Вы тут

Асацыяцыя рознічных сетак — супраць абмежавання продажу алкаголю


З такой адзінай і катэгарычнай пазіцыяй кіраўніцтва асацыяцыі выступіла на прэс-канферэнцыі на пляцоўцы БЕЛТА. Паводле слоў выканаўчага дырэктара гэтай арганізацыі Таццяны Закжэўскай, неабдуманыя новаўвядзенні ў сферы гандлю могуць адмоўна адлюстравацца на дзейнасці ўсёй галіны і нават прывесці да сур'ёзных эканамічных і сацыяльных наступстваў.


Размова ідзе аб ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў (МУС), якое рыхтуе шэраг прапаноў па абмежаванні продажу алкаголю. Сярод іх — забарона рэалізацыі гэтай прадукцыі ў начны час у крамах і кругласутачна — на АЗС. Асацыяцыя рознічных сетак даведалася, што рыхтуецца праект нарматыўнага акта, якім прапануецца яшчэ і абавязаць крамы прадаваць спіртныя напоі, у тым ліку піва, толькі праз спецыялізаваныя аддзелы, а час гандлю алкаголем абмежаваць перыядам з 9.00 да 22.00.

«Мы — за ідэю, але не ў такім фармаце»

Буйны прыватны гандлёвы бізнес падтрымлівае барацьбу з алкагалізмам, якая сапраўды накіраваная на паляпшэнне здароўя нацыі і ўмацаванне дэмаграфічнай бяспекі краіны, і сам гатоў у ёй удзельнічаць, адразу запэўніў сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак Сяргей Смольскі. «Але ў нас выклікаюць сумненні некаторыя прапанаваныя меры па рэгуляванні рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі. На наш погляд, яны не дазволяць дасягнуць пастаўленых высокіх мэт. Больш таго, прапанаваныя абмежаванні могуць істотна паўплываць на зніжэнне таваразвароту арганізацый гандлю», — лічыць спецыяліст.

Прадстаўнікі рэтэйла адзначылі, што калі такія абмежаванні будуць уведзены, то масавы пакупнік пазбавіцца ўжо звыклага камфорту, бо людзі павінны будуць адстаяць адну чаргу, а потым пайсці ў іншы аддзел і патраціць там яшчэ пэўны час.

Гэтыя меры, лічыць Сяргей Смольскі, не закрануць алкаголікаў, бо яны ўжо даўно знайшлі сабе альтэрнатыву ў якасці спіртаўтрымальных лекавых напояў, самагонкі і таннай кантрафактнай гарэлкі, якая паступае да нас з-за мяжы. «Такім чынам, гэта абмяжуе выключна легальны гандаль для нармальных людзей. Таму зараз мы выносім гэтыя пытанні на грамадскае абмеркаванне», — адзначыў прадстаўнік асацыяцыі.

На чым трымаюцца маленькія магазіны?

«Улічваючы, што алкаголь сёння прысутнічае ў 40% чэкаў пакупнікоў, прапанаваныя абмежаванні істотна паўплываюць на таваразварот гандлёвых сетак, які за тры кварталы 2016 года і так знізіўся на 3,1%», — падкрэсліў сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак Андрэй Зубкоў. Паводле ацэнак асацыяцыі, у лепшым выпадку таваразварот можа знізіцца на некалькі працэнтаў, а ў горшым — падзенне здольна дасягнуць 25%. У першую чаргу новаўвядзенні могуць негатыўна адбіцца на рэнтабельнасці невялікіх магазінаў фармату «каля дома», якія і без таго балансуюць па нулявой адзнацы даходнасці.

Спецыялісты асацыяцыі паведамляюць, што магазіны крокавай даступнасці, якія актыўна развіваліся ў апошнія гады, проста па тэхнічных і санітарных нормах не змогуць выканаць патрабаванне аб стварэнні спецыялізаванага аддзела для рэалізацыі алкаголю — для гэтага ім не хопіць плошчы. А без алкаголю, доля якога ў таваразвароце складае каля 20%, рэнтабельнасць гандлёвай кропкі можа стаць адмоўнай. Далей такі магазін трапляе ў разрад банкрутаў і закрываецца.

Цяпер у Асацыяцыю рознічных сетак уваходзіць 18 самастойных арганізацый, на долю якіх прыпадае каля 45% агульнага таваразвароту рознічнага гандлю. Гэта 926 харчовых магазінаў, з якіх 746 працуюць па фармаце «ля дома». Спецыялісты адзначаюць, што прыкладна траціна з іх можа і не вытрымаць выпрабаванне новымі ўмовамі «гульні».

Пужаюць павелічэннем цэн

Кіраўнікі прыватнага рэтэйла адзначаюць, што сёння ў краіне для гандлю не самы лепшы час. Адбылося падзенне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, шмат грошай гандлем было накіравана на мерапрыемствы, якія звязаны з дэнамінацыяй нацыянальнай валюты. Адкрыты рынак «нарадзіў» жорсткую канкурэнцыю гандлёвых сетак паміж сабой. Карпаратыўная барацьба за пакупніка прадугледжвае выкарыстанне мінімальных нацэнак і правядзенне розных акцый са зніжкамі. Сёння пакупнік мае шырокі выбар тавараў і прымальныя для сітуацыі цэны, але...

З прыняццем указа з новаўвядзеннямі па рэалізацыі алкаголю, як мяркуюць прадстаўнікі рэтэйла, яны будуць вымушаны кампенсаваць свае незапланаваныя страты за кошт павелічэння цэн на іншыя тавары. Вось яно як! А сеткі тут будуць невінаватыя? Больш таго, прадстаўнікі асацыяцыі кажуць, што новыя ўмовы гандлю алкаголем могуць прывесці нават да росту інфляцыі ў краіне.

Праблемы з вяртаннем крэдытаў?

І гэта яшчэ не ўсё. Дырэктарат рознічных сетак упэўнены, што мінімальная рэнтабельнасць гандлёвых арганізацый пасля часу «пік» з новаўвядзеннямі паставіць пад пагрозу іх своечасовую магчымасць разлічвацца па банкаўскіх крэдытах. А маштаб супрацоўніцтва рэтэйла з фінансавымі ўстановамі, у сваю чаргу, можа стварыць дадатковую рызыку для банкаўскага сектара краіны. Цікава, але ў гэтай сітуацыі банкі будуць, напэўна, вымушаны згаджацца з праблемнымі актывамі, бо гандлёвыя кропкі патлумачаць свае цяжкасці змяненнямі правілаў гульні на галоўным полі дзейнасці?

Кантрафакт плюс ценявы рынак

Любая спроба ўвесці абмежаванні на легальны гандаль алкаголем тут жа выклікае рост продажаў кантрафактнай і падробленай прадукцыі, упэўнены члены асацыяцыі. У свой час забарона гандлю спіртным у прыдарожным магазіне сталіцы «Еўрапейскі» справакавала маментальнае ўзнікненне побач з гэтым аб'ектам стыхійнага рынку па гандлі
спіртным, прывяла яркі прыклад сустаршыня асацыяцыі Наталля Шаблінская. Асабліва сур'ёзна пытанне нелегальнага гандлю спіртным тычыцца прыгранічных з Расіяй рэгіёнаў, дзе аб'ём афіцыйна рэалізаванага алкаголю ніжэй на 25%, чым у сярэднім па Беларусі. «Пры гэтым у прапанаваных мерах нічога не гаворыцца пра ўзмацненне барацьбы і адказнасці за тую ж кантрафактную прадукцыю, за спіртазмяшчальныя лекавыя прэпараты і самагонаварэнне. Усе прапановы накіраваны на афіцыйны гандаль, і няма ніводнага, накіраванага на нелегальны абарот алкаголю», — падкрэслілі суразмоўцы. У той жа час рост продажаў кантрафактнай і падробленай прадукцыі не толькі згубна адаб'ецца на здароўі насельніцтва, але і прынясе вялікую шкоду айчынным вытворцам спіртных напояў. Дадатковыя абмежаванні для продажу алкаголю ўнутры краіны, улічваючы няпростыя ўмовы на знешніх рынках, здольныя прывесці да сур'ёзнага пагаршэння становішча індустрыі спіртных напояў.

Нацыянальная праблема

У свеце ёсць шмат краін, дзе ўмовы гандлю алкаголем яшчэ больш жорсткія, чым тыя, што ў нас зараз толькі плануюцца. І нічога страшнага там не адбылося. Гандаль не загінуў. На гэту рэмарку журналіста Таццяна Закжэўская адказала, што для пераходу на падобны ўзровень культуры піцця нашай краіне спатрэбіцца ад 10 да 20 гадоў. Паводле яе слоў, дзеля гэтага неабходна перавучваць увесь спажывецкі рынак.

У спецыялістаў МУС зусім іншы пункт гледжання на падобную праблему. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, за першыя 6 месяцаў гэтага года ў стане алкагольнага ап'янення здзейснена 165 забойстваў, 273 цяжкія цялесныя пашкоджанні, 37 згвалтаванняў, 516 рабаванняў і 81 разбой, 176 угонаў і 960 хуліганстваў, і гэта ўжо нагадвае нацыянальную праблему...

Не ведаю, якімі павінны быць ўмовы продажу алкаголю, каб п'яніц стала менш, а звычайным спажыўцам было камфортна набываць тавар. Няхай гэта вырашаюць спецыялісты, але... Буйныя гандлёвыя сеткі вельмі агрэсіўна рэкламуюць алкагольныя напоі. Апошнія займаюць у крамах зручнае ганаровае месца. Піва, гарэлка ці іншы алкагольны напой амаль заўсёды ўдзельнічаюць у розных акцыях са зніжкамі. Часам гарэлка выстаўляецца на самым відным месцы ў краме ў якасці «тавара дня» па мінімальных цэнах. Сам быў сведкам, калі людзі набывалі такую гарэлку не з нейкай нагоды, а па прынцыпе «няхай будзе, бо танна». Любую адкрытую рэкламу тытунёвых вырабаў у нас забаранілі, а пра алкаголь, мабыць, забыліся?

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Гандаль не жадае звяргаць шклянога бога

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».