Вы тут

Іголка на дарозе


Як вы ратуецеся ад восеньскай хандры? Прынамсі я — натхняюся неверагоднымі прыгодамі сям'і Мумі Троляў, танцую па вечарах з мужам пад энергічныя песні Жанны Агузаравай і рыхтую прыемныя сюрпрызы блізкім...


Якраз у той момант, калі я падпісвала ў метро паштоўку сяброўцы, да мяне падсела даўняя знаёмая. На пытанне «як маешся?» Воля замест звыклага «нармалёва» цяжка ўздыхнула: «Неяк на душы няўтульна, можа прычоску памяняць? Ведала б ты, як я ненавіджу гэты шэры і дажджлівы горад!.. Вось бы пераехаць жыць за мяжу, туды, дзе лета круглы год — і ўсё дакладна змянілася б...»

...Жыў у шматлюднай вёсцы мужчына. І заўсёды ён быў нечым незадаволены. Хто б што ні зрабіў — усё яму не падабалася. І тое не так, і гэта не так. Нават надвор'е было нагодай для бурчання: у дождж яму патрабавалася сонейка, у сонечнае надвор'е — дождж. І вось аднойчы мужчына вырашыў: раз усе навокал як быццам згаварыліся раздражняць яго, то будзе лепш, калі ён адправіцца ў лес і пажыве там адзін. Балазе ведаў, што ў глушы стаяла закінутая хатка. Туды і накіраваўся, вырашыўшы: людзей там няма і раздражняць яго не будзе каму. І вось з-за дрэў паказаліся драўляныя аканіцы... Мужчына хацеў ужо ўзрадавацца, як раптам зачапіўся за корч і паляцеў у яр. Усхапіўся на ногі і пачаў лаяцца на чым свет стаіць. Потым вылез з яра, падышоў да хаткі, сеў на парог, задумаўся і... як засмяецца! Зразумеў, нарэшце, што куды б ні рушыў, усюды для яго знойдзецца нагода для незадаволенасці.

Калісьці я таксама ўцякала ад сябе і шукала паратунку ў цырульні ды за мяжой. Але з новай прычоскай ды каля мора — нічога не мянялася. Як было няўтульна ўнутры, так і заставалася... Да таго моманту, пакуль не зразумела адну важную рэч...

...Аднойчы ўвечары ў часы, калі яшчэ не было электрычнасці, жанчына шукала штосьці на дарозе каля свайго дома. Сонца ўжо амаль зайшло, пакрысе змяркалася.

— Што ты шукаеш тут? — запыталіся жыхары суседніх дамоў.

— Я згубіла іголку.

— Дарога такая вялікая, а іголка такая маленькая. Знайсці яе будзе цяжка, але мы табе дапаможам. Толькі падкажы, дзе прыблізна яна ўпала...

— Справа ў тым, што яна ўпала зусім не тут, а ў доме.

— Дзівачка! Мы даўно прыкмецілі, што ты як не з гэтага свету! Калі іголка ўпала ў доме, навошта ж шукаеш яе на дарозе?

— Бо ўнутры дома цёмна, а звонку, пакуль не села сонца, яшчэ ёсць трохі святла.

Суседзі засмяяліся і сталі разыходзіцца па дамах.

— Пачакайце! Я ж толькі прытрымліваюся вашага прыкладу. Вы самі спрабуеце шукаць суладдзе ў вонкавым свеце, забыўшыся на першае і найважнейшае пытанне: дзе страцілі яго?.. А адказ вельмі просты: мы страцілі яго ўнутры саміх сябе. А шукаем звонку з той простай прычыны, што нашы вочы глядзяць вонкі — і там ёсць трохі святла.

Калі сапраўды хочаш, каб нешта змянілася, варта пачаць змены са сваёй душы, а не з прычоскі, абноўкі, месца жыхарства. Бо куды б ні накіраваўся, ты бярэш з сабой сябе. А ад сябе нельга ўцячы...

Праўда, часам трэба абысці ўвесь свет, каб зразумець, што скарб закапаны ля твайго ўласнага дома.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».