Вы тут

"Звязда" падрабязна расказвае пра змены ў законе аб занятасці


Днямі ўступіў у сілу новы закон аб занятасці насельніцтва. Цяпер знаходзіцца ў статусе беспрацоўнага можна не больш за паўтара года, а за пропускі заняткаў на курсах перападрыхтоўкі і няяўку на субяседаванні можна пазбавіцца сацыяльных выплат. Больш падрабязна пра змены, якія закранулі і саіскальнікаў, і наймальнікаў, расказаў першы намеснік міністра працы і сацабароны Андрэй ЛАБОВІЧ.


— Чаму менавіта цяпер з'явілася неабходнасць у новым законе аб занятасці?

— Папярэдняя рэдакцыя была прынята 10 гадоў таму. За гэты час змянілася сітуацыя на рынку працы, грамадскія адносіны, якія рэгулююцца законам. Акрамя таго, дзяржаўная служба занятасці напрацавала істотны вопыт узаемадзеяння як з саіскальнікамі, так і з наймальнікамі. Безумоўна, унесеныя змены і дапаўненні ў тым ліку скіраваны і на рэалізацыю дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Новы закон павінен павялічыць эфектыўнасць уцягнення ў эканамічную дзейнасць незанятых грамадзян, павысіць матывацыю беспрацоўных да актыўнага пошуку работы і ўзмацніць адказнасць наймальнікаў за парушэнне заканадаўства.

— Хто цяпер можа разлічваць на статус беспрацоўнага?

— Як і раней, стаць на ўлік у службу занятасці могуць працаздольныя грамадзяне, якія не маюць работы і заробку. Сярод тых, хто не можа зарэгістравацца, — пенсіянеры, выпускнікі, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання, людзі, што знаходзяцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі.

Зыходзячы з практыкі, што склалася, у законе ўдакладнілі пытанні паўторнай рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных. Так, калі чалавек быў зняты з уліку праз няяўку ў службу занятасці без уважлівай прычыны на працягу больш чым двух месяцаў, паўторна зарэгістравацца ён зможа толькі праз год. Тое ж самае тычыцца тых, каго адлічылі з курсаў перападрыхтоўкі за непаспяховасць, непраходжанне выніковай атэстацыі ці доўгую адсутнасць на занятках. Грамадзяне, якім па рашэнні суда трэба вярнуць сумы выплачаных ім дапамог па беспрацоўі, стыпендый, субсідый на прадпрымальніцкую дзейнасць, маюць права паўторна стаць на ўлік, толькі калі цалкам кампенсуюць гэтыя сродкі.

— У беспрацоўных цяпер з'явіцца шэраг абавязкаў. Раскажыце пра іх падрабязней.

— Незанятым грамадзянам трэба самастойна шукаць работу, паказвацца ў службе занятасці не радзей чым раз на месяц. Тыя, каму выдалі накіраванне на працу, павінны прыйсці на перамовы з наймальнікам на працягу двух дзён. Людзі, якіх адправілі на курсы перападрыхтоўкі, мусяць добрасумленна вучыцца і рэгулярна з'яўляцца на занятках.

Устанаўленне абавязкаў беспрацоўных дазволіць замацаваць сістэму ўзаемадзеяння дзяржаўнай службы занятасці, наймальнікаў і грамадзян. Ад выканання абавязкаў будзе таксама залежыць права на атрыманне сацыяльных выплат, напрыклад, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, матэрыяльнай падтрымкі беспрацоўнаму і іншых.

— Якая дадатковая магчымасць дадзена маладым маці, што пайшлі ў дэкрэт адразу пасля ўніверсітэта ці школы?

— Маці, якія даглядаюць за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, далі права бясплатна праходзіць навучанне ад службы занятасці. Гэтыя жанчыны, як правіла, раней не працавалі ці не маюць прафесіі, што зніжае іх канкурэнтаздольнасць на рынку. Дадзеная мера дазволіць пашырыць магчымасць іх уладкавання.

— Што наконт зменаў, якія чакаюць наймальнікаў?

— Тэрмін, за які наймальнік павінен пісьмова паведаміць службу занятасці аб наяўнасці ў яго вакансій, зніжаны з двух тыдняў да пяці дзён. Таксама работадаўцы мусяць своечасова інфармаваць аб запаўненні свабодных месцаў, што дазволіць больш аператыўна абнаўляць інфармацыю ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій. Гэтыя змены пашыраць магчымасці ўладкавання на работу незанятых грамадзян.

А каб лепш прагназаваць колькасць людзей, якія патэнцыйна маюць патрэбу ў садзейнічанні службы занятасці ў падборы месца працы, і прымаць неабходныя захады для найхутчэйшага ўцягнення іх у працоўную дзейнасць, наймальнікаў абавязалі інфармаваць аб будучым вызваленні ўсіх работнікаў не пазней, чым за два месяцы.

— Якія яшчэ захады прадугледжаны, каб папярэдзіць рост беспрацоўя?

— Закон стымулюе наймальніка накіроўваць работнікаў, што знаходзяцца пад пагрозай звальнення, на прафесійную перападрыхтоўку ці павышэнне кваліфікацыі. Органы па працы, занятасці і сацабароне могуць цалкам або часткова кампенсаваць выдаткі прадпрыемства на навучанне такіх спецыялістаў. Да работнікаў пад пагрозай звальнення адносяцца супрацоўнікі, якія папярэджаны аб скарачэнні штату, могуць страціць сваё месца ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі ці спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка. Плюс тыя, хто па ініцыятыве наймальніка знаходзіцца ў вымушаным прастоі, працуе ў рэжыме няпоўнага працоўнага часу, адпраўлены ў водпуск без захавання ці з частковым захаваннем заробку.

Рашэнне пытання аб апераджальным навучанні складана пераацаніць ва ўмовах мадэрнізацыі эканомікі, а таксама цяжкага фінансавага становішча некаторых арганізацый. Работнікі, якія становяцца незапатрабаванымі на асобнай вытворчасці, не павінны заставацца за варотамі прадпрыемства. Ім трэба даць прафесію, з якой яны маглі б уладкавацца на новае месца, мінаючы стадыю беспрацоўя.

— Работа дзяржаўных службаў занятасці стане больш эфектыўнай?

— Так, мы мяркуем, што рэалізацыя на практыцы ўсіх навацый закона аб занятасці дазволіць нам працаваць больш прадуктыўна і ўдасканаліць узаемадзеянне з наймальнікамі. Пры гэтым не варта забываць, што служба занятасці — гэта пасрэднік паміж работадаўцам і суіскальнікам, і дапамагае ў першую чаргу тым, хто сам актыўна імкнецца знайсці работу.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?