Вы тут

Усё, што вы хацелі ведаць аб вакцынацыі


Абарона ад розных інфекцый фарміруецца або пасля перанесенага захворвання, або пасля вакцынацыі. Некаторыя захворванні могуць пераносіцца вельмі цяжка, даваць ускладненні, нават пакідаць наступствы на ўсё жыццё або наогул яго адбіраць. Таму яшчэ раз аб важнасці вакцынацыі нагадалі падчас прамой лініі ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына ГЛІНСКАЯ, намеснік галоўнага ўрача Мінскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Святаслаў ВЕЛЬГІН і намеснік галоўнага ўрача 10-й гарадской паліклінікі, галоўны пазаштатны амбулаторна-паліклінічны тэрапеўт камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Ірына СВОРАБ.


Вакцынацыя — гэта эфектыўная і бяспечная трэніроўка імуннай сістэмы. Кампаненты, якія ўваходзяць у склад вакцын, «знаёмяць» імунную сістэму з узбуджальнікам інфекцыйнага захворвання і «рыхтуюць» яе да сустрэчы з ім, забяспечваючы ўтварэнне антыцел, якія будуць нейтралізаваць узбуджальніка, актывізуюць асобныя механізмы абароны.

На працягу апошніх пяці гадоў ахоп насельніцтва вакцынацыяй супраць грыпу перавышае 35–40 працэнтаў, у выніку не адбываецца эпідэмічнага ўздыму захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі. У мінулы сезон, калі ахоп вакцынацыяй перавысіў 41 працэнт, грып перанеслі ўсяго 0,06 працэнта насельніцтва. Між тым складаная сітуацыя назіралася ў іншых краінах, дзе падобныя меры адсутнічалі.

Павышэнне тэмпературы або пачырваненне ў месцы ўвядзення вакцыны — заканамерная рэакцыя на любую вакцыну. Аднак сімптомы гэтыя знікаюць праз 1-2 дні.

У сёлетняй кампаніі вакцынацыі супраць грыпу будуць выкарыстоўвацца вакцыны «Грыпол плюс» (Расія), «Інфлювак» (Нідэрланды), «Ваксігрып» (Францыя), а таксама жывая вакцына «Ультравак» (Расія). Першыя тры прымяняюцца для дзяцей з 6 месяцаў і цяжарных жанчын (у асноўным у другім і трэцім трыместры). Бясплатнае атрыманне прышчэпак у групах высокай рызыкі забяспечваецца з 1998 года вакцынай «Грыпол плюс». У выпадку вакцынацыі за свой кошт ёсць магчымасць выбару вакцыны, сярэдні кошт якой ад Br5 да Br18.

Вакцынацыя супраць грыпу ўваходзіць у Нацыянальны каляндар прышчэпак і з'яўляецца абавязковай (яе абавязаны прапанаваць) для дзяцей ад 6 месяцаў да 3 гадоў, асоб ва ўзросце ад 3 гадоў з хранічнымі захворваннямі і іншых груп насельніцтва, правядзенне прафілактычных прышчэпак якім рэкамендуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

Грып, перанесены падчас цяжарнасці, можа прывесці да неспрыяльных наступстваў для здароўя жанчыны і развіцця плода і нават да заўчасных родаў.

Даказана, што вакцынацыя здольная скараціць колькасць звязаных з грыпам шпіталізацый і смяротных выпадкаў сярод цяжарных. Вакцынацыя цяжарных зніжае рызыку з'яўлення і цяжар працякання грыпу ў дзяцей да шасці месяцаў, для якіх не існуе прышчэпак ад грыпу.

У склад вакцын супраць грыпу звычайна ўваходзяць два варыянты віруса грыпу А і адзін-два варыянты віруса грыпу В. Змяненні ў складзе варыянтаў вірусаў адбываюцца практычна штогод. Прышчэпка забяспечвае абарону на 6–12 месяцаў. У ЗША прымяняць прышчэпкі, якія фарміруюць абарону ад двух варыянтаў віруса А і двух — В. Плануецца, што ў нашай краіне ў перспектыве такая вакцына таксама будзе зарэгістравана.

Абсалютным проціпаказаннем да правядзення прышчэпкі супраць грыпу з'яўляецца алергічная рэакцыя на курыны бялок, часовым — вострыя захворванні і абвастрэнне хранічнага захворвання (прышчэпка адкладваецца да наступлення рэмісіі).

Даступныя супрацьвірусныя прэпараты — «Асельтамівір» і «Занамівір» дазваляюць пры раннім пачатку мінімізаваць ускладненні грыпу і папярэдзіць неспрыяльны зыход, у тым ліку гібель. Асабліва гэта актуальна ў дачыненні да тых, хто можа цяжка пераносіць захворванне — людзей з хранічнымі захворваннямі, імунадэфіцытам.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Наш адказ грыпу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.