Вы тут

Як праходзіць акцыя "За бяспеку разам"


Ужо па традыцыі ў другі месяц восені ратаўнікі Беларусі распачынаюць агульнарэспубліканскую пажарна-прафілактычную акцыю «За бяспеку разам». Прымеркавана яна да надыходу халадоў, калі і здараецца большасць пажараў. Іх магло б і не быць, каб не славуты чалавечы фактар і не грэбаванне правіламі бяспекі. Аб тым, як праходзіць акцыя, карэспандэнт «Звязды» распытаў прэс-сакратара Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Крысціну Барэйка.


Як правіла, дрэнны стан пажарнай бяспекі ў жыллі з'яўляецца спадарожнікам ладу жыцця, што вядзе чалавек. Напрыклад, у адзінокага пенсіянера можа не быць магчымасці аператыўна адрамантаваць старую печку. У зоне рызыкі знаходзяцца таксама людзі, якія траплялі ў поле зроку праваахоўнікаў з-за празмернай любові да алкаголю. А большая частка пажараў у жылым фондзе адбываецца якраз з-за курэння ў нецвярозым стане. Дзеці і пажылыя людзі ў такіх сем'ях таксама пастаянна знаходзяцца ў зоне рызыкі. Ды і шмат хто з жыхароў шматпавярховак можа «пахваліцца» прысутнасцю ў доме «нядобрай» кватэры, якая служыць месцам збору асоб, якія адчуваюць празмерную цягу да алкаголю. А гэта — патэнцыйная небяспека для ўсяго дома.

Як бачым, праблемы супрацьпажарнай бяспекі маюць комплексны характар. Менавіта таму ў масіраваных рэйдах паўдзельнічаюць прадстаўнікі многіх ведамстваў. Акрамя ратавальнікаў, камісіі складаюцца з прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў, адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, інфармацыі і энергетыкі.

Аналагічная акцыя праходзіла ў красавіку гэтага года. Тады камісіі абследавалі па Мінскай вобласці амаль 26 тысяч кватэр і жылых дамоў.

Ратавальнікі падчас абходаў дадуць рэкамендацыі, як зрабіць сваё жыллё максімальна бяспечным, і пакінуць памяткі.

Справа ў тым, што адлік у сучаснай кватэры пры пажары ідзе часта на секунды. Амаль усе побытавыя прадметы ў кватэры зроблены з палімерных матэрыялаў, якія пры гарэнні адразу пачынаюць выдзяляць шкодныя рэчывы.

Калі ў кагосьці з прадстаўнікоў так званай групы рызыкі будзе адсутнічаць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, яго ўстановяць бясплатна. І, канешне ж, правераць спраўнасць ужо наяўных апаратаў.

Мяркуецца, што людзям яшчэ раз нагадаюць пра правілы пажарнай бяспекі падчас спецыяльных выступленняў у працоўных калектывах і на сельскіх сходах. Між іншым, акцыя будзе паралельна праходзіць не толькі ў жылым сектары. Абследуюць ратавальнікі і крыніцы супрацьпажарнага забеспячэння. У шматкватэрных жылых дамах абавязкова будуць правераны месцы агульнага карыстання — тамбуры і лесвічныя клеткі. Дапамогуць нам і пазаштатныя пажарныя фарміраванні. Уся інфармацыя будзе накіравана ў мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы.

Канешне, рэйды ажыццяўляюцца па загадзя складзеных спісах. Але гэта не азначае таго, што яны сфарміраваны канчаткова. Кожны чалавек можа патэлефанаваць у тэрытарыяльны орган па надзвычайных сітуацыях з просьбай правесці праверку супрацьпажарнага абсталявання жылля. Ніводны званок без увагі не застанецца. Напрыклад, у красавіку па краіне было 13 такіх выклікаў.

Маштаб мерапрыемстваў дапаможа ўявіць статыстыка. Па выніках аналагічнай мінулай акцыі ўпаўнаважаныя органы ініцыявалі прыняцце мер па 120 фактах неналежнага выхавання дзяцей. 159 чалавекам дапамаглі ў пажарабяспечным уладкаванні жылля. 38 былі накіраваны ў сацыяльныя ўстановы. Лісты аб аказанні дапамогі атрымалі 930 блізкіх суродзічаў і дзяцей пенсіянераў, якія жывуць адны. Адзначылі і актывістаў: 38 чалавек былі заахвочаны за актыўны ўдзел у пажарна-прафілактычнай акцыі.

Далучыцца да акцыі можа кожны жыхар краіны. А зрабіць гэта вельмі проста: патрэбна ўсяго толькі ўстанавіць у сябе аўтаномны пажарны апавяшчальнік, калі вы гэтага яшчэ не зрабілі. А калі ён у вас ужо стаіць, то праверце, як ён працуе, ці не варта замяніць батарэі або сам апарат. Усё вельмі проста...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Выйсці з зоны рызыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?