Вы тут

Як культурная спадчына ўплывае на ўмацаванне міжнародных сувязяў


Як культурная спадчына можа паўплываць на выхаванне падрастаючага пакалення і ўмацаванне міжнародных сувязяў, высвятлялі ў Магілёве падчас міжнароднага форуму, прысвечанага народным традыцыям.

На форуме фае магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і пляцоўка перад ім ператвараюцца ў вясёлую беларускую вёску з рамеснікамі, музыкамі, танцорамі ў нацыянальных вышыванках, галасістымі бабулькамі ў стракатых хустках. Паўсюль ручнікі, сурвэткі, лялькі-абярэгі і шмат чаго іншага народнага, самабытнага, унікальнага. Прайсці міма немагчыма. Ногі самі нясуць на зазыўныя гукі бубнаў і гармоніка. Сумна тут ніколі не бывае. У такія хвіліны асабліва разумееш, наколькі багатая спадчына нам дасталася. Вось толькі б яе не страціць. Гэтай праблемай заклапочаны не толькі мы, пра гэта казалі і ўдзельнікі іншых дзяржаў. На 5-ы Міжнародны форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства» ў Магілёў прыехалі эксперты з 12 краін.


Ку­паль­скія паясы з ар­на­мен­та­мі ўсіх ра­ё­наў.

Не толькі знайсці, але і захаваць

За апошнія некалькі гадоў Магілёў развіўся ў адраджэнні амаль забытых культурных традыцый і абрадаў. Дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег ХМЯЛЬКОЎ і непасрэдны ініцыятар гэтага форуму ўзгадвае, што быў перыяд, калі на ўсю вобласць існавалі толькі адзін ці два чалавекі, якія маглі заправіць ткацкі станок.

«А зараз амаль палова раённых дамоў рамёстваў мае ткацкія станкі і майстрых, — кажа ён.— Яны засвоілі нават ускладненыя віды ткацтва, напрыклад, васьмінітовае. Адукацыйны семінар праходзіў у Гродзенскай вобласці, бо болей нідзе нельга было знайсці такіх майстрых.

Цэнтры народнай творчасці, дамы рамёстваў, сельскія клубы прапагандуюць нашы культурныя традыцыі падчас розных свят і фестываляў. Напрыклад, у Бяседавічах Мсціслаўскага раёна жыхары «гуляюць», як яны самі кажуць, у абрад «Варвараўская свечка». Удзел у ім прымаюць выключна жанчыны. А вось у Шклоўскім раёне існуе мужчынскі варыянт абраду — «Мікалаеўская свечка». Туды дапускаюцца выключна мужчыны. Абодва абрады ўнесены ў спіс каштоўнасцяў культурнай нематэрыяльнай спадчыны краіны і ўжо гэтым абаронены ад знікнення. Наогул Магілёўская вобласць у гэтым спісе прадстаўлена 13 элементамі. Апошні з іх — абрад дажджу, які адрадзілі ў Клімавіцкім раёне, трапіў туды зусім нядаўна.

Апошнім часам цікавасць да народных традыцый толькі расце. Мы ўзгадваем старадаўнія песні, уводзім элементы абрадаў у нашы сямейныя святы. Узрос попыт на кошыкі з лазы, драўляныя лыжкі ад майстроў, аўтарскія лялькі.

На вяселлях стала модным звяртацца да старадаўніх звычаяў, калі свякроў знімала святочны вянок з галавы нявесты і павязвала ёй хустку. Як сімвал таго, што перыяд дзявоцтва для яе скончыўся і пачалося сямейнае жыццё. Сёння, у эпоху ўсеагульнай глабалізацыі, нам вельмі важна не страціць сваёй індывідуальнасці».

Без культуры няма народа

Для знаўцаў народных традыцый розных краін вельмі важнай акалічнасцю з'яўляецца тое, што форум запрашае да сябе вядучых экспертаў у галіне этнаграфіі і фальклору. Сёлета на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі прагучала 14 дакладаў на тэмы захавання, адраджэння і прасоўвання ў шырокія масы здабыткаў чалавецтва. Сваімі напрацоўкамі падзяліліся знаўцы з Беларусі, Расіі, Італіі, Літвы, Харватыі, Арменіі, Турцыі, Казахстана, Славакіі, Эстоніі, Грузіі.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Літвы Сауліс ЛІАУСА прыязджае на форум у чацвёрты раз. Ён вельмі задаволены, што павялічваецца не толькі кола ўдзельнікаў, але і актуальнасць пытанняў, якія тут уздымаюцца. «Чалавецтву вельмі важна зразумець, што традыцыйная культура толькі ўзбагачае кожнага з нас. Без яе ведання няма народа, гэта проста натоўп, — лічыць ён. — Навошта тады быць беларусам, немцам, рускім? Калі ў нас няма адрозненняў, навошта наогул нешта абмяркоўваць? Мы павінны захаваць для нашчадкаў нашу шматнацыянальную разнастайнасць».

Магілёўскую вобласць з многімі краінамі збліжаюць не толькі гэтыя сустрэчы, але і пагадненні аб супрацоўніцтве. Гэта дапамагае больш плённа працаваць, абменьвацца думкамі, праводзіць семінары, дэманстраваць майстар-класы, арганізоўваць Дні культуры. Сёлета пагадненні аб супрацоўніцтве былі падпісаны з Цвярскім і Валагодскім цэнтрамі народнай творчасці.

Больш чым 10 гадоў сумеснай дзейнасці ў рамках пагаднення звязваюць Магілёў з Расійскім Домам народнай творчасці ў Маскве. Намеснік яго дырэктара Ірына Казлова прыехала на форум, каб разам з усімі абмеркаваць вельмі сур'ёзную праблему па захаванні той вялікай колькасці нематэрыяльнага багацця, якое сабралі за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў.

— Наша сённяшняя задача — стварыць архіў з таго, што назапашана ў адукацыйных установах, навуковых акадэмічных інстытутах, дамах народнай творчасці, — кажа яна. — Усё гэта мае патрэбу ў аблічбаванні, захаванні на матэрыяльных носьбітах. Сёння мы ствараем адзіны агульнарасійскі электронны каталог нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Займаемся гэтым з 2009 года, прыцягваем вучоных розных спецыяльнасцяў.

Эксперты адзначаюць, што цяпер не вельмі шмат у свеце форумаў, у якіх адначасова ўдзельнічаюць і тэарэтыкі, і практыкі. Магілёўскі менавіта такі. І спецыялісты гэта цэняць. Вельмі трапна наконт гэтага выказалася знаўца фальклору з Арменіі Венера Саакян: «Без практыкі навука — гэта проста кнігі, якія пыляцца на палічках. Але калі шмат практыкаў і няма тэарэтыкаў — гэта ўсё роўна, што чалавек стаіць на адной назе».

Фальк­лор­ны ду­эт з вёс­кі Оль­ні­ца Глус­ка­га ра­ё­на.

Усё пачынаецца з дзяцінства

Захаваць народныя традыцыі без цікавасці да іх з боку моладзі немагчыма. У гэтым былі салідарны ўсе ўдзельнікі форуму. «Трэба замацоўваць народныя традыцыі нейкімі гульнявымі формамі, укараняць элементы абрадаў у звычайныя святы, паўсядзённае жыццё, — лічыць Валянціна МАРЧАНКА, метадыст Краснапольскага раённага цэнтра культуры. — Магчыма, для падлетка на нейкім этапе гэта будзе мала цікава. Але ўсплыве, калі ён вырасце і сам пачне выхоўваць сваіх дзяцей».

Дамы рамёстваў, цэнтры народнай творчасці, музычныя школы, установы адукацыі і пазашкольнай дзейнасці — у бацькоў сёння ёсць добрая магчымасць далучыць сваіх сыноў і дачок да крыніц народнага багацця. Гэта дазваляе зрабіць жыццё больш разнастайным і багацейшым. Нездарма кажуць, што, не ведаючы мінулага, нельга пабудаваць будучае.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Ад прадзедаў спакон вякоў...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».