Вы тут

Дэнамінацыя падштурхнула часцей разлічвацца «пластыкам»


Рэкордная актыўнасць сярод уладальнікаў банкаўскіх картак была адзначана ў нашай краіне гэтым летам. Тэндэнцыя працягваецца. Усяго за два месяцы сярэдняя колькасць безнаяўных трансакцый на адну картку павялічылася амаль у два разы. Інфармацыю аб гэтым прыводзіць прэс-служба аднаго камерцыйнага банка краіны, спасылаючыся на вынікі аналізу актыўнасці сваіх кліентаў.


Ад капеек адвыклі

І нічога дзіўнага тут няма, бо людзям немаладога ўзросту разлічвацца за пакупкі папяровымі грашыма новага ўзору, а атрымліваць рэшту капейкамі і манетамі, а таксама «старымі» купюрамі складана. Напрыклад, мае бацькі-пенсіянеры спецыяльна выклікалі мяне да сябе ў раённы цэнтр, каб я іх навучыў карыстацца карткамі ў крамах і інфакіёсках. Мама ўвогуле атрыманую манетамі рэшту адкладала ў спецыяльную шкатулку і ў краму больш не несла. Для яе дрэннага зроку ўся гэта металічная дробязь была «на адзін выгляд», а яшчэ яна баялася манеты згубіць. У выніку маім родным аказалася прасцей разабрацца з мудрагелістаццю «пластыка», чым адначасова карыстацца наяўнымі грашыма розных фарматаў.

Беларусы сталі актыўна выкарыстоўваць «пластык» для аплаты невялікіх пакупак, тады як раней задзейнічалі яго ў асноўным пры набыцці дарагіх тавараў. Карткамі сталі часцей плаціць у крамах, кафэ і рэстаранах.

Карткі выціскаюць наяўныя нават у тых галінах, дзе раней прымяняўся пераважна «кэш», у тым ліку пры аплаце праезду або камунальных паслуг. Акрамя таго, хутка расце папулярнасць банкаўскага «пластыка» як сродку аплаты тавараў у інтэрнэце.

Зарабляць на пакупках

Банкіры тлумачаць рэкордную папулярнасць безнаяўных плацяжоў некалькімі фактарамі. Перш за ўсё, нашы жыхары імкнуцца радзей плаціць наяўнымі, каб палегчыць сабе пераход на новыя грошы. Таксама істотным стымулам стала з'яўленне новага пакалення картак з высокім кэшбэкам (функцыя — грошы назад). Напрыклад, уладальнікі карткі, якая вяртае да 2% з кожнай пакупкі, плацяць безнаяўным спосабам у 78% выпадкаў, тады як уладальнік звычайнай карткі выкарыстоўвае «пластык» у 38% аперацый. Беларусы таксама сталі часцей выкарыстоўваць мабільны і інтэрнэт-банкінг. Колькасць трансакцый з дапамогай сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (ДБА) адчувальна расце кожны месяц, адзначаюць спецыялісты.

Наяўныя і «пластык» знікнуць праз 10 гадоў?

Сёння наша краіна паступова выходзіць на ўзровень вядучых еўрапейскіх краін па папулярнасці безнаяўных плацяжоў. Лідарам у гэтай галіне выступаюць скандынаўскія краіны, дзе ў большасці выпадкаў расплачваюцца карткамі, а наяўныя выкарыстоўваюць пераважна турысты. Беларусь таксама знаходзіцца на гэтым шляху. У маштабах краіны падобны працэс будзе спрыяць празрыстасці аперацый, тады як звычайны спажывец атрымае больш выгод і пераваг, упэўнены спецыялісты прэс-службы Нацбанка.

Старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка яшчэ больш катэгарычны, бо ўпэўнены, што праз 10 гадоў і ў нашай краіне практычна цалкам адмовяцца і ад наяўных грошай, і ад банкаўскіх пластыкавых картак. На яго погляд, «пластык» пратрымаецца да таго часу, пакуль не будзе знойдзены больш просты і бяспечны спосаб ідэнтыфікацыі.

Разам з тым, банкір упэўнены, што для прынцыповага выхаду насельніцтва з сістэмы наяўных неабходна паказваць, што грошы, якія знаходзяцца на картцы, мець больш выгадна і цікава, чым грошы, якія знаходзяцца ў кішэні ці пад падушкай. Рабіць гэта дырэктыўна досыць складана. Неабходна зацікавіць кліента. Беларусы, як усім вядома, вельмі добра ўмеюць лічыць, і любога роду кэшбэк, нейкі працэнт па суме, які застаецца на картцы, іх вельмі радуе. Механізм стымуляцыі павінен быць вельмі пралічаным і падтрымлівацца ўсімі інструментарыямі фінансавага рынку, уключаючы дзяржаўныя інстытуты, банкі і ўрад, упэўнены спецыяліст.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Карткі супраць манет

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».