Вы тут

Рэнесанс беларускага кіно ўсё яшчэ не наступіў


Конкурсная праграма кінафестывалю Bulbamovie пакінула пачуццё расчаравання.

Яшчэ нядаўна ў нас былі падставы з эйфарыяй прадказваць доўгачаканае адраджэнне беларускага кіно. Вось, маўляў, што ствараюць нашы маладыя і дзёрзкія аўтары за ўласныя сродкі і энтузіязм – за імі будучыня, ім ёсць што сказаць, у іх хапае смеласці гэта рабіць. Шосты фестываль беларускага кіно Bulbamovie, адзіны накіраваны на айчынны кантэнт, 21 і 22 кастрычніка ў арт-кінатэатры “Тытан” паказаў праграмы ігравога, дакументальнага і анімацыйнага беларускага кіно – і рэнесансам пахнуць перастала.


Калі лічыць, што Bulbamovie прадстаўляе вобраз створанага за год беларускага кіно, то ацэньваючы па гамбургскім рахунку гэтае аблічча падаецца непрэзентабельным і несур’ёзным. Відавочна, пэўная частка работ ствараецца не як мастацтва, а як пацеха для сябе і сяброў – нават дакладней назваць іх не фільмамі, а відэа.

Ацэньваць беларускае кіно іншым чынам, напэўна, шкодна: кінематаграфія павінна разглядацца ў тым ліку ў кантэксце міжнароднай індустрыі кіно, у якой мы пакуль што, на жаль, застаёмся “рэччу ў сабе”. Размаўляючы пра айчынныя карціны, мы прызвычаілся рабіць зніжкі і паслабленні ў адзнаках за тое, што тыя ствараліся ўласнымі высілкамі, што гэта толькі старт, што ўсе вялікія рэжысёры з нечага пачынаюць. Мы здольныя нават “прыцягваць” сэнсы і казаць “вы не разумееце, гэта пра гвалт над жанчынамі”, “гэта пра раўнапраўе”, “гэта пра пошук сябе”, хоць часцей нічога новага і па-новаму ў тым, што чарговы нязграбны фільм хоча сказаць, не аказваецца.

Гэтыя карціны маюць значэнне як прыступка да прафесійнай, дарослай, спелай творчасці. Аўтарам на руку благаславенне сённяшняга часу: працэс “дэмакратызацыі” сферы кіно няспынны; у эпоху, калі фільмы здымаюцца нават на мабільны тэлефон, ім прасцей спрабаваць свае сілы. У сваю чаргу гэта выгадна і айчыннай кінематаграфіі: каб больш рэжысёраў пачыналі здымаць.

Кінафестываль Bulbamovie жа змяшаў у сабе мастацтва з “пробай пяра”, чым паказаў, як адначасова з дэмакратызацыяй сфера кіно страчвае нейкую “сакральнасць”, сур’ёзнае да сябе стаўленне, якое сярод конкурсных ігравых і дакументальных фільмаў бачнае толькі ў чатырох-пяці карцінах. Вядома ж, на бязрыб'і і рак — рыба, але паўстае пытанне да фармату кінафестывалю і планкі, якой кіруюцца адборшчыкі. Ці не варта было пакінуць у праграме пустыя старонкі і паказаць толькі кіно?

Фота са здымак фільма “Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага.

Карціна “Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага, якая атрымала Залатую бульбу (узнагароду ў выглядзе жэста Вікторыя на тарцы для бульбы, створаную мастаком Русланам Вашкевічам), відавочна з праграмы Bulbamovie выбівалася за кошт таго, што гэта скрупулёзны, дакладны, пралічаны, сур’ёзны мастацкі твор, перамога якога была прадказальнай.

Журы вырашыла не вызначаць пераможцу сярод дакументальных работ, а раздзяліла гэтую Залатую бульбу на два “дранікі”, якія дасталіся ігравой кароткаметражцы “Дваццацьшаснаццаць” Андрэя Крывіцкага і Зміцера Рахоўскага і анімацыйнай карціне “Ламберсек і даярка” Анатоля Тадорскага. Залатая бульба сярод анімацыйных работ і ўзнагарода за найлепшы гук адышлі карціне “Дзеці будучыні спяць” Івана Гапіенкі. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся “Вянку” Павала Недзведзя.

Атрымліваецца, фестываль беларускага кіно існуе, а фільмы для яго амаль адсутнічаюць. Здавалася б, яны павінны быць – у нас ёсць творчасць таленавітых папярэднікаў, спецыяльная адукацыя, у дзяржавы – грошы на кіно, у маладых аўтараў – жаданне здымаць, сучаснасць прадастаўляе рэцэпты кшталту малабюджэтных фільмаў і капрадукцыі. Але пры ўсім гэтым вартае ўвагі кіно – выключэнне. Частка з яго, вядома ж, трапіла ў праграму Bulbamovie.

“Вянок” Павала Недзведзя.

Пасля кінафестывалю можна зрабіць некалькі высноў. Па-першае, мы спадзяемся на адраджэнне беларускага кіно ў той час, як у сферы кінематографа нічога не мяняецца. Па-другое, аўтары татальна не здольныя ацаніць, ці вартыя іх творы часу гледача. Па-трэцяе, кінастудыя “Беларусьфільм” можа прадаставіць на кінафестываль толькі анімацыю (яшчэ некалькі дакументальных работ будуць у Нацыянальным конкурсе “Лістапада”). Па-чацвёртае, грамадства спынілася ў сваёй інфантыльнасці, што бачна па стаўленні да кіно як да ўласнага квэсту.

На кінафестывалі “Лістапад” пройдуць паказы Нацыянальнага конкурсу. Да таго ж існуе пласт беларускага кіно, якое не падае заяўкі на беларускія кінафестывалі. Магчыма, пах адраджэння – там.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?