Вы тут

Віктар Шніп. Вершы


Шніп Віктар Анатольевіч нарадзіўся 26 сакавіка 1960 года ў вёсцы Пугачы Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1979) і Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1987). Працаваў у часопісе «Беларусь», у газеце «Наша слова». З 1995 па 2004 год быў намеснікам галоўнага рэдактара і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер — галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Фота: sb.by

Аўтар кніг паэзіі і прозы «Гронка святла» (1983), «Пошук радасці» (1987), «Шляхам ветру» (1990), «На рэштках Храма» (1994), «Выкраданне Еўропы» (1996), «Чырвоны ліхтар» (2000), «Воўчы вецер» (2001), «Інквізіцыя» (2002), «Выратаванне атрутай» (2003), «Беларускае мора» (2004), «Балада камянёў» (2006), «Страла кахання, любові крыж» (2008), «Проза і паэзія агню» (2010), «Пугачоўскі цырульнік» (2013), «Сабачыя гісторыі» (2013), «Тутэйшая туга» (2014), «Першы папяровы снег» (2014) і інш.

Лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага (1987), Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» (2007), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура» (2008).


 

За Беларусь, якая снілася Купалу

 

Сонца Францыска Скарыны

(6.03.1486—1552)

 

з белых бялюткіх снягоў

як з пены тутэйшага мора

сонца ўзышло над Полацкам

і раптам чарнець пачало

як вугаль

як чорная кропка

у канцы сказа

як у канцы свету

свету дзе цябе не было

і ты нарадзіўся

і сонца зноў засвяцілася

як шлях у Заўтра

і стала светла

і ў Полацку

і ў Вялікім княстве

і маліліся людзі

і звінелі званы

паўтараючы тваё імя

Францыск Францыск Францыск

і ляцелі анёлы

і ляцелі пчолы

а ты глядзеў у неба

і бачыў роднае неба

у якім жыве Бог

які стварыў зямлю

і ўсё жывое на зямлі

па якой ты ідзеш з Полацка

несучы ў сэрцы сонца

якое было і будзе

і ў Вільні і ў Празе

і літары складуцца ў словы

і словы складуцца ў сказы

і будзе першая кніга

якую ты надрукуеш

і ты ідзеш па Еўропе

малады і прыгожы

як вой які абараняе

зямлю дзе магілы продкаў

дзе яму вераць дзе яго любяць

дзе яго заўсёды чакаюць

і ў кожным следзе тваім

застаецца святло жывое

якое не зарасце травой

і не засыплецца пылам

і ў цябе наперадзе Беларусь

пра якую ты не марыш

але якая абавязкова будзе

як свята пасля будняў

як дзень пасля ночы

як вясна пасля зімы

і сонца будзе тваё

і сёння і заўтра і заўсёды

як родная зямля пад нагамі

тых хто ідзе з дому

і тых хто вяртаецца

ведаючы тваё імя

як песню як малітву

як сонца

 

 

Балада Ніла Гілевіча

(30.09.1931—29.03.2016)

 

Ты з кватэры глядзіш праз вакно, нібы з неба,

Аб якое разбіўся матыль адзінокі,

Бо да сонца хацеў, што схавалі аблокі,

З якіх сыплецца дождж, як асенняе срэбра.

Не паспеў матылю даць жаданую волю

І цяпер ты ў журбе, як апошні ваяр.

Завяршаецца дзень, бы згас пажар,

Што ў табе не згасаў і не стухне ніколі,

Як не знікне любоў у тых словах, якія

Ты сказаў і пачулі іх зоры і край,

Дзе яшчэ цячэ Гайна, дзе кветкавы рай

І дзе людзі, як вершы твае трапяткія,

Самавіта жывуць і жыць будуць бясконца,

Бо дажджы і снягі прамінуцца, і сонца

Зноў асвеціць зямлю, дзе бярозы шумяць,

Дзе крыніцы бруяцца і дзе сенажаць

Затапіла смуга, праз якую ідзеш

І Купалу з сабой, як прарока, вядзеш

У Краіну, якую ствараў і любіў,

За якую сябе па крывінцы губіў,

Сэрцам верыў, што мы пройдзем выбраны шлях

Не на мокрых каленях, на моцных нагах,

Як ішлі нашы продкі, каб ішлі гэтак мы,

Не баяліся век ні сумы, ні турмы.

Ты глядзіш праз вакно, як праз вечнасць глядзіш,

З неба сыплецца дождж адзінокі, як крыж,

І ляціць матылёк, як святая душа,

За якую маліўся ты ў думках спярша,

А пасля ў сваіх вершах, што сталі табою

І навек застануцца тваёю душою,

Каб ішоў ты па роднай лагойскай зямлі

І ў слядах тваіх кветкі, як зоры, узышлі.

Ты глядзіш праз вакно, як праз роднае неба,

Аб якое разбіўся матыль адзінокі,

Бо да сонца хацеў, што схавалі аблокі,

З якіх сыплецца дождж, як вясенняе срэбра…

 

 

Балада Генадзя Бураўкіна

(28.09.1936—30.05.2014)

 

Ізноў пачаўся дзень з малітвы за Айчыну,

Якая ёсць у нас, была і будзе вечна,

Дзе першы снег, нібыта маладая гліна,

А снег апошні, быццам попел недарэчны,

Што на траву зялёную з нябёс злятае

І ўміг знікае ў травах, дзе лятае тая

Пчала, якая, быццам кропка залатая,

З балады пра паэта, што не памірае,

Калі й памрэ, бо тут нам паміраць нянова

За Беларусь, якая снілася Купалу,

За вольнае, як Каліноўскі, наша Слова,

Што нашаю адвечнаю малітвай стала.

І ты паміж малітваю і калыханкай

Сябе распяў, каб Беларусь жыла, квітнела

І не была ніколі болей паланянкай,

Не раздзіралі груганы душу і цела

Людзей жывых зямной часінай нелюдзімай.

І каб больш роднае ўжо не ішло на злом,

Ты молішся прад Богам і яго святлом:

«Магутны Божа, захіні маю Радзіму

Мудрасцю,

Спакоем,

I цяплом…»

 

 

Балада Віктара Турава

(25.10.1936—31.10.1996)

 

З экрана, нібыта з нябёсаў,

Сыходзіць балотны народ.

І нельга глядзець без слёзаў

На гэты біблейскі сыход.

І слёзы твае асвятляюць

Дарогу, якая вядзе

Туды, дзе ўжо не паміраюць,

Дзе ў вечнасці, нібы ў вадзе,

Жывуць і ўжо знаюць да скону,

Што гэта Еўропа — для нас.

І хай над крыжамі вароны

Лятаюць, як згублены час,

Дзе можна было ўжо адбыцца,

Даўно пра блуканні забыць,

Істужка, нібы бліскавіца,

Якую ўдалося злавіць,

Табе для Айчыны, народа,

А гэта вялікі народ,

Які ўчора выйшаў з балота,

Але не адрокся балот…

 

 

У час другога патопу

Паэты вечныя ідуць па свеце,

Іх за сабой самотны Сыс вядзе.

Яны ідуць праз ціш і вецер,

Ідуць, як па дарозе, па вадзе,

Што затапіла родныя прасторы

І змыла храмы, хаты і сады.

У іх вачах адлюстраваны зоры,

Нібыта рыфмы вершаў залатых.

Усе памерлі, а яны жывыя.

На іх, як бруднае рыззё, грахі.

За імі ноч, нібы ваўчыца, вые,

Не чуе толькі мёртвы і глухі.

Паэты вечныя шукаюць Бога,

Так, як шукалі пры жыцці віна,

Якое асвятляла ім дарогу

У свет, дзе ёсць Паэзія адна,

А больш нічога там няма й не будзе.

І ўжо, калі закончыцца бяда,

Зноў Богам створацца з Паэтаў людзі

І стане зноў Паэзіяй вада…

 

 

* * *

тралейбус не хоча лётаць

ён трымаецца за драты

а ты б паляцеў

але за цябе трымаюцца бацькі

хоць табе ўжо 20 гадоў

як 20 кропель валяр’янкі

каб не балела сэрца ў маці

якая не ведае

што ты кожную раніцу

у тралейбусе які трымаецца за драты

едзеш на завод «Крышталь»

дзе можна купацца ў віне і гарэлцы

дзе твае найлепшыя сябры

для якіх ты «вожык»

які вырасце і не будзе

пісаць оперу

а напіша «Чырвоны ліхтар»

і ў тваёй шклянцы віно

як чырвоная раніца

і ты вып’еш яе да дна

і забудзешся што ты

павінен хавацца ад савецкай улады

што хоча каб ты ваяваў у Афгане

і не трымаўся за жыццё чырвонае

як віно ў тваёй шклянцы

чырвонае як сцягі

чырвонае як снягі

і ляціць над горадам аўтобус

але гэта не твой аўтобус

бо ты ездзіш на тралейбусах

якія не хочуць лётаць

 

 

Паплавы

сонца зрабілася белым

і над паплавамі плыве

быццам пятак ледзяны

што злеплены з туману

на поплаве дзе пасуцца коні

каля адзінокага дрэва

дзе будзе першы прыпынак восені

якая ўжо ідзе па поплаве

босая як мастачка Алена Кіш

каб гледзячы ў ручай

бачыць мора

з якога ўзыдзе сонца

і яно будзе чырвоным

як вялікі яблык

што ляжыць у траве

і яго ніхто не бачыць

акрамя цябе

бо ты паклаў яблык для Алены Кіш

ходзячы па восеньскіх паплавах

 

 

* * *

Марудная, як цень, вада марская

Сцякае з валасоў, нібы з пяску,

І ў беразе, дзе ты ляжыш, знікае,

І ў небе сонца, як на валаску,

Вісіць над морам, дзе бялее ветразь

І чорны човен стомлена плыве

Насустрач невядомасці і ветру

У кірунку тым, дзе Беларусь жыве…

 

 

* * *

У Вашым позірку вясна і неба

Жывуць, трымаючы ў сабе святло,

Што з золата анёльскага і срэбра

Саткана для таго, каб не было

Самоты ў свята, дзе ўладараць ружы —

Чырвоныя і белыя, як свет,

Дзе музыкі натхняючая сцюжа

У нашых душах пакідае след

І абуджае сэрцы для кахання,

З якога нарадзіліся і Вы,

Прыгожая, як роснае світанне

На дрогкіх промнях першае травы…

 

 

* * *

Жанчына голая, нібы папера.

Я вершы пацалункамі пішу.

Мне вочы выкалі, каб да Гамера

Я быў падобны, ды пакінь душу,

Што ветразем трапечацца на ветры,

Які мне сонца над зямлёй стушыў,

Дзе мне хапае, як паветра, веры

У тое, што нас Бог з табой стварыў,

Каб ты была бязгрэшнай, як папера,

Зноў на якой малітву напішу

І за цябе, й за беднага Гамера,

І за сваю наіўную душу…

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.