнiчы вiд на залiўныя лугi ў лукавiне рэк. Непасрэдна ў горадзе па рацэ праходзiць дзяржаўная мяжа з Украiнай. Палова рэчышча — беларуская, другая — украiнская. Геаграфiчнае становiшча Лоева з даўнiх часоў вызначыла яго гiстарычны шлях. Зручнае месцазнаходжанне iмкнулiся выкарыстоўваць i тыя, хто тут жыў, i тыя, хто квапiўся на гэтыя землi.


На­ву­ко­вы су­пра­цоў­нiк Iн­сты­ту­та гiс­то­рыi НАН Бе­ла­ру­сi Ган­на Цi­ма­фе­ен­ка.

З каменнага веку насельнiцтва абжыло высокi бераг, выгадны камунiкацыйны вузел. Але калi менавiта на Лоевай Гары ўзнiкла гарадское паселiшча — гэта пытанне застаецца адкрытым, хоць афiцыйная дата ўпамiнання Лоева ў летапiсе — 1505 год, калi населены пункт быў спалены крымскiмi татарамi. У сувязi з гэтымi падзеямi яму i «пашанцавала» трапiць у пiсьмовыя крынiцы.

Знiшчэнне гарадка адбывалася некалькi разоў на працягу XVI—XVII стст., але ён настойлiва i ўпарта адраджаўся. Амаль пяць стагоддзяў Лоеўшчына ўваходзiла ў склад Вялiкага Княства Лiтоўскага. З канца XV стагоддзя Маскоўская дзяржава вяла шматгадовыя войны з Вялiкiм Княствам за валоданне памежнымi тэрыторыямi. Лоеўскiя землi былi арэнай пастаянных сутыкненняў. На гэтым фоне знамянальна тое, што Лоеў 3 жнiўня 1576 года атрымаў магдэбургскае права. Такая падзея сведчыць, што ён здабыў статус значнага цэнтра вытворчасцi i грашова-таварнага абмену.

31 лiпеня 1649 года каля Лоева адбылася буйная бiтва часоў казацка-сялянскай вайны 1648—1651 гадоў памiж войскамi польнага гетмана лiтоўскага Януша Радзiвiла i казацкай армiяй Сцяпана Падбайлы i Мiхаiла Крычэўскага. Падчас двухдзённай бiтвы пад Лоевам загiнула больш за 12 тысяч ваяроў. У 1651 годзе пад Лоевам адбылася другая бiтва дзяржаўнага войска з казакамi. Абедзве бiтвы скончылiся разгромам казацкiх войскаў.

На працягу 150 гадоў барацьбы за ўладу i тэрыторыi землi ў вусцi Сожа пастаянна спусташалiся. Пра гэта сведчаць шматлiкiя знаходкi свiнцовых куль, жалезных ядраў, спаленыя рэшткi селiшчаў... Гэтым летам у Лоеве каля рэшткаў печы ў пабудове XVII—XVIII стст. быў знойдзены «клад» свiнцовых куль. Гiсторыкi сцвярджаюць, што тады загiнуў кожны трэцi жыхар беларускай часткi Вялiкага Княства.

Пачуццё нацыянальнай годнасцi i гонар за гiстарычны шлях сваёй малой разiмы могуць быць умацаваны з дапамогай «рэтраспектыў углыбiню». Закласцi раскоп у патрэбным месцы — значыць куды больш даведацца пра свае каранi, якiя нечакана прарастаюць археалагiчнымi знаходкамi. Навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi Ганна Цiмафеенка разам з групай замежных валанцёраў i жыхароў г. п. Лоеў сёлета вяла раскопкi ў гарадку. Комплексная мiжнародная гiсторыка-археалагiчная экспедыцыя была праведзена на тэрыторыi помнiка археалогii «Гарадзiшча ранняга жалезнага веку i сярэднявечнага горада Лоева (V ст. да н. э. — II ст. н. э., X—XVIII стст.) у г. п. Лоеў». Да работ на месцы былога Лоеўскага замка прыцягнулi аматараў — маладых людзей з розных краiн свету. 22 чалавекi прыехалi сюды з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублiкi, Японii, Нiдэрландаў, Германii, Iспанii, Францыi, Турцыi, Расii... Iнiцыятыву, дарэчы, падтрымалi i жыхары Лоева. Каля чатырох дзясяткаў мясцовых грамадзян, у тым лiку дзяцей i школьнiкаў, працавалi выключна «за iнтарэс». Яны адчулi сябе адкрывальнiкамi старажытнай гiсторыi роднай зямлi.

— Валанцёры працавалi ў межах праекта, — расказвае Ганна Цiмафеенка, — мэта якога — праз мерапрыемствы па захаваннi i папулярызацыi агульнай гiсторыка-культурнай спадчыны садзейнiчаць развiццю i ўмацаванню сяброўства i супрацоўнiцтва маладзёжных арганiзацый Еўропы. Арганiзатарамi выступiлi Iнстытут гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, Лiга добраахвотнай працы моладзi, Лоеўскi педагагiчны каледж пры дапамозе Лоеўскага райвыканкама i Музея бiтвы за Днепр. Усе размаўлялi на англiйскай мове. Былi вельмi розныя маладыя людзi. I тыя, хто адаптаваны да жыцця, i тыя, хто не вельмi...

Археолаг сцвярджае, што вывучаць Лоеў вельмi цiкава, помнiкаў археалогii ў акрузе многа. Людзi ў гэтым месцы жылi з каменнага веку, знакавыя падзеi адбывалiся пачынаючы са скiфскiх часiн i да падзей Вялiкай Айчыннай вайны. Лоеў мае магутныя напластаваннi XVII—XVIII стагоддзяў, а адлiк гiсторыi гарадскога паселiшча можна весцi з X—XI стагоддзяў.

— Раскопкi тут можна рабiць амаль на кожным агародзе, бо старажытны горад знаходзiцца практычна ў межах сучаснага, — адзначае Ганна Цiмафеенка. — Адзiн з мясцовых добраахвотнiкаў паабяцаў, што дазволiць, калi спатрэбiцца, налета капаць на сваiм прысядзiбным участку. Мiнулай восенню мы распрацавалi дзве траншэi ўздоўж рэчышча Дняпра, прабiлi ўсю тэрыторыю старажытнага гарадзiшча. Адной са сваiх траншэй мы прарэзалi роў старажытнага замчышча на глыбiню 1,8—1,9 метра, але не дабралiся да адкладаў старэйшых за XVII стагоддзе. У XVII стагоддзi роў ужо не функцыянаваў — ён быў засыпаны, i на гэтым месцы жылi людзi. Замкавыя ж умацаваннi былi перанесены далей на поўнач, у бок Лоеўскага геалагiчнага агалення. Мы спадзяёмся, што будзе магчымасць працягнуць работы, раскапаць роў далей i даведацца, што знаходзiцца на яго дне. Такiм чынам, зразумець, калi i кiм ён быў зроблены.

Глабальныя адкрыццi ў археалогii здараюцца раз у 10—15 гадоў, гаворыць Ганна Рыгораўна. Але для таго, каб гэта адбывалася, археолагi працягваюць рабiць руцiнную планамерную работу, якая дазваляе збiраць матэрыял i iсцi да пэўных навукова абгрунтаваных вывадаў:

— Добра, што мы пачалi вывучаць старажытны Лоеў. Мы сталi разумець яго структуру: вызначылi месца i прыкладную плошчу дзядзiнца, вакольнага горада, пасадскiх тэрыторый, характар i магутнасць гарадскiх умацаванняў... Але мы толькi падыходзiм да адказу на пытанне — наколькi iнтэнсiўным тут было жыццё ў розныя гiстарычныя перыяды? Сёлета мы заклалi раскоп за ровам старажытнага гарадзiшча. У раскопах дамiнавалi знаходкi XVII—XVIII стагоддзяў, калi ў Лоева былi моцныя эканамiчныя i культурныя сувязi з сучаснымi ўкраiнскiмi землямi. Мiж тым украiнскiя калегi вельмi актыўна вывучаюць менавiта гэты перыяд сваёй гiсторыi, бо тады нараджалася iх дзяржаўнасць.

У вынiку работ за два гады даследавана плошча памерам больш за 90 квадратных метраў, пры гэтым былi знойдзены прадметы, якiя маюць значную каштоўнасць: манеты XV—XIX стст., у т. л. пула часоў ардынскага нашэсця, орт i талеры перыяду Вялiкага Княства Лiтоўскага, фрагменты шкляных жаночых бранзалетаў ХII—ХIII стагоддзяў, пацеркi, керамiка ХII-ХIХ стагоддзяў, свiнцовыя кулi, глiняныя i жалезныя ядры, люлькi, бронзавы абразок «Раство Хрыстова» ХVIII стагоддзя, развал печы ХVIII стагоддзя i iншыя артэфакты. Усё знойдзенае цяпер вывучаецца ў Iнстытуце гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук. Там i будзе зроблена больш дакладная атрыбуцыя старажытных прадметаў. З часам плануецца зрабiць частковую музеефiкацыю гiстарычнай часткi Лоева.

Iрына АСТАШКЕВIЧ

iost@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Кулi, бранзалеты, абразкi ды манеты

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.